Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька Арцёма Пракапенкі: "Ён у нас моцны духам"


27 ліпеня споўнілася 22 гады актывісту анархісцкага руху Арцёму Пракапенку, які адбывае зьняволеньне ў Шклоўскай калёніі. Арцём Пракапенка быў асуджаны на 7 гадоў за падпал дзьвярэй будынка КДБ у Бабруйску.

Сёньня карэспандэнт "Свабоды" патэлефанаваў бацьку вязьня Анатолю Пракапенку, каб даведацца пра апошнія навіны з турэмнага жыцьця Арцёма і перадаць яму віншаваньні з днём народзінаў.

"У яго ўсё як было. Ён ужо прызнаны злосным парушальнікам турэмнага рэжыму. Таму ў нас адпаведны настрой. Да яго днямі паедзе адвакат.

Мы яго павіншавалі тэлеграмай, усе сваякі, хто мог, таксама павіншавалі Арцёма, напісалі яму лісты. То бок мы яго віншуем, падтрымліваем і жадаем хутчэйшага вяртаньня дамоў. Чакаем гэтага дня. Ня трацім надзеі. Яму кажам: мацуйся і выходзь на волю.

Хачу падкрэсьліць, што кожны выбірае сам свой шлях. Ягоны шлях, відаць, асэнсаваны, а значыць, яму і трымацца на гэтым шляху. Ён вучыўся на эканаміста, захапляўся музыкай, пісаў вершы. Настрой у яго баявы: ён трымаецца, ня траціць мужнасьці. Яму там цяжка. Мы яму казалі, што варта было б напісаць прашэньне аб памілаваньні, нават прапаноўвалі ў адвольнай форме напісаць, але ён адмовіўся. Ён у нас моцны духам, з гэтым у яго ўсё добра".

Арцёма Пракапенку трымаюць у Шклоўскай калёніі № 17.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG