Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Навошта ўдзельнічаць у падмане і хадзіць на такое „галасаваньне“?…»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко
Выбарчая кампанія, якая працягваецца ў Беларусі, адбываецца паводле старога сцэнару, ня раз адпрацаванага ўладай на працягу мінулых васемнаццаці гадоў. Прадстаўнікоў апазыцыі ў выбаркамы практычна не дапусьцілі — значыць, падлік галасоў будзе праходзіць гэтак жа, як і раней — у вузкім коле набліжаных да ўлады асобаў.

На тэму выбараў — значная частка лістоў, якія мы атрымліваем у гэтыя жнівеньскія дні. Вось што піша Уладзімер Гайдукевіч з Бабруйску, з допісу якога пачну сёньняшнюю размову:

«Хоць гаворка ў нас ідзе нібыта пра выбары дэпутатаў (гэта значыць, пра галіну ўлады, якая лічыцца незалежнай), у нашай краіне, дзе ўсім кіруе адзін чалавек (прэзыдэнт), дэпутаты нічога не вырашаюць. І калі вы гаворыце, што ўлада нешта не дазваляе, то ва ўмовах Беларусі гэта трэба разумець інакш: прэзыдэнт не дазваляе. Дык у такім разе і трэба так гаварыць: прэзыдэнт праводзіць выбары і плаціць дэпутатам народныя грошы, якіх тыя не зарабляюць, — дзеля таго, каб паказаць сьвету, што і ў нас, як і ў нармальных краінах, нібыта таксама дэмакратычны лад кіраваньня. Самі то мы ж ведаем, што гэта ня так. Дык чаму ў такім разе ідзем на падман і ходзім галасаваць?

Але «вумныя» галовы з апазыцыі (у іх ліку нават прафэсары) заклікаюць удзельнічаць у выбарах. А мо нашы прафэсары не зусім разумныя галовы?

Вось таму я і прапаную ня браць удзел у гэтых псэўдавыбарах. Паказуха гэта — больш нічога.
Вы на выбары цяпер,
Лепей не хадзіце,
Каб не траціць марна час,
Дома пасядзіце.
Ужо даўно ўлада ў нас,
Пра народ ня зычыць,
Усё адно ваш бюлетэнь
Ніхто не палічыць
».

Сапраўды, ніякіх ілюзіяў адносна вынікаў гэтых выбараў сярод большасьці грамадзтва няма. Некаторыя лідары апазыцыі нават прапануюць Лукашэнку адкрыта прызначыць дэпутатамі тых асобаў, якіх ён даўно вылучыў і якія, без сумневу, будуць абвешчаны пераможцамі, — і такім чынам не праводзіць бескарыснага псэўдагаласаваньня, заашчадзіць бюджэтныя грошы.

Зрэшты, улада наўрад ці пойдзе на гэта. Дэмакратычныя рытуалы і дэкарацыі — даўняя савецкая традыцыя. Хто ў Савецкім Саюзе ўсур’ёз успрымаў якія б то ні было выбары ці абраных у выніку аднадушнага галасаваньня дэпутатаў? Аднак жа выбарчая працэдура спраўна выконвалася на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў. Увесьці ў зман яна нікога не магла, але камуністычным лідарам, напэўна, здавалася, што гэтак яны выглядаюць у вачах уласнага народа і замежнай грамадзкасьці больш прыстойна. Маўляў, якія ж мы узурпатары: нас выбіраюць…

✉ ✉ ✉

Наступны ліст даслала нам Хрысьціна Багданоўская з пасёлка Акцябрскі Смалявіцкага раёна. Юную слухачку турбуе тое, што беларусы сёньня надзвычай мала чытаюць. У сваім лісьце на «Свабоду» Хрысьціна піша:

«Пайшла я нядаўна ў бібліятэку. Выбрала пару кніжак Быкава і вырашыла яшчэ замовіць што-небудзь гістарычнае. На мой запыт бібліятэкаркі перапыталі:

— Дык вам пра вайну?

— Не, — кажу. — Што-небудзь з больш даўняй гісторыі Беларусі.

У адказ пачула: „А хіба да вайны ў нас што-небудзь было?“

Убачыўшы, што ў пытаньні гістарычнай літаратуры мы адзін аднаго не зразумеем, трохі падумаўшы, цікаўлюся:

— А Гётэ ў вас ёсьць?

І зноў чую адказ, які выклікае ў мяне вялікае ўзрушэньне.

— А ён замежны пісьменьнік? — пытаецца ў мяне бібліятэкарка.

Пачуўшы ад мяне станоўчы адказ, яна ўзрадавана кажа:

— Ну, тады Вам вунь тая палічка…

І яшчэ адно цікавае бібліятэчнае назіраньне. Гляджу бібліятэчную картку на вокладцы кнігі Караткевіча „Хрыстос прызямліўся ў Гародні“. Кніга ня новая, 80-га года выданьня. Па картцы бачна, калі яе бралі. Першы раз — у ’81 годзе, другі — у ’82; трэці — у ’83; потым — у ’90… І ўсё. З Быкавым — тая ж самая карціна. А „Фаўста“ Гётэ за ўвесь час увогуле ніхто ня браў — ні разу за трыццаць гадоў. Асабіста для мяне выснова тут відавочная. Як кажа з гэтай нагоды мой бацька, выратаваць гэту краіну здольная не эканоміка, а тым больш — не ідэалёгія і не прапаганда, а толькі адраджэньне нацыянальнай культуры».

Напрыканцы ліста Хрысьціна крыху напісала пра сябе:

«Пішу вам ня часта, бо, зважаючы на узрост (маю 14 гадоў) у мяне надта шмат розных спраў. Вучуся ў гімназіі-каледжы мастацтваў імя Ахрэмчыка. Граю на беларускім народным інструмэнце — цымбалах. З цікавасьцю сачу за ўсімі навінкамі „Бібліятэкі Свабоды“».

Прыемна даведацца, Хрысьціна, што, маючы безьліч спраў, Вы знаходзіце магчымасьць шмат чытаць, у тым ліку тыя кнігі, якіх школьная праграма не вымагае. Сярод Вашых равесьнікаў гэта сёньня — не такая ўжо і распаўсюджаная зьява.

Што да Вашых сумных бібліятэчных назіраньняў. На жаль, узровень аплаты працы бібліятэкара ў Беларусі цяпер такі, што высокаадукаваных спэцыялістаў у бібліятэцы сустрэнеш ня часта. Ня думаю, што выпускнікі Ўнівэрсытэту культуры ня ведаюць, на якой мове пісаў Гётэ. Але ці даязджаюць тыя выпускнікі з дыплёмамі да беларускіх бібліятэк? Ведаю, што вельмі часта раённыя аддзелы культуры вымушаны браць на шматлікія вакантныя месцы ў бібліятэкі людзей, як кажуць, «з вуліцы» — без усялякай адукацыі.

✉ ✉ ✉

Тыдзень таму ў Лёндане скончыліся ХХХ Алімпійскія гульні. Медалёвы плян, даведзены Лукашэнкам спартоўцам, быў выкананы толькі напалову. Пра Алімпіяду і яе наступствы для беларускага спорту піша ў сваім лісьце на «Свабоду» наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў, што на Віцебшчыне:

«І чым гэта Лукашэнка незадаволены, што паабяцаў разборкі ўчыніць айчыннаму спартоваму істэблішмэнту — не разумею. Як па мне, дык выступілі нашы алімпійцы нядрэнна. Ва ўсякім разе, ня горш, чым у Афінах ці Атланце (там мы былі на 26-м і 37-м месцах адпаведна, сёлета — на 23-м). Па колькасьці мэдалёў мы далёка абыйшлі нават такія краіны, як Польшча, Канада, Швецыя, Румынія. З краін былога СССР нас апярэдзілі толькі Расея, Казахстан ды Ўкраіна. Канешне, можна пазайздросьціць, напрыклад, невялікай, як Беларусь, Вугоршчыне, якая ўвайшла ў дзясятку. Але ж гэта — спорт, тут павеў ветрыку ня ў той бок можа пазбавіць цябе мэдаля, адкінуць з першага месца на дзесятае! Ды й іншыя спартоўцы ня сьпяць у шапку, рвуцца да перамогі як мага! Дык чаго тут рваць на сабе валасы, пасыпаць галаву попелам і пагражаць расправай ні ў чым не вінаватым людзям? Ці гэта ўжо такі стыль кіраўніцтва — падтрымліваць у падначаленых пачуцьцё віны? Ці імкненьне нанесьці папераджальны ўдар — каб ні ў каго нават у думках не ўзьнікла абвінаваціць самага галоўнага спартовага чыноўніка-генэралісімуса, Старшыню Нацыянальнага Алімпійскага камітэту Лукашэнку Аляксандра Рыгоравіча?

А чаму б і не? Вось я, шараговы грамадзянін Рэспублікі Беларусь, пэнсіянэр, вэтэран працы, паспрабую ўключыць сваю фантазію на поўную магутнасьць і ўявіць неверагоднае: быццам я — Прэзыдэнт краіны і праводжу нараду па выніках Алімпіяды-2012. У мяне адразу узьнікае шэраг пытаньняў да старшыні Нацыянальнага Алімпійскага Камітэту. Хачу зьвярнуць увагу: я, у адрозьненьне ад таго, як звычайна зьвяртаецца да сваіх падначаленых сапраўдны прэзыдэнт, зьвярнуся да яго на «Вы», — піша ў сваім лісьце на «Свабоду» Кастусь Сырэль з Ушачаў. — Я спытаў бы ў яго: «Растлумачце нам, шаноўны спадар Лукашэнка, чаму вы зрабілі такі ўхіл у фінансаваньні на карысьць толькі аднаго віду спорту — хакею? У лядовыя палацы вы ўклалі больш сродкаў, чым ва ўсе разам узятыя летнія віды спорту. І чаму гэта не прынесла ніякага плёну — хакейная каманда ледзь ня вылецела з вышэйшай лігі? Патлумачце нам таксама, якім гэта чынам вы, чалавек сталага ўзросту, безь пяці хвілін пэнсіянэр, які ніколі прафэсійна не займаўся спортам, апераджалі на лыжні маладых і здаровых алімпійскіх чэмпіёнаў, хай сабе і не на афіцыйных спаборніцтвах? А чаго вартыя хакейныя матчы з вашым удзелам? Гэтыя ж так званыя спаборніцтвы па тэлебачаньні паказваюць, на вас жа глядзіць уся краіна! Ці не здаецца вам, што такім чынам вы дыскрэдытуеце спорт, як такі? Спорт, шаноўны спадар, ня гейша, ён існуе не для вашай уцехі. Чаго ў такім разе вы можаце патрабаваць ад падначаленых вам чыноўнікаў, ад спартоўцаў?»

Потым я прапанаваў бы Нацыянальнаму Алімпійскаму камітэту адхіліць спадара Лукашэнку ад займанай пасады старшыні НАК, а на ягонае месца прызначыць каго-небудзь з вядомых спартоўцаў, неаднаразовых алімпійскіх чэмпіёнаў ці чэмпіёнаў сьвету. Ну, напрыклад, Кацярыну Карстан, ці яшчэ каго з падобнымі заслугамі — чаму не? Зразумела, зь іх згоды. Спортам у любым выпадку павінны займацца спартоўцы, а не адстаўныя дырэктары адсталых саўгасаў. Ці я ня маю рацыі?»

Удакладню, што свой ліст спадар Кастусь пісаў яшчэ да таго, як у першы пасьляалімпійскі дзень стала вядома пра допінгавы скандал і дыскваліфікацыю беларускай залатой мэдалісткі ў штурханьні ядра Надзеі Астапчук. Такім чынам, у мэдальным сьпісе Беларусь у канчатковым выніку не 23-я, а 26-я — паміж Харватыяй і Румыніяй. Цалкам дастойнае месца, якое адпавядае рэальнаму патэнцыялу Беларусі. Дарэчы, больш-менш у гэтай жа частцы выніковай табліцы мэдалістаў Беларусь фігуравала і да Лукашэнкі. Так што вялікага прагрэсу, нягледзячы на значныя фінансавыя інвэстыцыі ў спорт з боку дзяржавы, за мінулыя два дзесяцігодзьдзі не дасягнута.

✉ ✉ ✉

І на заканчэньне — кароткі ліст-водгук, ліст-пажаданьне ад Мікалая Хільтова зь Менску:

«Вельмі шкада, што цяпер немагчымыя прэзэнтацыі кніг зь «Бібліятэкі Свабоды» ў памяшканьні колішняга Дома літаратара. А як бы цікава было сустрэцца з вамі, чые галасы мы штодня чуем!..

Давайце ў эфіры часьцей слова Гілевічу, Вярцінскаму, Барадуліну, Бураўкіну. Няхай гучаць на хвалях «Свабоды» іх новыя творы ці ўспаміны пра вядомых асобаў. Жыцьцё працягваецца. Хаця краіна знаходзіцца ў страшэннай багне. Зьдзекі зь людзей — неймаверныя…»


Дзякуй, спадар Мікалай, Вам, а таксама ўсім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду».

Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, Паштовая скрынка 111.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG