Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Сапраўдная апазыцыя змагалася б да канца


1 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што апазыцыя, заклікаючы да байкоту парлямэнцкіх выбараў, дзейнічае ў інтарэсах пэўных замежных сілаў:

«Калі б гэта была сапраўдная апазыцыя, то яна змагалася б да канца за ўладу, за інтарэсы народу. А гэта пятая калёна, яны дзейнічаюць у інтарэсах пэўных сілаў, якія знаходзяцца ў тым ліку і за межамі нашай краіны».

Кіраўнік дзяржавы таксама сказаў, што пятая калёна будзе дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне:

«Калі ты ня верыш, што пераможаш, то не патрэбна ад самага пачатку хадзіць на гэтыя выбары ў якасьці кандыдата». Лукашэнка дадаў, што ў дзеяньнях апанэнтаў улады «няма ніякай апазыцыйнасьці»:

«Ёсьць абсурдная праца, каб разбурыць выбарчы працэс. А калі пашанцуе, то і краіну», — паведамляе «Інтэрфакс».

Марголін: «Лукашэнка гаварыў, як заўсёды, бяздоказна»


Леў Марголін
Леў Марголін
Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін — кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня камэнтуе для «Свабоды» выказваньні кіраўніка дзяржавы:

«Як заўсёды, гучна. І як заўсёды, бяздоказна. Калі б ён насамрэч меў доказы таго, што апазыцыя дзейнічае ў інтарэсах нейкіх замежных колаў, і што гэта выцякае з таго, таго і таго, то ён бы гэта абавязкова сказаў. А так атрымліваецца, як кажуць людзі: пракукарэкаў, а там няхай і не сьвітае.

Калі б гэта былі сапраўдныя выбары, і калі б улада была зацікаўленая, каб апазыцыя паўнавартасна ўдзельнічала ў іх, то яна запрасіла б апазыцыю (дрэнную ці добрую, уплывовую ці не ўплывовую) і спытала: а што мы можам зрабіць, каб да правядзеньня выбараў не было ніякіх прэтэнзіяў? І мы б сказалі.

А што цяпер гаварыць, калі выступы кандыдатаў у дэпутаты ад АГП не пускаюць у эфір. Мы зьнялі з выступаў адкрытыя заклікі да байкоту. І гаворым толькі пра тыя прэтэнзіі, якія мы маем да выбараў. А выбарцы няхай вырашаюць самі, што рабіць далей. Але нават такія выступы ў эфір не пускаюць. І пра якія тады выбары можна весьці гаворку?».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG