Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Плошча» сельсавецкага маштабу


Пры́пернае, Глыбоцкі раён
Пры́пернае, Глыбоцкі раён

Пакуль горад Глыбокае рыхтуецца да сьвята беларускага пісьменства, у вёсцы Пры́пернае, што пад самым Глыбокім, раённыя ўлады прынялі рашэньне ліквідаваць бібліятэку.

Калі ехаць з боку сталіцы, то вёска Прыпернае месьціцца перад самым Глыбокім. У вёсцы ёсьць вялікая крама і помнік палеглым байцам мінулай вайны.


Але найбольш зьвяртае на сябе ўвагу клюб зь бібліятэкай. Драўляны, у якім адчуваецца старасьвецкі дух даваеннай Заходняй Беларусі.

Зрэшты, неўзабаве ад будынка можа не застацца і сьледу. Бо раённыя ўлады прынялі рашэньне разабраць клюб. Афіцыйная прычына — будынак у аварыйным стане. 4 чэрвеня прыехалі рабочыя, каб пачаць дэмантаж будынка, але сабралася каля дзясятка абураных людзей, якія гэтаму перашкодзілі. Нехта пазваніў карэспандэнтам газэты «Вольнае Глыбокае».

Прыехаў старшыня сельсавету Анатоль Славецкі, прыехаў начальнік аддзелу ідэалёгіі Міхаіл Чарапкоўскі, ён жа дэпутат райсавету па гэтай акрузе, каб супакоіць людзей. І, трэба аддаць ім належнае, супакоілі. Але для пачатку давайце паслухаем Міхаіла Чарапкоўскага.


— Будынак у аварыйным стане. І прынята рашэньне не аб зносе. А аб пераносе бібліятэкі за два кілямэтры. Гэтая бібліятэка будзе знаходзіцца ў вёсцы Шуневічы. А ня дай Бог, што б зрабілася. Столь ужо абвальваецца. Гэта старая, забытая тэма. Сэнсацыі няма.


Можа, сапраўды, няма тут ніякай інфармацыйнай нагоды? Ну навошта пускаць людзей у аварыйны будынак? Дарэчы, рамонт клюбу быў адным зь перадвыбарных абяцаньняў Міхала Пятровіча Чарапкоўскага.

Але дамо слова старасту вёскі Сяргею Храпавіцкаму.

— Вось такія ў нас дэпутаты. Я пяць гадоў гаварыў з Чарапкоўскім. Кажу, перакрыйце дах. Клюб яшчэ будзе стаяць 50 гадоў. Столькі моладзі, і нідзе няма прытулку. Толькі ў банду зьбірацца і людзей ісьці грабіць.

— А людзі ня хочуць напісаць нейкі ліст у Міністэрства культуры?


— Людзі, калі прыяжджалі карэспандэнты «Вольнага Глыбокага», усё людзі расказвалі. Аварыйны, сказалі, будынак.


— Можа, трэба каму на катэдж.


— Казалі, нехта на дачу папрасіў.


Гэта падтрымала размову жонка спадара Храпавіцкага.


— Маладыя, якія выступалі, прыехала камісія з Глыбокага. І ўжо на двары знайшлі непарадак. І штрафу далі. А нашто выступаеш, што клюб не разьбіраць? У хаце троху не было ў яе парадку. Штрафу далі.


Вось табе і супакоілі людзей. Цяпер зразумела, чаму прыперняне, якія так сьмела выйшлі абараніць сваю бібліятэку, так неахвотна размаўлялі са мной. Як, напрыклад, вось гэтая пажылая пара каля крамы.

Лепей маўчаць. А будзеш гаварыць, моцна б’юць.

— Лепей маўчаць. А будзеш гаварыць, моцна б’юць і такія падножкі ставяць... Болей нічога не скажу. Многа мне ўляцела.


— І вам далі штраф?


— Старшыня сельсавету, каторыя гучныя былі, узяў пажарнага. І пажарны прайшоўся, і штрафу. Лепей маўчаць.


— А можа, лепей напісаць пра ўсё гэта «безабразіе» ў вышэйшую інстанцыю?


— Не. Народ ужо баіцца. Прайшліся па дварах.


— Дык яны давалі штрафы тым, хто выступаў?


— Адрасна.


А зараз давайце ўсьміхнёмся. Стары прыпернянін узгадвае лепшыя хвіліны юнацтва, якое прайшло каля старасьвецкага будынка.


— Я ў гэтым клюбе ўсё дзяцінства. Як гэта руйнаваць? Ну, не разумею! Дзень пісьменства. Мне так шкада гэтага клюбу. Каб яго рэстаўрыраваць. Мая маладосьць тут прайшла, усе танцы. Я ж помню — маладыя настаўніцы, мы, васьміклясьнікі, ходзім пад вокнамі, глядзім, з кім танцуюць. А мы дроту панацягваем. Дзяўчаты бягуць у туалет. Брысь аб зямлю! Ой! Мы сьмяемся.


— А яны забіцца не маглі?


— Не-не! Яны толькі спатыкнуцца. Сукенкі даверху. А нам жа цікава.


У часы інтэрнэту, калі любую інфармацыю можна знайсьці ў вікіпэдыях і на тэматычных сайтах, традыцыйныя бібліятэкі выглядаюць анахранізмам. Гэта добра бачна па наведвальнасьці галоўнага кнігасховішча краіны. Якое ператварылася ў аглядальную пляцоўку. Зусім іншая справа — бібліятэкі вясковыя. Дзе старыя яшчэ не пасьпелі пазаводзіць мадэмы і акаўнты. І дзе апошнія часопісы і сьвежыя газэты былі сапраўды запатрабаваныя. Старая бібліятэкарка, пані Зыта, цяжка перажывае закрыцьцё сваёй установы.


— А што ўжо гаварыць? Ужо ўсё вывезьлі. Усё вывезена. І мэбля, і кнігі.


— А чаму прынялі рашэньне яе закрыць?


— Гэта вы спытайце ў райвыканкаму.


— А народ у Прыперным чытаў кнігі?


— Што ім цяпер дакажаш? Ёсьць рашэньне райвыканкаму. Ніхто яго не адменіць. Людзі нічога і ня робяць болей. Бо толку няма ніякага.


Сытуацыя цікавая яшчэ тым, што Глыбокае рыхтуецца да Сьвята беларускага пісьменства. Які незвычайны падарунак прыпернянскім кнігалюбам. Паслухаем яшчэ адну кабету.


— Каму ня трэба, каму трэба. У каго дзеці, у каго ўнукі прыяжджаюць. Сам будынак — гэта напалову панскі дом быў. А палову дабудоўвалі. Ну, і людзі майго ўзросту, яны тут вырасьлі каля гэтага клюбу. Гэта памяць, можна сказаць. Кожны прыйдзе — я тут скітаўся малы. Ну, і бібліятэка патрэбная. Усе каля яе. У нас болей нічога няма. Клюб ужо год не працуе. А тут толькі адзін магазын і ларок пабудавалі. Цяпер што рабіць? Толькі піва піць.


— Хаця ў Глыбоцкім раёне будуць...


— Дні беларускага пісьменства. Ага. І закрылі бібліятэку. У Шуневічы перавялі. Людзі заступіліся, прыйшлі. Ну дык ім далі штраф за тое, што каля хаты непрыбрана. Прычапіліся.


— Нават яны не пісалі лістоў?


— Ніхто нічога не пісаў. Прыехалі ламаць. Выйшлі бабы, пагалёкалі.


— За адно галёканьне...


— За галёканьне адной жанчыне маладой, цяпер жа загад прэзыдэнта, каб быў парадак, далі, мільён заплаціла штрафу. А сёньня бабе дзіця глядзець і мільён выкінуць — знаеце...

Напэўна, старшыня сельсавету Анатоль Славецкі ўспрыняў сход людзей каля клюбу як маленькую прыпернянскую Плошчу. І паколькі свайго амону і сваёй «амэрыканкі» ў старшыні няма, то прыходзілася змагацца з рэвалюцыйнай заразай тым, што маеш. Штрафамі за антысанітарыю і пажарную бясьпеку.

— Бяруць пажарніка, бяруць санстанцыю. Выклікаюць у Глыбокае і выпісваюць штрафы. І немалыя. Больш за мільён.


— За што?


— За тое, што сказалі праўду.


— За што штрафы?


— Калодачка ня там стаяла. Такія ў нас справы. Ня можна нідзе нічога сказаць. Бо адразу тады...


— І такія жарсьці з-за старога будынка?


— Так. Гэты будынак... Па вёсцы ходзяць размовы, што некаму трэба на дачу. Антысанітарыя — ва ўсіх жа ляжыць у буртах гной!


— Дык з такімі прэтэнзіямі можна праз аднаго штрафаваць. І як часта яны выпісваюць штрафы за антысанітарыю?


— Гэта першы раз. Ніколі ў жыцьці тая антысанітарыя па дварах не хадзіла.


А вось што будзе са старасьвецкім будынкам? Міхаіл Чарапкоўскі пэўнага адказу не дае.


— Уласьнік будзе рашаць. Паколькі гэта на балянсе аддзелу культуры, будуць выкарыстоўваць для сябе.

Здымкі газэты «Вольнае Глыбокае»
Здымкі газэты «Вольнае Глыбокае»

Зараз ідзе асьцярожны дэмантаж будынка. Фасад па-ранейшаму глядзіць на дарогу. А тылавая частка патроху разьбіраецца. Цікава, у якім месцы паўстане былы панскі дом? Тое, што на новым месцы сродкі, каб яго адрамантаваць, знойдуцца, я не сумняюся.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG