Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Электралічыльнікам — па кішэнях!


Улады прапануюць увесьці жорсткі ліміт на спажываньне электраэнергіі па цяперашніх коштах.

У выпадку прыняцьця дадаткаў, падрыхтаваных аб’яднаньнем «Белэнэрга», кожная лішняя кіляват-гадзіна будзе вылічвацца з падвойным каэфіцыентам (адпаведна, падаражэе ўдвая). У ведамстве спасылаюцца на тое, што зараз насельніцтва плаціць дзяржаве за электрычнасьць недастаткова.

Выканаўца абавязкаў намесьніка генэральнага дырэктара аб’яднаньня «Белэнэрга» Ніна Грачыха патлумачыла, што падштурхнула да ідэі пералічыць аб’ёмы спажываньня электраэнэргіі насельніцтвам:

«Што стала прычынай абмеркаваньня пытаньня падвышэньня тарыфаў для насельніцтва? Найперш, толькі 30% выдаткаў пакрываюцца насельніцтвам. І дзеля таго, каб захаваць канкурэнтаздольнасьць нашага рэальнага сэктара, каб стымуляваць насельніцтва выкарыстоўваць энэргію рацыянальна, прапанавана разгледзець гэтае пытаньне, якое можа быць вырашана двума шляхамі. Альбо проста падвышэньнем тарыфаў для насельніцтва (ужо ёсьць такая праграма, ухваленая ўрадам і прэзыдэнтам), у адпаведнасьці з чым да 2015 году мы павінны дасягнуць узроўню тарыфаў для насельніцтва, які забясьпечыць 100-працэнтнае пакрыцьцё выдаткаў на вытворчасьць электраэнэргіі. Альбо іншы варыянт, які мы зараз і разглядаем, — гэта ўкараненьне так званых дыфэрэнцыяваных тарыфаў. Уводзіцца сацыяльны пакет, калі кожны грамадзянін мае права атрымаць сацыяльную ільготу».

Начальнік упраўленьня збыту энэргіі гэтага ж ведамства Сяргей Шабека на лічбах паказаў, якія пэрспэктывы чакаюць беларусаў у выпадку рэалізацыі дзяржаўнай ініцыятывы:

«У залежнасьці ад колькасьці зарэгістраваных грамадзянаў у жылым памяшканьні і сэзоннасьці спажываньня электрычнай энэргіі (ацяпляльны і міжацяпляльны пэрыяд) мы спыніліся на наступных аб’ёмах: для катэгорыі грамадзянаў, у якіх усталяваныя электрапліты, у міжацяпляльны пэрыяд для аднаго чалавека прапануем вызначыць аб’ём у 120 кВт/гадзіну, для кожнага наступнага зарэгістраванага — па 20 кВт/г. У ацяпляльны пэрыяд ільготныя аб’ёмы пачынаць з узроўню на аднаго чалавека 135кВт/г і, адпаведна, па 20кВт/г на кожнага дадаткова зарэгістраванага. Калі гаварыць пра жылыя памяшканьні, дзе ўсталяваныя газавыя пліты, то гаворка пра першы сацыяльны ўзровень электраспажываньня на аднаго чалавека ў міжацяпляльны пэрыяд — 70 кВт/г, у ацяпляльны — 80 кВт/г. Адпаведна, на кожнага дадаткова зарэгістраванага грамадзяніна — па 15 кВт/г».

Пры гэтым Сяргей Шабека ўдакладніў: калі перабраць электраэнэргіі звыш лімітаванай, то каэфіцыент налічэньня аплаты будзе падвойны:
Звыш гэтага сацыяльнага аб’ёму будзе аплачвацца па 595,9 рублёў за кожную кіляват-гадзіну

«Агульнавядома, што ад 1 жніўня вызначаныя наступныя тарыфы: для грамадзянаў, у якіх жылыя памяшканьні абсталяваныя электраплітамі, тарыф складае 250 рублёў за кіляват-гадзіну. Для грамадзянаў, у якіх усталяваная газавая пліта, — 295 рублёў за кВт/г. Мы разглядаем магчымасьць, калі будзе перавышаны сацыяльны аб’ём, што звыш гэтага сацыяльнага аб’ёму будзе аплачвацца па 595,9 рублёў за кожную кіляват-гадзіну. І ў дадзеным выпадку ўжо незалежна ад газавай ці электрапліты. То бок гэта прыкладна каэфіцыент 2».

Увёўшы дыфэрэнцыяваныя тарыфы, «Белэнэрга» спадзяецца дадаткова зарабіць за год у сярэднім 50 мільярдаў рублёў.

Колішні кіраўнік камунальнай гаспадаркі Менску, эканаміст Іван Анташкевіч прадказвае аднолькавы фінал любой ініцыятыве з падвышэньнем аплаты як за электраэнэргію, так і за іншыя паслугі. І галоўная праблема — пустыя кішэні беларусаў:

«Вядома, можна і так рабіць, як яны прапануюць, можна інакш — больш рэзка. Але ўся праблема ў тым, што эканоміка не рэфармаваная, не мадэрнізаваная, зарплата такая, якая ёсьць. І што б ты ў гэтай сытуацыі ні рабіў, як бы ні рабіў, але атрымліваецца, што хочаш дастаць з кішэні ў насельніцтва, у якога грошай і так няма. Гэта, на мой погляд, асноўная праблема. Мы ўжо і так спрабавалі, і так — і ўсё з адным вынікам. Дзяржаўныя чыноўнікі таксама маюць шмат досьведу: тыя ж урадавыя экспэрты, прафэсійныя эканамісты ў курсе таго, што нешта трэба рабіць, шукаюць нейкія варыянты, каб гэта менш балюча ўдарыла па людзях. Але яны ўсё роўна б’юць па кішэні чалавека, бо ўся праблема ў заробках, у пэнсіях».

У профільных ведамствах удакладняюць, што ідэя дыфэрэнцыяваных тарыфаў не абмяжоўвае насельніцтва ў аб’ёмах спажываньня электраэнэргіі. Але рэальна ўкласьціся ў сацыяльныя нарматывы змогуць хіба толькі тыя, хто пачне адмаўляць сабе ў самых надзённых патрэбах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG