Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лагойск усё-ткі будзе беларускім Давосам!»


Старажытны Лагойск, што раскінуўся на ўзгорках з маляўнічым лясным навакольлем, у СМІ апошнім часам адзначыўся дзьвюма навінамі. Фірма «Гасьцінны маёнтак» Юрыя Чыжа, аднаго з самых багатых бізнэсмэнаў краіны, атрымала афіцыйны дазвол гнаць самагонку, як заяўлена, «у мэтах узнаўленьня паўнаты беларускіх нацыянальных традыцый». Міністэрства ж спорту ды турызму агучыла ідэю збудаваць у Лагойску драўляны рыцарскі замак ды «горад майстроў» у парку Тышкевічаў — сямейства, што валодала гэтымі мясьцінамі ў сярэднявеччы ды праславіла Лагойшчыну. На справе выявілася, што простым сьмяротным да тых напояў, што падаюцца ў фэшэнэбэльныя нумары, не дапасьці. А што да «рыцарства», то пакуль рыхтуецца дакумэнтацыя. Тым часам Мікола Ляшчун, мясцовы паэт ды настаўнік ангельскай мовы, наракае на страту лагойскай гістарычнай спадчыны.

Ляшчун: «Братоў Тышкевічаў у нас надта багаты музэй быў да вайны, нават рэшткі сядзібы ў парку засталіся. У мяне заўсёды балела душа — Лагойску неўзабаве будзе 1000 год, ёсьць людзі, якімі маглі б ганарыцца, а мы іх ня ведаем. У нас ёсьць краязнаўчы музэй. А месца людзям, што праславілі Лагойшчыну, няма — больш на ваенна-патрыятычную тэматыку. А ў нас дзяцей запытаць пра Тышкевічаў, прайсьціся па Лагойску — мала хто што можа сказаць. У нас Іван Пташнікаў, адзін з найлепшых празаікаў — ня ведаюць, што тут нарадзіўся. У Пасадцы быў музэй Зьмітрака Бядулі — школу закрылі, і экспанаты разьляцеліся…»

Мне пашанцавала — я стаў адным зь першых наведнікаў новай залі ў Лагойскім краязнаўчым музэі, якая прысьвечаная братам Тышкевічам і пра якую яшчэ ня ведае і Мікола Ляшчун. Зрэшты, багатай экспазыцыяй тут пахваліцца пакуль ня могуць. Дырэктарка, спадарыня Сьвятлана Гамеза, зьбіраецца на досьледы ў Вільню. Для мяне ж і слухачоў «Свабоды» зрабіла адну зь першых экскурсій.

Сьвятлана: «Лагойск упамінаецца ўпершыню ў летапісах з 1078 году. Гісторыя зьвязаная з імёнамі братоў Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў. Усе прадстаўнікі роду займалі высокія дзяржаўныя і вайсковыя пасады. Браты ж — знакамітыя гісторыкі, навукоўцы, этнографы — праславілі Лагойск тым, што ў 1842 годзе адкрылі першы на Беларусі музэй старажытнасьцяў. Спачатку на экспанатах археалёгіі і нумізматыкі, потым дапаўнялі ўзорамі французскага ды італьянскага жывапісу. Але паколькі ў Лагойску было мала людзей, Тышкевічы вырашылі перавесьці калекцыі ў Вільню і заснавалі ў 1858-м вядомы ва ўсім сьвеце Віленскі музэй старажытнасьцяў. Праіснаваў 10 год, але пасьля здушэньня паўстаньня Каліноўскага граф Мураўёў прызнаў дзейнасьць музэю шкоднай. Браты Канстанцін і Яўстафій, каб калекцыі ня зьніклі, іх раздарылі. Потым ужо калекцыянэр Луцкевіч перадаў усё Нацыянальнаму музэю ў Вільнюсе. Лагойскаму музэю нічога не дасталася, акрамя адной кнігі зь бібліятэкі Тышкевічаў зь іхнім эксьлібрысам…»

Карэспандэнт: «Сьвятлана, марыш пра часы, калі на цэнтральнай плошчы Лагойску будуць стаяць замест Маркса і Леніна скульптуры братоў Тышкевічаў?»

Сьвятлана: «Было б дарэчна!» (Сьмяецца.)

Ля тутэйшага касьцёла ня так даўно Тышкевічам паставілі памятны каменны знак. Але ўбачанае ля старога гарадзішча, дзе засталіся руіны іхняй старажытнай сядзібы, уразіла. На ўрослым у зямлю, перакошаным даўжэзным доме з 11 кватэраў — памятная мэмарыяльная дошка. Гаспадыня, Лілея Васільеўна, запрашае да сябе.

Васільеўна: «Ведаеце, што гэта канюшня графа Тышкевіча, дзе мы зараз стаім? Паабяцалі, што будуць расьсяляць, а тут будзе музэй. Але пайшла ў райвыканкам — і нічога. З 45 году я ў гэтым доме жыву. Даброты зрабіла сама — прыбіральню, ванну, ваду правяла. Добра, што халодная хоць ёсьць. Усё сыплецца, цячэ, кожнае лета робім рамонт, замазваем. Сьцены тут 90 см, а з таго боку — 70. Дах цячэ — кожны ж год нешта шпаклюем. За зіму ўсё пакрываецца цьвільлю, шпалеры адстаюць ва ўсіх 11 кватэрах. І нам кватэр не абяцаюць — бацька мой быў на фронце, забіты, маці не дачакалася, паўтара года як памерла…»

У суседкі, спадарыні Лідзіі Кішкурны, шматдзетнае сямейства.

Кішкурна: «Паглядзіце самі — акно панізілі на 40 см. А было перакошанае, развальвалася. А зараз крыху дождж пройдзе — ізноў пачну фарбаваць, усё цячэ. І тром, і мажам. А ў спальні што робіцца — во чорнае ўсё, у трэшчынах, шпалеры не трымаюцца — вісяць…»

Карэспандэнт: «Але ж вы скардзіліся ўладам?»

Кішкурна: «Нічога! Прыйдуць паглядзяць, во новы прадсядацель прыехаў з Магілёва, мы пайшлі да яго. Ён выслухаў. А быў Магер, ён мяне наагул не прыняў. Калектыўны ліст занесьлі, яны сказалі, што дом аварыйны, пад знос. Прыходзіў дырэктар камгасу Лойчыц у 2010-м — абяцалі перакрыць дах, і ўсё абяцанкі-цацанкі. А ўсё валіцца, жыць немагчыма! Тым больш, я апякун — трое дзяцей, старэйшаму 14, меншаму 12…»

На мінулых выбарах у Палату прадстаўнікоў за апазыцыйнага кандыдата, памянёнага спадара Ляшчуна тут падпісаліся аднагалосна, бо — «супраць уладаў». Досьвед самога Міколы, якому пасьля выбараў давялося працаўладкоўвацца ў вёсцы, не такі адназначны.

Ляшчун: «Палітыка цікавіла ня так востра, пакуль ня ўзьнікла пытаньне наконт беларускай мовы. Адбываецца гвалтоўнае занядбаньне роднага слова, зь якім зьвязаны ўсё жыцьцё. І, мне здавалася, чалавека з настаўніцкага асяродзьдзя пачуюць выбарнікі…»

Карэспандэнт: «З чым давялося сутыкнуцца ў часе выбараў?»

Ляшчун: «Заламалі так, як і ўсіх апазыцыйных. Я сам за сябе зьбіраў подпісы, ішоў па сьпісах Партыі БНФ. Я рамантычна верыў, што могуць адбыцца сапраўдныя выбары. Але адчуў, што нікому з уладаў мае словы не патрэбныя, імкненьне штосьці зрабіць — усё адбылося пры падліку галасоў, недзе каля 8%…»

Карэспандэнт: «Зараз другім разам пайшоў бы?»

Ляшчун: «Першы раз у мяне ўзьнікла пытаньне сумленнага чалавека — калі ня я, дык хто? Мне цяпер ня хочацца — сэнсу няма. Гэта не расчараваньне, ня страх — бязьвер’е. Адчуваю, што нешта трэба рабіць — нашы дзеці лепш па-ангельску скажуць выраз, чым па-беларуску. Што застанецца пасьля нас?! Гэта мяне хвалюе больш, чым палітыка…»
А ўдзельнічаеш і перад выбарамі зьняўся — цябе ж людзі паважаць ня будуць.

Карэспандэнт: «І ўсё-ткі — байкатаваць ці ўдзельнічаць?»

Ляшчун: «Калі б я пайшоў цяпер на выбары, дык да канца. А ўдзельнічаеш і перад выбарамі зьняўся — цябе ж людзі паважаць ня будуць. Я супраць. Калі ты людзям кажаш нейкае слова, яны ж табе вераць…»

* * *
Працы ў 10-тысячным Лагойску бракуе — буйных прадпрыемстваў не было і ў савецкія часы. Затое ўзьнікла некалькі акцыянэрных таварыстваў, у тым ліку з прыцягненьнем замежнага капіталу. Найбуйнейшае — беларуска-нямецкае «Minаvto». Пра ўзьнікненьне ды гісторыю фірмы расказаў мне спадар Дзьмітрый Шэвель, які адказвае за мытныя справы ды збыт прадукцыі. Пачыналася ж усё так.
Шэвель: «Двое студэнтаў ін’язу паехалі ў Нямеччыну практыкавацца ў нямецкай мове, падпрацоўвалі на „Аўтасэрвісе“. У кавярні пазнаёміліся з прамыслоўцамі і расказвалі, што ў нас танныя энэргарэсурсы, працоўная сіла, спэцыялісты выдатныя яшчэ ад СССР. І ўпэўнілі немца, што ў нас можна зрабіць фірму. Ён рызыкоўны чалавек — Герхард Мор, вырашыў усё-ткі пачаць у Лагойску. Адабралі нас 20 чалавек — мы паехалі, паспрабавалі ў Нямеччыне вырабляць дэталі нямецкай якасьці на нямецкіх станках. Герхард Мор валы для рухавікоў рабіў, якія выкарыстоўваюцца для пад’ёма і апусканьня шкла, для „дворнікаў“ так званых — пастаўляліся фірмам „Валео“ і „Бош“. Некалькі мільёнаў дэталяў у год, 250 чалавек працуе. Зараз тое самае робіцца ў нас, і я з пэўнасьцю магу сказаць, што, гледзячы па аб’ёмах, у кожным эўрапейскім аўтамабілі стаіць дэталь з Лагойску. Сярэднія заробкі ў нас максымальныя па Лагойшчыне — недзе 450–480 даляраў. Наша фірма мае сэртыфікат якасьці міжнародны, і кожны год яго пацьвярджаем. Не дапускаецца браку ўвогуле…»

Спадар Шэвель — старшыня раённай суполкі Партыі БНФ. Акурат днямі прыняў рашэньне балятавацца на маючых адбыцца выбарах у парлямэнт. Дзьмітрый тлумачыць мне сваё рашэньне.

Шэвель: «Я падпарадкоўваюся партыйным рашэньням, гэта прымалася на сойме. Наша задача — паказаць, што гэтыя выбары несвабодныя і несправядлівыя, насельніцтва Беларусі нічога не вырашае, ідучы на выбары — за яго гэта робіць улада. Потым здымем кандыдатуры да пачатку галасаваньня. Няма ў нас сродкаў, каб данесьці ідэю байкоту ў масы. Ужо тое, што будзе магчымасьць сустрэцца і растлумачыць сваю і партыйную пазыцыю, цудоўна…»

Карэспандэнт: «Як ты ацэньваеш апазыцыйныя пэрспэктывы ў Лагойску?»

Шэвель: «Мы ведаем, колькі галасоў за нас было, калі Ляшчун высоўваўся — бачыў, колькі бюлетэняў у стосе „за“. Па Лагойску „намалявалі“ 20%, а рэальна пад 70 магло быць — збор подпісаў паказаў. Ахвотна падпісваліся…»

Пэўны аптымізм надаюць суразмоўцу і арганізаваныя летась праз сацыяльныя сеткі «маўклівыя акцыі пратэсту», што мелі свой рэзананс і ў Лагойску.

Шэвель: «Людзі прачыталі ў інтэрнэце заклік выходзіць на цэнтральныя плошчы гарадоў. Першы раз я выйшаў, думаў, ніхто ня прыйдзе — падцягнулася 5 чалавек. Наступная серада сабрала недзе 12, трэцяя — 19. Тады намі зацікавілася міліцыя. Пачалі адводзіць убок, пагражалі адвезьці ў РАУС. Пасьля водгуку ў „Нашай Ніве“ міліцэйскае начальства вырашыла, што мясцовыя не ўпраўляюцца, і пачалі засылаць АМАП. І калі людзі ўбачылі, што стаяць брытагаловыя ў цывільным, сталі баяцца падыходзіць. А я падышоў, мяне адразу пасадзілі ў аўтобус і прывезьлі ў РАУС. Аднаго чалавека пакаралі на тры базавыя і адседзеў суткі — прыпісалі нецэнзурную лаянку, а мне напісалі як ёсьць — „удзельнічаў у маўклівай акцыі пратэсту“. І за гэта далі тры базавыя…»

У 90-х Лагойшчына вызначылася тым, што ў Вярхоўны Савет 12 скліканьня прайшлі выключна апазыцыянэры — спадары Холад і Шут, якія ўвайшлі ў фракцыю БНФ. Аляксандар Шут жыве і зараз у Лагойску, працуе хірургам у мясцовай бальніцы. Захаваў свае погляды і перакананьні. Сябры і знаёмыя завуць яго Сан Санычам.

Карэспандэнт: «Памятаеце папулярную рубрыку ў савецкіх газэтах ды часопісах — „Куды сыходзяць чэмпіёны?“ Куды сыходзяць дэпутаты і што зараз думаюць пра тое, што адбываецца?»

Шут: «Дэпутаты нармальныя вяртаюцца да сваёй прафэсіі, а каторыя лісьлівыя, корпаюцца наверх (сьмяецца). Напрыклад, я на што вучыўся, на тое і нахіліўся — прафэсіі хірурга і ня кідаў…»

Карэспандэнт: «А што наагул прымусіла корпацца ў палітычным нутры?»

Шут: «Час такі быў — пачатак 90-х. Актыўнасьць вялікая была ў людзей — уступіў у БНФ, як стаў дэпутатам, балятаваўся яшчэ як камуніст. Спадзяваўся, што будуць вялікія зрухі і мы далучымся да ўсясьветнага грамадзтва. Прыйшлі, каб памяняць рэжым. Пасьля зразумелі, што магчыма, калі ёсьць нацыянальныя веды і рынкавыя адносіны…»

Карэспандэнт: «Зараз ідзе дыскусія пра ўдзел-няўдзел у парлямэнцкіх выбарах апазыцыі. Што скажаце?»

Шут: «Ці можна ўдзельнічаць у выбарах, калі грамадзтва недэмакратычнае?!»
Каб былі адкрытыя, можна было б пазмагацца — настрой у людзей зьмяніўся б праз 2 тыдні.

Карэспандэнт: «Вы за байкатаваньне?»

Шут: «Так! Калі пачынаюць біць за тое, што хочаш нешта сказаць, дык што?! Нармальная апазыцыя — „афіцыйная“, нават падтрымліваецца дзяржавай — напрыклад, у Канадзе людзі маюць кабінэты, аклады і працуюць. А ў нас апазыцыя — тыя, каго абражаюць „вашывымі блохамі“ і як толькі можна…»

Карэспандэнт: «Каб зараз былі выбары, вы б прайшлі?»

Шут: «Каб былі адкрытыя, можна было б пазмагацца — настрой у людзей зьмяніўся б праз 2 тыдні. Хаця б таму, што цэны высокія ў крамах „Белкаапэрацыі“, каторыя на кавалку хлеба тысячы накручваюць, літар малака — ад 5 да 10 тысяч.А прыватных надта мала — у Лагойску задушылі ўсё. Напрыклад, нам выгадней, чым у Лагойску, паехаць у Менск і набыць усё — і мяса, і кілбасу, і тварог. Тут нейкі запаведнік высокіх коштаў…»

Тым ня менш адна прыватная крама, «Паграбок», стала працуе ўжо 7 гадоў. Месьціцца, згодна з назвай, у падвальным памяшканьні, што не зьмяншае колькасьці наведвальнікаў. Кажа загадчыца, спадарыня Зоя Лысенка.

Лысенка: «Чалавек 300 — добра. Працуем безь сьпіртнога — гэта наша перакананьне. У нас і так добры таваразварот на шасьцярых — дзённы сярэдні 17 мільёнаў, мільёны два заробку выходзіць. Спаборніцтва зь дзяржаўнымі крамамі выйграем — прадукцыя заўжды сьвежая, прамыя дамовы — бярэм кілбасную прадукцыю з Барысава, той жа „Трайпл“, торцікі з 5-га хлебазаводу, хлебчык заўжды сьвежы…»

Ізноў да размовы з экс-дэпутатам Шутам.

Шут: «Незадавальненьне і ад таго, што прымушаюць людзей на ўсякія працы езьдзіць — то бульбу прыбіраць, то сена касіць, месьці-драіць вуліцы. Кажуць, як у савецкія часы, — ад гэтага прадпрыемства столькі даць людзей прыбіраць парк…»

Карэспандэнт: «Дарэчы, а што з працай?»

Шут: «Працоўных месцаў менш, і заробкі невысокія — мільён, два мільёны. Нават санітаркі імкнуцца ехаць працаваць у Менск, у Бараўляны. Раней спрабавалі рабіць нейкія мітынгі, а нам „дазвалялі“ на стадыёне. А мы можам і бязь іх у лесе сабрацца і паглядзець адно аднаму ў вочы…»

Карэспандэнт: «Прыкладна — колькі езьдзяць на працу ў Менск?»

Шут: «Мне здаецца, палова. Вакол тут лецішчаў столькі будуецца, расіяне бываюць — танны адпачынак, маляўнічыя мясьціны. Я думаю, Лагойск хутка будзе беларускім Давосам. (Сьмяецца.) Дэлегацый шмат прыяжджае: хто з сацыялістычным ухілам — у Хатынь езьдзіць, хто з дэмакратычным — на курорты. Хто будуецца па тыпу Рублёўкі. І дзелавыя пытаньні ў нас вырашаюцца ня менш на „Трайплах“ ці ў Сілічах. І прэзыдэнт сюды прыяжджае на салют паглядзець на стары Новы год…» (Сьмяецца). Думаю, гэта будзе і пры любой уладзе…»

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG