Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сапраўдных выбараў у нас ужо даўно няма: ёсьць імітацыя»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Эфір 18 ліпеня 2012 году.

Апошнімі днямі ў пошце «Свабоды» ўсё часьцей гучыць тэма выбараў. Хоць прыкметаў выбарчай кампаніі на вуліцах беларускіх гарадоў і вёсак пакуль амаль няма, набліжэньне яе адчуваецца — у газэтных артыкулах, у радыё- і тэлеперадачах, у размовах людзей.

Ці будзе сёлетняя кампанія адрозьнівацца ад папярэдніх, вынік якіх быў загадзя вядомы? Амаль усе аўтары лістоў на гэтую тэму ўпэўненыя, што ніякіх зьменаў у блізкай будучыні не прадбачыцца. Вось што піша наш слухач Мікалай Сьліжэвіч зь Менску:

«Сапраўдных выбараў у нас ужо даўно няма. Ёсьць добра распрацаваны сцэнар, на падставе якога кожны раз перад публікай разыгрываецца спэктакль, імітацыя выбараў. Спачатку — параўнальна адкрытая перадвыбарчая кампанія, рэгістрацыя кандыдатаў, у тым ліку ад апазыцыі. А ў дзень галасаваньня — цалкам закрытая ад незалежных назіральнікаў працэдура падліку галасоў, у выніку якой пераможцамі абвяшчаюцца толькі вылучэнцы ад улады. Ну, і яшчэ адзін этап, калі людзі, абураныя няпраўдай, выходзяць на вуліцу. Іх чакаюць АМАП, міліцэйскія дубінкі, аўтазакі і турэмнае зьняволеньне. І такія, так бы мовіць, „выбары“ адбываюцца ў нас ужо каторы раз за апошнія 18 год.

Ці можа лічыцца легітымнай улада, якая трымаецца за свае крэслы такім чынам? Вядома ж, не. Калі міжнародныя арганізацыі (такія, як Эўразьвяз, АБСЭ) не прызнаюць выбары законнымі, дык у такім разе замежным краінам трэба проста адмовіцца ад усялякіх стасункаў з гэтай уладай. Не заключаць зь ёй дамоваў, не дапускаць ейных прадстаўнікоў у міжнародныя арганізацыі. А для прадстаўніцтва ад імя Беларусі запрасіць апазыцыю: яна прынамсі ня хлусіць і не мухлюе так, як улада. Патрабаваньні да афіцыйнага Менску павінны быць толькі два: па-першае, вызваленьне ўсіх палітвязьняў; па-другое — неадкладнае правядзеньне сумленных дэмакратычных выбараў пад кантролем ААН. Як толькі да ўлады прыйдуць сумленныя людзі — у нас адразу ўсё стане на свае месцы».


Да ліста прыпіска:

«Выбачайце, што не падпісваюся сваім сапраўдным імем і ня ўказваю адрас. Але ж вы самі разумееце: нас перасьледуюць улады».

Так, спадар Мікалай, перасьледуюць. Праблема, аднак, у тым, што ніякая замежная краіна і ніякая міжнародная арганізацыя ня зробяць замест беларусаў тое, што могуць і павінны зрабіць толькі яны самі. Наіўна спадзявацца на тое, што вось зьявіцца яшчэ адна адозва ад імя Эўразьвязу ці АБСЭ, увядзе Захад яшчэ адну санкцыю супраць беларускай улады за парушэньне грамадзянскіх правоў — і Лукашэнка тут жа пагодзіцца правесьці сумленныя выбары пад кантролем ААН, выпусьціць з турмаў усіх палітвязьняў і загадае распачаць маштабную дэмакратызацыю.

Відавочна, што страхам можна растлумачыць многае. Каму ахвота ахвяраваць уласным (няхай нават сьціплым) дабрабытам, рызыкаваць месцам працы альбо вучобы, ставіць пад удар службовую кар’еру бацькоў альбо дзяцей? Заўважу, аднак, што дзеля таго, каб у дзяржаве адбыліся істотныя зьмены, ад большасьці грамадзтва зусім не патрабуюцца ахвяры значнага маштабу. Не такі ўжо вялікі страх трэба пераадолець таму, хто наважыцца прыйсьці, напрыклад, на дазволены ўладамі апазыцыйны мітынг альбо адмовіцца ад удзелу ў прымусовым датэрміновым галасаваньні.

Аўтар наступнага ліста — наш даўні слухач Алесь Марціновіч з Баранавічаў — спадзяваньні на палітычныя зьмены ў Беларусі зьвязвае выключна з падзеямі ў Расеі. У сваім новым лісьце на «Свабоду» спадар Алесь піша:

«Посьпех менскіх дэмакратаў цалкам залежыць ад посьпеху дэмакратаў у Маскве. І тут вельмі дарэчы, што беларускія выбары ў Палату прадстаўнікоў супадаюць з чарговай датай актыўнасьці апазыцыі ў Маскве — 15-м верасьня. Калі рэжым Пуціна гэтай восеньню будзе зрынуты альбо хаця б значна аслаблены (маю на ўвазе дэмакратызацыю і прыход апазыцыі ва ўрад), то зьявіцца шанец (найперш для Менску) паставіць пад пытаньне легітымнасьць інтэграцыйных саюзаў, заключаных Пуціным і Лукашэнкам.

Так што бліжэйшыя два месяцы беларуская апазыцыя павінна рыхтаваць масавыя пратэсты — у цеснай каардынацыі з дэмакратамі ў Маскве. А падрыхтоўку да такога супэрпратэсту лёгка можна маскаваць удзелам у верасьнёўскіх выбарах.

Адарвацца ад Масквы і пайсьці на збліжэньне з Эўразьвязам ёсьць шанец толькі ў такой сытуацыі: у партнэрстве з Захадам менскія дэмакраты (пры дапамозе таго ж Захаду) дамаўляюцца з новай постпуцінскай дэмакратычнай уладай пра тое, што Масква мірна аддае Ўкраіну і Беларусь у зону ўплыву Эўразьвязу.

Вядома, актыўнасьць у Маскве можа і проста заціхнуць — як заціхлі забурэньні паўгадавой даўніны. Але яна можа выліцца і ў пралог будучых вялікіх зьдзяйсьненьняў дзеля трансфармацыі Расеі»
.

Тое, што падзеі ў Расеі могуць стаць магутным каталізатарам для палітычных зьменаў у Беларусі — бясспрэчна, спадар Алесь. Так было на працягу некалькіх мінулых стагодзьдзяў — і будзе ў бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі. Іншая справа — ці варта апазыцыі ўскладаць вялікія спадзяваньні на дэкляраваныя расейскімі дэмакратамі верасьнёўскія пратэсты? Мяркуючы па тым, што ніякай заўважнай падрыхтоўкі да «гарачай восені» беларускія апазыцыйныя партыі не вядуць (прынамсі, пакуль) — вялікіх надзеяў і чаканьняў з магчымымі маскоўскімі падзеямі яны ня зьвязваюць.

Назіраючы за тым, як на пачатку ліпеня на вуліцах Кіева адбываліся сутычкі абаронцаў украінскай мовы са спэцназам, многія беларусы згадвалі падзеі 1995-га году. Тады ў Беларусі з ініцыятывы ўлады расейскай мове быў нададзены статус дзяржаўнай — і русыфікацыя грамадзкага жыцьця ў краіне аднавілася з новай сілай.

На падзеі ў Кіеве адгукнуўся наш слухач Мікола Канаховіч з Пружанаў. У сваім лісьце на «Свабоду» ён піша:

«Ад таго, куды будуць рухацца паўднёвыя суседзі, залежыць і лёс нашай роднай Беларусі. Паверне яна на Захад, прыме эўрапейскія дэмакратычныя каштоўнасьці — дык і нас падтрымае. Але, на вялікі жаль, апошнія падзеі там даюць мала надзеі на гэта. Зь вялікай горыччу назіраў я за тым, як пад націскам антынародных сіл празь Вярхоўную Раду быў праціснуты закон, які надае афіцыйны статус расейскай мове. Гэтым самым украінскі народ ужо накінуў пятлю на ўласную шыю. Фактычна гэта — пачатак канца незалежнасьці Ўкраіны. Бо ў выніку яе чакае лёс Беларусі.

Не сумняюся, што ўсё гэта адбылося пад жорсткім ціскам расейскага імпэрыялізму, які ніколі і нікому не даруе страту былых калёній. Ці то царскі, ці то камуністычны, ці то пуцінскі рэжымы мала чым адрозьніваюцца ў гэтым сэнсе. Усе яны па сутнасьці імпэрскія.

У сучасных умовах захапіць суседнюю краіну з дапамогай зброі маларэальна, таму расейскія імпэрыялісты спрабуюць зрабіць гэта з дапамогай русыфікацыі, праз сваіх марыянэтак.

Беларусі як дзяржавы няма ўжо больш як 15 год: яна зьнікла пасьля так званага рэфэрэндуму ’95-га году. Сёньня наша Бацькаўшчына — на ўсе сто працэнтаў расейская калёнія. Але, каб затлуміць розум ды пусьціць пыл у вочы, марыянэтачная ўлада ладзіць вайсковыя дэфіляды ў штучна прыдуманую дату, ладзіць іншыя імпрэзы, ніяк не зьвязаныя з праўдзівай нацыянальнай гісторыяй і культурай.

Самае страшнае ў гэтым тое, што расейскім акупантам ды іхным мясцовым памагатым удалося канчаткова і сьмяротна паралізаваць чалавечую годнасьць, нацыянальную сьвядомасьць беларускага народу. А наступным, мяркуючы па ўсім, стане народ украінскі. Мой радавод у многім зьвязаны з Украінай, таму мяне падзеі там вельмі турбуюць»
.

Рэакцыя ўкраінскага грамадзтва на небясьпеку, якая ўзьнікла ў выніку апошніх рашэньняў Вярхоўнай Рады, зусім не такая паблажлівая, як у Беларусі 17 год таму. І спадзяваньні на тое, што ўкраінская мова будзе абаронена — па-ранейшаму застаюцца. Пры гэтым варта заўважыць, што ўкраінскі варыянт новай русыфікацыі нашмат мякчэйшы ў параўнаньні зь беларускім. Паводле законапраекту, які са скандалам прыняла Рада, расейская мова павінна атрымаць статус рэгіянальнай там, дзе яна родная мінімум для 10% насельніцтва. Ні пра якую дзяржаўнасьць расейскай мовы ва Ўкраіне, адрозна ад Беларусі, размова не ідзе. Але і гэтае рашэньне выклікала масавыя пратэсты сярод тысяч і тысяч нацыянальна сьвядомых украінцаў, абураных намерамі цяперашняй улады.

На заканчэньне — некалькі кароткіх лістоў з падзякамі, заўвагамі і пажаданьнямі, адрасаванымі журналістам «Свабоды». Вось што піша Ігнат Петручук зь Менску:

«Дасланыя вамі рэклямныя каляндарыкі „Свабоды“ распаўсюджваў у асноўным сярод моладзі — з надзеяй на тое, што хоць яна калі-небудзь здолее аб’яднацца дзеля супраціву.

Адчуваю, што вы ўсё больш увагі аддаяце інтэрнэту і ўсё меней — эфірнаму вяшчаньню. Вельмі прашу: пераконвайце тых, ад каго гэта залежыць, каб захавалі радыё для нашага пакуль яшчэ жывога радыёпакаленьня, і асабліва — для жыхароў хутароў і вёсак. Для мяне гэта таксама актуальна, таму што шмат часу даводзіцца калясіць паміж Беларусьсю і Расеяй. Вось і гэты ліст пішу вам, седзячы ў кабіне аўтамабіля»
.

Запэўніваю вас, спадар Ігнат, што пра тую немалую колькасьць беларускага грамадзтва, якую вы трапна называеце «радыёпакаленьнем», мы не забываем. Але ігнараваць тое, што ўсьлед за ім ужо прыйшлі і працягваюць прыходзіць новыя генэрацыі маладых беларусаў, якія, відавочна, можна назваць «інтэрнэт-пакаленьнямі» і якія кароткахвалевым радыёвяшчаньнем не завабіш і не зацікавіш — таксама, пагадзіцеся, не выпадае...

І яшчэ адзін кароткі ліст-водгук — ад Сяргея Патаранскага зь Менску. Слухач піша:

«Уражвае новы праект Сяргея Дубаўца: гэты аўтар заўсёды ўмее зьдзіўляць. Яшчэ больш цікавымі сталі „Падарожжы Свабоды“. Добра, што паўстаў новы папулярна-мастацкі праект Валянціны Аксак. Гэткіх праграмаў — пра моладзь, для моладзі і ствараных маладымі — трэба болей. Урэшце, усе мы мусім дбаць пра новую публіку, а моладзь шукае слова Праўды (на жаль, шукае часам ня там, дзе трэба). А Радыё Свабода на сёньня — адна з тых крыніцаў, дзе жаданае можна знайсьці».

Дзякуй, спадар Сяргей, вам, а таксама ўсім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG