Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рызыка для стабільнасьці курсу беларускага рубля павялічваецца»


Барыс Жаліба
Барыс Жаліба
Афіцыйная беларуская статыстыка зафіксавала за ліпень абвальнае падзеньне станоўчага сальда замежнага гандлю, якое зьменшылася з 430 да 23 мільёнаў даляраў. Якія чыньнікі паўплывалі на гэты працэс, ці стаў ён вынікам прыкрыцьця Масквой скандальнай схемы экспарту растваральнікаў ? Ці азначае гэта, што стабільнасьць курсу беларускага рубля цяпер пад сур’ёзнай пагрозай пагрозай? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Барыс Жаліба.

Цыганкоў: «Назіральнікі тлумачаць такое кардынальнае зьмяншэньне станоўчага сальда найперш тым, што спынілася схема экспарту растваральнікаў з расейскай нафты бяз выплаты экспартнага мыта ў расейскі бюджэт. І як на гэтым фоне выглядаюць пэрспэктывы балянсу замежнага гандлю — з улікам таго, што схема з растваральнікамі будзе цалкам закрытая ад жніўня?»

Жаліба: «Так, я згодны з тымі аналітыкамі, якія адзначаюць, што Расея перакрыла пастаўкі нафты — а гэта сыравіна для вырабу растваральнікаў, якія не абкладаюцца мытам, што істотна пагоршыла наш экспартна-імпартны балянс.

Аднак трэба дадаць і іншы чыньнік. Другі артыкул па паступленьні валюты — гэта калійныя ўгнаеньні. І, наколькі я ведаю, на гэтым рынку рынкавая каньюнктура для беларусаў моцна пагоршылася. Па-першае, ёсьць лішак угнаеньняў на сусьветным рынку, гэта зьніжае цэны. А па-другое, нашы асноўныя пакупнікі — Кітай і Індыя — не сьпяшаюцца заключаць кантракты на наступны год, зацягваюць перамовы, і гэта таксама аказвае ўплыў на беларускі экспарт».

Цыганкоў: «Станоўчае сальда замежнага гандлю аказвала пазытыўны ўплыў на стабільнасьць беларускага рубля. Але, разам з тым, ёсьць шэраг нэгатыўных чыньнікаў, якія нікуды ня зьніклі — неабходнасьць выплачваць замежныя пазыкі, падвышэньне пэнсіяў і заробкаў. Пасьля таго, як гандлёвае сальда пагоршылася, ці ня ўзьнікла зноў пагроза стабільнасьці курсу беларускага рубля?»

Жаліба: «Я згодны, што рызыка для стабільнасьці курсу беларускага рубля павялічваецца. У верасьні ўлады ўсё ж падвысілі тарыфную стаўку на 7 працэнтаў, заплянаванае хутка і наступнае падвышэньне. Да таго ж падыходзіць ацяпляльны сэзон, павялічыцца расход газу і гэтак далей. Усё гэта можа пагоршыць сальда нашага гандлёвага балянсу, і гэта прывядзе да таго, што беларускі рубель можа не ўтрымацца ў заплянаваных парамэтрах».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG