Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даўжнікоў выселяць у вёскі


Многія людзі ў Беларусі ня могуць своечасова аплачваць камунальныя паслугі. Сума кватэрных неплацяжоў сёлета – найбольшая за апошнія гады: у розных рэгіёнах больш за 180 тысяч чалавек вінаватыя разам амаль 28 мільярдаў рублёў.

Прычыны такой сытуацыі дасьледавалі журналісты нашага радыё.

ВІЦЕБШЧЫНА

Арыгінальны мэтад ліквідацыі запазычанасьці за камунальныя паслугі вынайшла прадпрыемства «Докшыцы-камунальнік». Гэтая структура сьпісвае грашовыя даўгі па аплаце кватэры на суму здадзенага мэталалому або макулятуры.

Агульная запазычанасьць за «камуналку» ў сакавіку сёлета складала ў Докшыцкім раёне больш за 60 мільёнаў рублёў. Але за апошнія некалькі тыдняў яна істотна зьнізілася, распавёў мясцовы жыхар, спадар Васіль, які заўважыў у раённай газэце «Родныя вытокі» такую аб'яву:

«Там быў нумар тэлефона і паведамленьне, што запазычанасьць за камунальныя паслугі можна пагасіць, здаўшы другасную сыравіну. Я нават патэлефанаваў: што гэта робіцца такое цікавае? Аказалася, прадпрыемства «Докшыцы-камунальнік» зьбіраецца такім чынам забіць двух зайцоў: выканаць плян збору другаснай сыравіны і ліквідаваць запазычанасьць».

Да тых, хто хоча здаць другасную сыравіну, камунальнікі выпраўлялі грузавік. Аднак, калі сродкі масавай інфармацыі напісалі пра гэткі «сэрвіс», докшыцкая ініцыятыва ледзьве ня скончылася поўным правалам, працягвае спадар Сяргей:

«У асноўным здавалі мэталалом – некалькі чалавек здалі свае старыя машыны. Салідныя атрымаліся сумы! Машыну здаў – і за ўсё расплаціўся! Але потым быў вялікі «шухер», бо «Докшыцы-камунальнік» ня мае ліцэнзіі на збор мэталалому. Ім сказалі, што займаюцца яны гэтым незаконна і каб хутка спынялі гэтую справу. Так што цяпер прымаюць толькі макулятуру, плястык, анучы – такую другасную сыравіну».

Тыя, хто пасьпеў, здавалі мэталалом па 1560 рублёў за кіляграм, а кіляграм макулятуры каштуе ўсяго 240 рублёў. Здаўшы старыя газэты, запазычанасьць за камунальныя паслугі не пагасіш, і колькасьць даўжнікоў ужо так імкліва не зьмяншаецца.

У Гарадку – «Дошка ганьбы»


У райцэнтры Гарадок прозьвішчы тых, хто завінаваціўся за камунальныя паслугі, мясцовае прадпрыемства кацельных і цеплавых сетак разьмяшчае на адмысловай «Дошцы ганьбы». Мясцовы актывіст руху «За свабоду» Леанід Гаравы патрабуе, каб яе ліквідавалі:

«Чалавек можа з розных прычын не плаціць. Зьмяшчаць яго імя і прозьвішча на «Дошку ганьбы» – гэта зьнявага чалавечай годнасьці, тады гэта «дошка зьнявагі». Была б нейкая «Дошка інфармацыі» – іншая справа».

Разьмяшчэньне інфармацыі пра няплатнікаў можа стацца і небясьпечным, лічыць спадар Гаравы, бо на Гарадоччыне актывізаваліся «чорныя рыэлтэры»:

«Пальмінка – прыстанак даўжнікоў»


«Чорныя рыэлтэры» даведваюцца, дзе ёсьць даўжнікі, выкупляюць іхнае жыльлё, абяцаючы пагасіць даўгі, і прапануюць наўзамен іншыя кватэры. Так былыя жыхары Віцебску ці Менску апынаюцца ў нашай Пальмінцы! Такіх ужо зь дзясятак чалавек. Тут яны не адаптаваныя, і зноў набіраюцца запазычанасьці».

Пальмінка – гэта аграгарадок, дзе ёсьць некалькі дамоў з добраўпарадкаванымі кватэрамі. У іх таксама жывуць даўжнікі. Калі на іхнае месца «чорныя рыэлтэры» засяляюць гараджан, то вяскоўцам наўзамен прапануюць жытло без выгодаў, а хтосьці з гэтага мае барыш.

ГОМЕЛЬШЧЫНА

У Гомелі 194 тысячы асабовых рахункаў для аплаты камунальных паслуг. Паводле зьвестак гарадзкой службы ЖКГ, блізу 4 адсоткаў гараджанаў маюць запазычанасьць па плацяжах за камунальныя паслугі.

Багата такіх няплатнікаў у Савецкім раёне абласнога цэнтру. У раённым камунальным прадпрыемстве «Савецкае» паведамілі, што сталі замацоўваць сваіх супрацоўнікаў за дамамі, каб яны не пакідалі ў спакоі даўжнікоў:

«За кожным домам службоўцы замацаваныя, за злоснымі няплатнікамі – канкрэтныя людзі замацаваныя. Разьлікова-даведачныя цэнтры створаныя – яны ўсе працуюць».

Некалькі дзясяткаў чалавек у горадзе ня плацяць за кватэры гадамі. Як правіла, гэта тыя, хто ня мае пэўнага занятку й злоўжывае алькаголем. Зь імі судзяцца, і нярэдка суды сканчаюцца высяленьнем з кватэраў.

У Хойніках дасылаюць каляровыя «жыроўкі»


У Хойніках мясцовыя камунальнікі пачалі дасылаць няплатнікам рознакаляровыя «жыроўкі». Гаворыць прадстаўнік камунальнай службы спадар Ігар:

«Мы друкуем даўжніку паведамленьне, «жыроўку», на каляровай паперы. Калі няплата ад 3 да 6 месяцаў, то гэта як сыгнал сьвятлафора: жыроўка такога мяккага колеру – зялёнага ці жоўтага. Калі запазычанасьць 6 месяцаў і больш, то жыроўка чырвонага колеру. Як сыгнал сьвятлафора, што вы ў небясьпецы – вы даўжнік у аплаце камунальных паслугаў».

«Адразаюць трубу і ставяць заглушку»


Калі падобныя папярэджаньні ня дзейнічаюць, камунальнікі праз натарыюса афармляюць афіцыйныя патрабаваньні й дасылаюць афіцыйныя папярэджаньні пра адключэньне камунальных паслуг:

«Пасьля таго як няплатніку паведамілі пра адключэньне, праз 5–6 дзён прыходзіць наш супрацоўнік, кантралёр, прыходзіць сьлесар, які й блякуе водазабесьпячэньне. Фактычна адразае трубу й ставіць заглушку.

Каб аднавіць энэрга- ці водазабесьпячэньне, гаспадару трэба ня толькі пагасіць доўг за паслугі, але й аплаціць працу спэцыяліста – 26 тысяч за аднаўленьне падачы электраэнэргіі і 31 тысячу – за ваду.

Цяпер у Хойніцкім раёне звыш 800 асабовых рахункаў, на якія ў час не паступілі камунальныя плацяжы. Амаль палова зь іх маюць запазычанасьць звыш 3 месяцаў, а некаторыя нават 2–3 гады.

У студзені раённай камунальнай службе давялося праз суд выселіць з кватэры пэнсіянэра, які тры гады ня сплачваў камунальныя паслугі й давёў кватэру да антысанітарнага стану.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

У гэтым рэгіёне за кватэры ня плаціць да дзесяці адсоткаў насельніцтва. Напрыклад, у Карэліцкім раёне – больш за шэсьць адсоткаў няплатнікаў, у Івейскім – дзевяць, а ў Ашмянскім – амаль дзесяць.

У Лідзе раней першымі прыдумлялі новыя спосабы змаганьня зь няплатнікамі. Напрыклад, пачалі друкаваць прозьвішчы з адрасамі ў плацёжках, і пра гэтых людзей даведаўся ўвесь горад.

Вядома, што некаторыя жыхары не аплочваюць камунальныя плацяжы па некалькі гадоў. Агульная запазычанасьць па Гарадзенскай вобласьці дасягае амаль трох мільярдаў рублёў.

Гэтымі днямі ў гарадзенскі друк трапіла інфармацыя пра здарэньне са спадарыняй, якая схавалася пад ложкам, калі прыйшлі яе высяляць. Яна завінавацілася восем мільёнаў рублёў. За гэта яе перасялілі ў горшае жытло.

Даведка


Паводле зьвестак Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, у Беларусі цяпер больш за 186 тысяч даўжнікоў за паслугі ЖКГ. Агульная сума пратэрмінаванай запазычанасьці складае блізу 28 мільярдаў рублёў.

За няплату ў 2011 годзе выселілі каля 150 чалавек. У іншых выпадках камунальнікі абмяжоўваліся адключэньнем вады, электрычнасьці і газу, а таксама пазовамі ў суд на спагнаньне запазычанасьці.

Камэнтар


Старшыня сталай камісіі палаты прадстаўнікоў па жыльлёвай палітыцы, будаўніцтве, гандлі й прыватызацыі Галіна Палянская заявіла сёньня «Свабодзе», што цяпер даўжнікоў за паслугі ЖКГ ня будуць «высяляць у нікуды».

Акрамя таго, суразмоўца патлумачыла прычыны затрымкі заканадаўчага дакумэнту – новага Жыльлёвага кодэксу Беларусі, які павінен разьвязаць, у прыватнасьці, цяперашнія праблемы з аплатай паслугаў ЖКГ:

«Я і цяпер не магу сказаць, калі будзе прыняты Жыльлёвы кодэкс. Спадзяюся, што ўсё-ткі прымем, бо гэты дакумэнт вельмі чакаюць на месцах, асабліва тыя людзі, якія сталі ўласьнікамі жыльля й імкнуцца быць гаспадарамі ня толькі на словах.

Больш за тое, у нашым цяперашнім жыцьці шмат зьявілася новага. Нам увогуле патрэбная новая канцэпцыя жыльлёвай палітыкі».

Адна з прапановаў праекту новага Жыльлёвага кодэксу, у прыватнасьці, – гэта прымусовае высяленьне няплатнікаў у меншыя па плошчы кватэры ў ваколіцах гарадоў альбо ў вёскі, якія ў гэтым выпадку ператворацца ў своеасаблівыя «камунальныя гета».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG