Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурапіна наведаў адвакат, ад Башарымава пачалі прыходзіць лісты


СІЗА (сьледчы ізалятар) КДБ
СІЗА (сьледчы ізалятар) КДБ

25 дзён мінула ад затрыманьня менскага рыэлтара Сяргея Башарымава. На тыдзень меней у «амэрыканцы» знаходзіцца другі фігурант справы аб «плюшавых мядзьведзіках», фатограф Антон Сурапін.

30 ліпеня бацькі Антона Сурапіна, якія жывуць у Слуцку, чарговым разам прыехалі ў Менск, спадзеючыся, што дамоў вернуцца разам з сынам. «Марна. З Антонам бачылася адвакат, але, на жаль, нічога радаснага нам яна не паведаміла», — сказала Алена Сурапіна карэспандэнту «Свабоды» перад ад’ездам зь Менску.

Алена Сурапіна
Алена Сурапіна
«Нічога новага вам не скажу. Адвакат убачылася з Антонам, яны ўзгаднілі некаторыя пытаньні паміж сабой, як далей дзейнічаць у выпадку, калі ня выпусьцяць. Але, вядома, сам ён вельмі спадзяецца, што ўсё будзе добра. Нічога пра ход сьледзтва яна не сказала — маўляў, таму, што падпісала паперу аб неразгалошваньні таямніцы сьледзтва. Яна ня можа нават казаць, ці выставілі яму абвінавачаньне. Але я мяркую, што так, выставілі. Мы нават самі з мужам вывучылі ўсе кодэксы і знайшлі 118-ты артыкул, зь якога вынікае, што калі ня выпусьцілі, значыць, абвінавачаньне ўсё ж выставілі. Але мы пакуль яшчэ тут, у Менску. Лукашэнка ж сказаў на мінулым тыдні, што хоча разабрацца ў гэтай справе і ў панядзелак назаве прозьвішчы вінаватых. Таму яшчэ пачакаем».

26 ліпеня на нарадзе зь сілавікамі Аляксандар Лукашэнка прызнаў факт палёту над Беларусьсю 4 ліпеня швэдзкага самалёта. Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што «гэты самалёт быў своечасова выяўлены», і выказаў зьдзіўленьне, што начальнікі не спынілі палёт.

«Каго шкадавалі? Гэта галавацяпства канкрэтных выканаўцаў ці памылка ў сыстэме аховы дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы?» — задаўся пытаньнем Аляксандар Лукашэнка і паабяцаў у панядзелак, 30 ліпеня, назваць вінаватых і абвясьціць кадравыя рашэньні.

Да 17 гадзіны 30 ліпеня афіцыйныя крыніцы не паведамлялі, ці назваў Аляксандар Лукашэнка пэўныя прозьвішчы вінаватых і якія кадравыя рашэньні ён прыняў па выніках інцыдэнту са швэдзкім самалётам.

Антон Сурапін, паводле ягонай маці, пачуваецца нармальна, сочыць за падзеямі і ведае пра тое, што адбываецца, у тым ліку і вакол ягонага імя.

«Ён ведае, што яго падтрымліваюць сябры-журналісты, што праходзяць акцыі. Прасіў перадаць усім прывітаньне і спадзяецца, што будзе хутка бегаць па рэпартажах, як і раней, а ўсе абвінавачаньні зь яго здымуць».

У СІЗА КДБ застаецца і менскі рыэлтар Сяргей Башарымаў, якога затрымалі яшчэ 6 ліпеня. Паводле адной з вэрсіяў, зь Сяргеем Башарымавым швэды дамовіліся пра арэнду кватэры на вуліцы Карла Маркса, побач з будынкам адміністрацыі Лукашэнкі, над якой, паводле пачатковых плянаў, меўся праляцець самалёт з плюшавымі мядзьведзікамі. На мінулым тыдні сяброўка Сяргея Башарымава Ірына Лагойка казала, што ад яго больш за тыдзень не было лістоў. 30 ліпеня Ірына паведаміла «Свабодзе», што ліставаньне Сяргея са сваякамі аднавілася, але істотных навінаў ад яго няма. Сёньняшні дзень таксама не прынёс Ірыне доўгачаканай навіны пра вызваленьне Сяргея:

«Мы гэтак чакалі пачатку тыдня, бо сёньня ж панядзелак, мусілі пра нешта паведаміць. Я ўвесь час правяраю навіны, але нічога пакуль няма».

Ірыне Лагойцы невядома, ці сустракаўся на мінулым тыдні зь Сяргеем Башарымавым адвакат. «З адвакатам кантактуе маці Сяргея», — тлумачыць Ірына. Вядома, што маці Сяргея Башарымава пакуль устрымліваецца ад кантактаў з журналістамі.

Антона Сурапіна і Сяргея Башарымава, як мяркуюць іх сваякі, абвінавацілі ў спрыяньні незаконнаму перасячэньню мяжы групай асобаў.



4 ліпеня празь беларуска-літоўскую мяжу праляцеў, а потым вярнуўся ў Літву лёгкаматорны швэдзкі самалёт. Над Івянцом і ўскраінай Менску з самалёта былі скінутыя плюшавыя мядзьведзікі з плякацікамі ў падтрымку свабоды слова ў Беларусі. Улады Беларусі не прызнавалі факту палёту да 26 ліпеня, заяўляючы, што «вядзецца праверка». Тым часам былі затрыманыя фатограф Антон Сурапін, які выклаў у інтэрнэце фота плюшавых мядзьведзікаў, знойдзеных пад Івянцом, а таксама рыэлтар Сяргей Башарымаў, які ў Менску здаваў швэдам кватэру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG