Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штрафы за заклікі да байкоту


Судзяць за байкотныя пікеты
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:58 0:00
Наўпроставы лінк
У судзе Савецкага раёну Менску адбыўся разгляд адміністрацыйных спраў актывістаў партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Галіны Каржанеўскай і Ніны Лойкі. Ім прысудзілі па 300 тысячаў штрафу (3 базавыя велічыні) ў адпаведнасьці з артыкулам 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу, зьвінаваціўшы ў незаконным пікетаваньні. Актывісткі заклікалі да байкоту выбараў, зьбіралі подпісы за вызваленьне палітвязьняў, але вінаватымі сябе не прызналі.

Галіна Каржанеўская і Іна Лойка — сябры ініцыятыўнай групы чальца БХД і вылучэнкі на ўдзел у выбарах Марыны Хоміч. У рамках выбарчай кампаніі 1 жніўня каля Камароўскага рынку яны правялі пікет па зборы подпісаў за Марыну Хоміч. Адначасна актывісткі таксама зьбіралі подпісы за вызваленьне палітвязьняў і заклікалі байкатаваць галасаваньне.

Як гэта адбывалася паведамляе Іна Лойка: «Калі мы зьбіралі подпісы за Марыну Хоміч, то людзі больш абыякава ставіліся да тэмы выбараў. А вось калі мы пачалі зьбіраць подпісы за вызваленьне палітычных вязьняў, то людзі сталі больш актыўнымі. І гэта, пэўна, адна з прычын, што на нас склалі адміністрацыйны пратакол. Бо, відаць, не чакалі спэцслужбы. Вось гэты апэратар і зараз тут стаіць, які літаральна з-за пляча ўсё здымаў на відэакамэру, а людзі не баяліся і ўсё роўна ставілі подпісы. І ўлады —яны, пэўна, не жадаюць, каб такіх людзей было больш. Таму нас сюды і „запрасілі“.

Толькі праз тыдзень, 8 жніўня, на кватэру Галіны Каржанеўскай і Іны Лойкі прыйшоў участковы міліцыянт, які склаў пратакол паводле артыкулу 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу. Гэткім чынам, пікет, арганізаваны ў рамках выбарчай кампаніі, быў прызнаны незаконным, праведзеным без дазволу Менгарвыканкаму. Яшчэ адна асуджаная Галіна Каржанеўская таксама ня бачыць віны ў сваіх дзеяньнях і кажа, што іх судовая справа палітычна матываваная:

«Мы шмат дзе зьбіралі подпісы ў людных месцах за вызваленьне палітвязьняў. У тым ліку — Паўла Севярынцца — гэта наш лідар, наш сустаршыня і мы ня можам абстрагавацца. І я не лічу гэта такім цяжкім правапарушэньнем, каб ім займалася міліцыя, а не акруговая камісія. Акрамя таго, мы злавілі міліцыю на падтасоўцы — такая краіна, такая і сытуацыя».



Падтрымаць сябраў сваёй партыі ў суд прыйшоў таксама адзін з сустаршыняў БХД Віталь Рымашэўскі. Прысуд актывісткам ён назваў перасьледам за кампанію байкоту выбараў:

«Гэта суд паказальны, каб запалохаць астатніх удзельнікаў кампаніі актыўнага байкоту на гэтых выбарах. Таксама відавочна, што збор подпісаў за палітвязьняў і сама фармулёўка, і што менчукі актыўна ставілі свае подпісы за іх вызваленьне — усё гэта яшчэ больш раздражняе Лукашэнку, чым сама кампанія байкоту. Гэта беспрэцэдэнтна, каб за дазволены пікет Цэнтрвыбаркам ня меў прэтэнзій, а мела міліцыя і зараз у гэтым разьбіралася. Зазначу, што падчас ўсіх папярэдніх выбарчых кампаній подпісы можна было зьбіраць за што заўгодна. Гэта значыць, што ў нас ужо паліцэйская дзяржава, калі не ЦВК мае прэтэнзіі, а міліцыя і суд, не ЦВК выносіць папярэджаньне кандыдату, а людзей наўпрост судзяць. Зразумела, што аб прававой дзяржаве гаворка ісьці ня можа і што зьвярыны аскал гэтых выбараў відаць ужо зараз».

Галіна Каржанеўская і Іна Лойка паведамілі, што прысуд судзьдзі Савецкага раёну Аксаны Рэлявы яны абскарджваць ня будуць, але працягнуць сваю актыўную грамадзкую дзейнасьць, у тым ліку, скіраваную на вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG