Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Роварны чэмпіён Лэнс Армстранг зракаецца тытулаў


Сусьветна вядомы амэрыканскі шасэйны раварыст Лэнс Армстранг заявіў 23 жніўня, што ён перапыняе сваё змаганьне з абвінавачаньнямі ў прыманьні допінгу і адмаўляецца ад сваіх спартовых тытулаў.

Лэнс Армстранг (нар. 1971) устанавіў сусьветны рэкорд, выйграўшы сем разоў запар Tour de France (1999-2005), самую прэстыжную шматдзённую роварную гонку ў сьвеце. Падчас гэтых перамогаў усе антыдопінгавыя тэсты Армстранга давалі адмоўны вынік.

Посьпехі Армстранга выклікалі ўсеагульнае захапленьне яшчэ і таму, што ў спартоўца ў 1996 годзе лекары выкрылі рак яечкаў з мэтастазамі, якія распаўсюдзіліся на лёгкія і мозг. Армстранг выйграў змаганьне з ракам, але прайграў змаганьне з Антыдопінгавым агенцтвам ЗША, якое абвінаваціла яго ў прыманьні забароненых у спорце рэчываў.

«У жыцьці кожнага чалавека надыходзіць момант, калі яму трэба сказаць — ужо досыць. Для мяне такі момант надышоў якраз цяпер. З абвінавачаньнямі, што я ашукваў і меў несправядлівую перавагу, калі перамагаў у Tour de France, я змагаўся ад 1999 году» — сказаў Армстранг у адмысловай заяве 23 жніўня.

Антыдопінгавае агенцтва ЗША лічыць, што Армстранг прымаў недазволеныя рэчывы падчас гонак, а таму ён павінен быць пазбаўлены ўсіх сямі тытулаў пераможцы Tour de France.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG