Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея пакуль не гарантуе таннага газу для Беларусі


Толькі пасьля ратыфікацыі і подпісу прэзыдэнта РФ лістападаўскія беларуска-расейскія газавыя пагадненьні набудуць юрыдычную моц міжнароднай дамовы.

Расейскі ўрад ухваліў лістападаўскія пагадненьні 2011 году аб танным газе для Беларусі, паведамляе БЕЛТА. Гэтым працэдура ратыфікацыі выкананая напалову.

Урад Расеі ўхваліў на сёньняшнім пасяджэньні праект фэдэральнага закону аб ратыфікацыі беларуска-расейскага міжурадавага пагадненьня аб парадку фармаваньня цэн (тарыфаў) пры пастаўцы прыроднага газу ў Беларусь і яго транспартаваньні па газаправодах, разьмешчаных на тэрыторыі Беларусі, гаворыцца ў паведамленьні.

Пагадненьне, падпісанае 25 лістапада 2011 году ў Маскве, прывязвае кошт газу для Беларусі да цаны, якую плацяць спажыўцы Ямала-Нянецкай аўтаномнай акругі РФ.

У парадак дня пасяджэньня расейскага ўраду была таксама ўнесеная дамова аб куплі «Газпромам» «Белтрансгазу», падпісаная летась – адначасова з умовамі паставак газу. Згаданае пагадненьне забараняе Менску ўмешвацца ў дзейнасьць «Белтрансгазу» і ўстанаўлівае мінімальную нацэнку для куплі газу беларускімі спажыўцамі – у дадатак да афіцыйнай цаны газу для Беларусі. Расейскі бок, у сваю чаргу, абяцае інвэставаць у абнаўленьне газатранспартнай сыстэмы на тэрыторыі Беларусі і напоўніцу выкарыстоўваць яе транзытныя магчымасьці.

Абедзьве дамовы цяпер паступяць на ратыфікацыю ў парлямэнт РФ. Толькі пасьля ратыфікацыі і подпісу прэзыдэнта РФ лістападаўскія беларуска-расейскія газавыя пагадненьні набудуць юрыдычную моц двухбаковай міжнароднай дамовы.

Беларускі заканадаўчы орган ухваліў абедзьве дамовы сёлета ў красавіку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG