«Інтэрпол не выдаваў Чырвонае паведамленьне (Red Notice) для Аляксея Міхалевіча, аднаго зь лідэраў беларускай апазыцыі. Як толькі прыйшоў такі запыт зь Беларусі, Бюро Інтэрполу па праўных пытаннях прыйшло да высновы, што гэта не ў адпаведнасьці з правіламі Інтэрполу, у прыватнасьці, артыкул 3 Канстытуцыі Інтэрполу, паводле якога «строга забаронена распачынаць якое-небудзь умяшальніцтва або дзейнасць палітычнага, ваеннага, рэлігійнага або расавага характару», — гаворыцца ў заяве арганізацыі
Камэнтуючы сытуацыю для «Свабоды» Алесь Міхалевіч адзначыў:
«Інтэрпол у сваё апраўданьне на запыт аднаго брытанскага журналіста адказвае, што яны па мне не выдавалі абавязку ўсім краінам мяне арыштоўваць і не давалі мяне на свой вэб-сайт. У той жа час я дакладна ведаю ад асобных краінаў, што ў іх базы дадзеных я патрапіў з боку Інтэрполу. То бок цяпер Інтэрпол спрабуе адкруціць назад і паказаць, што ніякага перасьледу не было. Але гэта ня ёсьць праўда. Яны самі пацьвярджаюць, што яны мяне з базы дадзеных пасьля выключалі. У якіх базах дадзеных я застаўся, пакуль ня ведаю. Але я ўпэўнены. што ў некаторых краінах я ў базе дадзеных ёсьць».
У Беларусі Алесь Міхалевіч абвінавачваецца па справе аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня 2010 году. Ён быў затрыманы 20 сьнежня, адпушчаны пад падпіску аб нявыезьде са сьледчага ізалятару КДБ 19 лютага.
28 лютага 2011 году Алесь Міхалевіч падчас прэсавай канфэрэнцыі заявіў пра катаваньні, якія яму давялося перажыць у турме, а таксама паведаміў, што падпісаў згоду пра супрацоўніцтва з Камітэтам Дзяржбясьпекі.
У сакавіку Міхалевіч таемна выехаў зь Беларусі і празь некалькі тыдняў атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі.
Праская пракуратура ў траўні паведаміла Міхалевічу, што Генэральная пракуратура РБ абвясьціла яго ў міжнародны вышук па лініі Інтэрполу і патрабуе ягонай экстрадыцыі.
Гарадзкі суд Прагі 13 кастрычніка прыняў рашэньне адмовіць у экстрадыцыі Алеся Міхалевіча ў Беларусь, паколькі ў Беларусі няма гарантыяў правядзеньня над ім справядлівага суду.
У сьнежні мінулага году Алесь Міхалевіч на некалькі гадзін быў затрыманы польскімі ўладамі падчас праходжаньня памежнага кантролю ў Варшаўскім аэрапорце Шапэна на авіярэйс да Лёндану, але потым адпушчаны.