Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы суд над Дашкевічам магчымы цягам месяца


Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

Зьняволены лідар «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч азнаёміўся з новай крымінальнай справай супраць сябе — «за злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі».

Цягам месяца можа пачацца новы суд над Дашкевічам. Калі яго прызнаюць вінаватым, яму пагражае яшчэ адзін год пазбаўленьня волі.

Пра падрабязнасьці абвінавачаньняў Зьміцер Дашкевіч паведаміў у лісьце да сваёй нявесты, Насты Палажанкі, якая таксама зьяўляецца намесьніцай старшыні «Маладога фронту». Тая кажа, што акрамя абвінавачаньняў, Зьміцер азнаёміўся і з характарыстыкамі на сябе:

«Адзінае, што ён цытуе, гэта тое, што ён ня ўжываецца зь іншымі зьняволенымі, адмоўна на іх уплывае, не паддаецца перавыхаваньню і прымае рашэньні, кіруючыся толькі сваімі інтарэсамі. Тут ён камэнтуе, што безумоўна некаторым хацелася б, каб ён кіраваўся іх інтарэсамі».

Зьміцер Дашкевіч разам з актывістам «Маладога фронту» Эдуардам Лобавым быў затрыманы ў Менску за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў, 18 сьнежня 2010 году. Іх абвінавацілі ў зьбіцьці двух чалавек.

24 сакавіка 2011 году суд асудзіў Дашкевіча да двух гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, а Лобава да чатырох гадоў.

Пацярпелых Алега Малышава і Канстаціна Савіцкага, якіх нібыта пабілі Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў, ніхто на працэсе так і ня ўбачыў. Суд ужыў да іх асаблівыя ахоўныя захады, таму што яны, маўляў, баяцца помсты родных і паплечнікаў Дашкевіча ды Лобава. Таму свае паказаньні яны давалі з суседняга з судовай заляй пакоя, праз прыадчыненыя дзьверы. Зьміцер Дашкевіч на судзе заявіў, што бойка, пасьля якой яго арыштавалі, была справакаваная ўладамі, каб нэўтралізаваць яго перад выбарамі.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала лідэра «Маладога фронту» вязьнем сумленьня.

У верасьні мінулага года Дашкевічу прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні, але ён адмовіўся. Апошнім часам яго неаднаразова зьмяшчалі ў штрафны ізалятар і ён перанёс у зьняволеньні запаленьне лёгкіх.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG