Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускага міліцыянта могуць экстрадаваць з Эквадора ў Менск


Грамадзянін Беларусі Аляксандр Баранкоў лічыцца ў вышуку Інтэрпола. Зараз ён знаходзіцца ў крымінальнай турме Гарсія Марэна (у горадзе Кіта), куды быў зьмешчаны 7 чэрвеня, калі паліцыя Эквадора затрымала яго, паводле афіцыйнай вэрсіі, для праверкі юрыдычнага статусу знаходжаньня ў краіне.

Баранкоў прыехаў у Эквадор ў 2009 годзе. Паводле ягоных словаў, у Беларусі ён быў капітанам міліцыі, супрацоўнікам аддзела, які займаўся сачэньнем за дыпляматамі замежных амбасадаў і звычайнымі грамадзянамі. Паводле іншых крыніцаў, ён працаваў у АБЭП, і нібыта валодае нейкай важнай сакрэтнай інфармацыяй, а ўцёк зь Беларусі з прычыны нязгоды з палітыкай, якая праводзіцца Аляксандрам Лукашэнкам.

Пры канцы чэрвеня Лукашэнка наведаў Эквадор з афіцыйным візытам і, як сьцьвярджаюць сваякі Аляксандра Баранкова, урад хоча дамагчыся ад эквадорскага кіраўніцтва пазбавіць таго статусу ўцекача, каб потым запатрабаваць яго экстрадыцыі ў Беларусь.

Паводле кіраўніка прэсавай службы КДБ Аляксандра Антановіча, Баранкоў спачатку працаваў у Першамайскім РУУС Менска апэратыўнікам. Потым перайшоў працаваць у Дзяржаўны памежны камітэт. На яго заведзена крымінальная справа па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: падбухторваньне ў дачы хабару, атрыманьне хабару і махлярства.

«Ён займаўся вымагальніцтвам хабару. На кожнага прадпрымальніка знаходзілі нейкі кампрамат, казалі: маўляў, у дачыненьні да вас праводзяцца захады... І казалі: калі вы хочаце, каб справу закрылі, заплаціце нам грошы. У выніку некалькі сотняў тысяч даляраў ён выпатрабаваў такім чынам. Таму што эпізод не адзін быў, а эпізодаў было шмат».

Карэспандэнтка: «І зараз беларускі бок настойвае на ягонай экстрадыцыі?»

«Так. Нас цікавіць канкрэтнае крымінальнае злачынства».

Пару месяцаў таму Аляксндар Баранкоў зьвярнуўся па дапамогу ў грамадзкую ўстанову «Плятформа», якая абараняе правы зьняволеных. Намесьніца кіраўніка «Плятформы» Алена Красоўская-Каспяровіч таксама пацьвердзіла, што Аляксандар Баранкоў сапраўды былы супрацоўнік МУС:

«Адзінае, што нам не ўдаецца праверыць — гэта тое, што ён сапраўды валодае нейкай сакрэтнай інфармацыяй, якая сапраўды ўяўляе цікаваць для нашых праваахоўных органаў. Пакуль ён гэтую інфармацыю нідзе не прадастаўляў. Але бачачы, зь якім запалам яго хочуць экстрадыраваць у Рэспубліку Беларусь, верагодна, пэўная інфармацыя ў яго ўсё ж такі ёсьць».

Карэспандэнтка: «А што ён ад вас хацеў?»

«Ён знаходзіцца ў Рэспубліцы Эквадор. Яго, натуральна, ня вельмі задавальняе ўзровень жыцьця ў Эквадоры. Ён хацеў бы пераехаць ў якую-небудзь больш цывілізаваную краіну. Калі ён да нас зьвярнуўся, у яго была просьба, што калі раптам у яго пачнуцца якія-небудзь праблемы зь беларускім бокам, каб мы, прынамсі, пра яго ведалі і данесьлі інфармацыю як мага шырэй, каб прыцягнуць да гэтага ўвагу».

Уцёкі супрацоўнікаў беларускіх праваахоўных органаў з краіны — ня рэдкасьць. Гэта пачалося ня год- два таму. Яшчэ ў 2001-м папрасілі палітычнага прытулку сьледчы Дзьмітрый Петрушкевіч і былы пракурорскі работнік Алег Случак. У 2010 годзе зьбег капітан Вячаслаў Дудкін, «правая рука» тагачаснага міністра ўнутраных спраў Навумава; сьледчы Андрэй Пыжык з Жодзіна папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы. Літаральна месяц таму капітан міліцыі з Горадні Сяргей Макар зьехаў у адну з эўрапейскіх краінаў, прыгадаў былы міліцыянт Сяргей Парсюкевіч:

«Гэта пастаянна адбывалася. І прыкладаў такіх шмат. Калі я сам яшчэ працаваў, памятаю, што калі людзі, асабліва з АБЭП, сутыкаліся зь нейкімі пытаньнямі, што тычыліся мясцовых уладаў, ім давалі, што называецца «па руках». І хтосьці папросту пераставаў"капаць" у той бок, а хтосьці даходзіў да такой інфармацыі, што яму станавілася некамфортна ў гэтай краіне«.

Карэспандэнтка: «Як вы думаеце, ці выдадуць яго эквадорскія ўлады?»

«Наколькі я ведаю, паводле заканадаўства Эквадора, калі чалавек атрымаў палітычны прытулак, то яго ня выдадуць. І зараз, калі праверкай пацьвердзіцца, што палітычны прытулак ён атрымаў законна, яго ня выдадуць».

Артыкул 41 Канстытуцыі Эквадора гарантуе, што «грамадзяне, якія маюць статус бежанца або атрымалі дыпляматычны прытулак, карыстаюцца асаблівай абаронай, якую дзяржава абавязана паважаць і гарантаваць адмову ў высылцы такіх грамадзянаў». Але крыніцы з МЗС адзначаюць, што статус уцекача можа быць адменены ў выпадку, калі эквадорскім уладам стане вядома, што выезд з краіны паходжаньня або пражываньня ўцекача быў зьвязаны з ухіленьнем ад правасудзьдзя, у прыватнасьці, у сувязі з учыненьнем крымінальнага злачынства.

Аляксандр Баранкоў працягвае настойваць, што яго знаходжаньне ў Эквадоры зьвязана з палітычным перасьледам на радзіме, таму яго статус уцекача адмене не падлягае. Заява за яго подпісам, была перададзена ў МЗС адвакатамі яшчэ 3 ліпеня.

Пытаньне аб экстрадыцыі Баранкова павінен вырашыць у бліжэйшыя дні старшыня Нацыянальнага суду Эквадора.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG