Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад суд за малюнкі міліцыянтаў і іх ахвяр


Яна Лясьнеўская
Яна Лясьнеўская

Яну Лясьнеўскую — 26-гадовую актывістку кампаніі «Наш дом» з Воршы — абвінавачваюць у прапагандзе культу гвалту і жорсткасьці. Падставай стала размалёўка «Мой тата — міліцыянт. Што ён робіць на працы?»

Экспэртнае заключэньне наконт размалёўкі «Мой тата — міліцыянт» зрабіла Віцебская абласная камісія па прадухіленьні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасьці. Аўтары заключэньня Сьцяпанаў і Кісель мяркуюць:

«Малюнкі, якія ўтрымліваюцца ў размалёўцы ... выяўляюць сцэны жорсткасьці і гвалту з боку работнікаў праваахоўных органаў у дачыненьні да жанчын. Дадзеныя выявы могуць стымуляваць асобаў, якія маюць садысцкія схільнасьці, паступаць на службу ў праваахоўныя органы».

Яна Лясьнеўская кажа, што адзін экзэмпляр размалёўкі, які проста «валяўся каля яе кампутара», сканфіскавалі падчас вобшуку ў яе кватэры. Вобшук адбыўся яшчэ на пачатку лютага. А 12 ліпеня Яну затрымалі ў Віцебску, куды яна прыехала па сваіх справах, і адвезьлі ў пастарунак. Там ёй прапанавалі падпісаць пратакол, дзе пазначана, што на працягу ўсяго пэрыяду ад лютага яна займалася распаўсюдам друкаванай прадукцыі, якая прапагандуе «гвалт і жорсткасьць».

Яне Лясьнеўскай 26 гадоў. Яна працуе маркетолягам у прыватнай фірме. Падтрымлівае шмат грамадзкіх ініцыятываў: «Я хачу быць актыўнай, хачу добрай будучыні для сябе і для сваіх дзяцей. Таму і раблю тое, што раблю».

Але сваіх дзяцей у Яны яшчэ няма.

«Я не хачу нараджаць дзяцей, каб ім не даводзілася рабіць той выбар, які ўжо даводзілася мне рабіць у розных сытуацыях», — тлумачыць Яна. —Міліцыянты пазначылі, што яна «дзёрзка паводзіла сябе на допыце». «Але яны ня пішуць пра тое, як пагражалі мне, што мае дзеяньні кепска адаб’юцца на маёй будучыні і будучыні маіх дзяцей».

Размалёўка "Мой тата – міліцыянт. Што ён робіць на працы?"
Размалёўка "Мой тата – міліцыянт. Што ён робіць на працы?"


31 ліпеня адбудзецца суд паводле адпаведнай адміністрацыйнай справы. Лясьнеўскай пагражае штраф ад 10 да 30 базавых адзінак.

Лідэрка кампаніі «Наш дом» Вольга Карач абураная такой ацэнкай праваабарончых малюнкаў:

Вольга Карач
Вольга Карач
«Гэта бязглузьдзіца і лухта. Я рассылала гэтыя размалёўкі.Я пісала пра гэта ў Сьледчы камітэт. Мне незразумела, чаму вінавацяць чалавека (Яну Лясьнеўскую — рэд.), які ня мае да гэтага дачыненьня і які гэтым не займаўся. І я буду працягваць, бо я хачу, каб міліцыянты зьмянілі сваё стаўленьне да жанчын».

Карач перакананая, што такім чынам міліцыянты адрэагавалі на кірунак працы кампаніі «Наш дом» пад назвай «Асьцярожна, міліцыя!», у межах якога і выдадзеная размалёўка. Аўтар размалёўкі — мастачка Марына Напрушкіна, кажа Вольга Карач:

«Гэта рэальныя гісторыі жанчын — палітыкаў, журналістаў. Тое, што адбывалася з Вольгай Класкоўскай, Янай Паляковай, Маяй Абромчык, дый са мной асабіста. Усе яны сутыкнуліся з гвалтам міліцыянтаў».

«Статыстыка жахлівая, — распавядае Карач. — Жанчыны, якія прыходзяць у публічную сфэру, ніяк не гатовыя да таго, што іх будуць біць гумовай дубінкай па галаве, яны не гатовыя выслухоўваць ад міліцыянтаў абразы ў свой адрас, камэнтары наконт іхнага цела і пагрозы сэксуальнага гвалту».

Самі размалёўкі і лісты з асабістым зваротам да міліцыянтаў кшталту «Паважаны Мікалай Генадзевіч...» Вольга Карач рассылала яшчэ ў мінулым годзе. Адпраўлена іх было больш за тысячу па ўсёй Беларусі.

У лістах гаварылася:

«Мы выдавалі гэтую кніжку з мэтай, каб кожны супрацоўнік міліцыі задумаўся пра тое, ці будуць ягоныя дзеці ганарыцца тым, што іх бацька робіць на працы. Думаем, што цяпер многім дзецям міліцыянтаў ганарыцца няма чым».

Вольга кажа, што рэакцыя міліцыянтаў на такі, па яе словах, ветлівы ліст была вельмі дзіўная. «Атрымаўшы лісты, яны ўпалі ў паніку, гістэрыку і агулам рэагавалі вельмі нэрвова».

Пазьней Вольга даслала гэтым жа міліцыянтаў паштоўкі «Школьны альбом» з выявамі дзяўчат, якія адседзелі ў пастарунку «суткі» пасьля Плошчы. Гэтыя паштоўкі ўжо сканфіскавалі проста з пошты.

Карач: «У нас дагэтуль працягваецца перапіска са Сьледчым камітэтам, бо я спрабую высьветліць, на якой падставе хтосьці ўскрывае мае лісты. Няважна, тысяча іх ці адзін. Чытае — і вырашае, павінен гэты ліст дайсьці да адрасата ці не».

«Размалёўкі, вядома, не для вулічнага распаўсюду, — сьцьвярджае Карач. — Мы ня хочам, каб яны трапілі ў рукі дзяцей, таму і дасылалі іх асабіста. Ня можам мы кожнаму міліцыянту ўручыць такую размалёўку. Дасылалі тым, хто прымае загады, вырашае — біць ці не біць дэманстрантаў, арыштоўваць ці не арыштоўваць. Мы хацелі, каб яны задумаліся, што яны робяць. Гэтыя жанчыны — чыесьці маці, жонкі, сёстры...

А міліцыя адрэагавала на нашую працу так: узяла дзяўчыну і прад’явіла ёй абвінавачаньне ў «прапагандзе гвалту і жорсткасьці», — абураецца Карач.

Сваё меркаваньне выказвае праваабаронца Валянцін Стэфановіч:

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч
«Гэта праваабарончыя выданьні, скіраваныя на барацьбу з катаваньнямі. З такім падыходам можна ўсе праваабарончыя матэрыялы прызнаць экстрэмісцкімі. Шмат ёсьць плякатаў, якія ўтрымліваюць і малюнкі, і фатаздымкі гвалтоўных дзеяньняў. Але з адваротнай мэтай: змаганьня супраць гвалту!»

Па словах Стэфановіча, гэта ня першы выпадак. Некалькі гадоў таму ў Гародні і Берасьці ўжо адбываліся суды па абвінавачаньні ў экстрэмізьме, ініцыяваныя КДБ. Сярод іншых матэрыялаў там фігураваў і агляд праваабарончага цэнтру «Вясна» за 2004 год па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Экстрэмісцкім яго спрабавалі прызнаць з-за фатаздымкаў «несанкцыянаваных акцыяў пратэсту». «Але быў час „лібэралізацыі“, таму пасьля рашэньні судоў паадмянялі», — кажа Стэфановіч.

Вольга Карач кажа, што яны будуць далей працаваць у кірунку «Асьцярожна, міліцыя!»

«Зараз мы рыхтуем выставу „ватных міліцыянтаў“, якую плянуем паказваць у розных гарадах, на вуліцах. Мы хочам сказаць, што сілавыя структуры — гэта звычайная мужчыны, які ганарацца тым, што яны вельмі моцныя, фізычна разьвітыя. Але гэтыя мужчыны робяцца звычайнай ватай, калі чуюць незаконныя загады».

«Адзіны спосаб спыніць гэтую кампанію — каб міністар МУС выбачыўся перад усімі жанчынамі, якія пацярпелі ад дзеяньняў міліцыянтаў, — сьцьвярджае Карач. — Міліцыянты мусяць зьмяніць сваё стаўленьне да нас. Мы ня можам жыць у краіне, дзе міліцыянты зьбіваюць жанчын ні за што».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG