Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Недадэпутаты


Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык
Старшыня камісіі палаты прадстаўнікоў у нацыянальнай бясьпецы Ігнаці Місурагін упісаў сваё імя ў гісторыю – адным абзацам.

Характарызуючы лукашэнкаўскі пэрыяд, зусім магчыма, што побач са зьдзекам над мовай, над нацыянальнымі сымбалямі, гвалтоўнымі «зьнікненьнямі», масавымі рэпрэсіямі, марнаваньнем геапалітычнага і эканамічнага патэнцыялу – разам з усім гэтым і шмат чым іншым, будуць прыгадваць і характарыстыку, дадзеную Місурагіным сутнасьці важнага элемэнту дзяржаўнага ладу.

А менавіта – што ў Беларусі пры Лукашэнку парлямэнту не існуе.

У сваім адказе на ліст апазыцыйнага актывіста зь Сеньненшчыны Мікалая Петрушэнкі старшыня парлямэнцкай камісіі Місурагін напісаў, што «Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ня мае права даваць ацэнку дзеяньням дзяржаўных органаў, службовых асоб і прынятым імі рашэньняў, а таксама ствараць якія-небудзь камісіі, так як гэта не ўваходзіць у іх кампэтэнцыю. Сталыя камісіі таксама не валодаюць правам кантролю дзейнасьцi дзяржаўных органаў, у тым ліку і праваахоўных органаў».

Прызнаюся: калі я прачытаў гэта на адным з інфармацыйных сайтаў, блізкіх да апазыцыі, дык не паверыў.

Бо нават у часы СССР, у часы Брэжнева, калі ў Вярхоўныя Саветы прызначаліся даяркі, чабаны, мэханізатары, сталявары, заслужаныя настаўніцы (зрэшты, яны мелі нічым ня меншую палітычную самастойнасьць за акадэмікаў, паэтаў, касманаўтаў ды народных актораў) – савецкая прапаганда гнеўна абвяргала злосныя інсынуацыі буржуазнай прэсы, што савецкі парлямэнт нібыта ня мае ніякіх паўнамоцтваў. І паказвалі забугорным паклёпнікам артыкул 117 Канстытуцыі 1977 году, дзе казалася, што дэпутат мае права зьвярнуцца з запытам аж у Савет Міністраў – і атрымаць адказ у трохдзённы тэрмін. І артыкул 125, які прадугледжваў права ВС ствараць «калі палічыць патрэбным, сьледчыя, рэвізійныя і іншыя камісіі ў якім заўгодна пытаньні».

Але сайт арганізацыі «Наш дом» зьмясьціў фотаздымак ліста. Давялося паверыць...

Разам з копіяй гэтага гістарычнага сьведчаньня хачу даць яшчэ тры дакумэнты, якія выяўляюць зусім іншыя традыцыі сапраўднага беларускага парлямэнтарызму.

Першы – рэзалюцыя Прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова старшыні ВС БССР Мікалаю Дземянцею на маім да яго лісьце і адказ Дземянцея.

Нагадаю, што ў першы ж дзень працы Вярхоўнага Савету 12 скліканьня дэпутаты ад БНФ запатрабавалі стварэньня адмысловай камісіі для расьсьледаваньня дзейнасьці (больш дакладна – бязьдзейнасьці) службовых асоб пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Такая камісія была створаная, мы апыталі дзясяткі людзей, вывучылі сотні дакумэнтаў (на шмат якіх зь іх быў грыф сакрэтнасьці), і ўзьнікла неабходнасьць задаць пытаньні тагачасным найвышэйшым кіраўнікам СССР, найперш – Гарбачову. Дземянцей параіў Гарбачову сустрэцца з намі.

Спатканьне з Гарбачовым адбылося праз паўгода і мяне расчаравала, але ў кантэксьце сёньняшняй тэмы важна іншае.

Абраны народнымі дэпутатамі СССР прэзыдэнт Гарбачоў юрыдычна меў права ніяк не рэагаваць на зварот дэпутата рэспубліканскага парлямэнту. Яшчэ менш нагодаў спрыяць працы нашай парлямэнцкай камісіі меў Дземянцей, які ў 1986 годзе зьяўляўся членам Бюро і сакратаром ЦК КПБ па сельскай гаспадарцы і цудоўна разумеў, што на яго можа быць ускладзеная калі не юрыдычная, дык палітычная адказнасьць за сяўбу і збор ураджаю на забруджаных тэрыторыях. А ў восені 1990-га Дземянцей для нас, дэпутатаў БНФ, быў апанэнтам нумар 2 (пад нумарам 1 фігураваў першы сакратар ЦК КПБ Сакалоў), і ягоная адстаўка была нашым палітычным патрабаваньнем. Тым ня менш, ні Гарбачоў, ні Дземянцей не падвяргалі сумневу права дэпутатаў на выкананьне кантрольных функцыяў.

Апанэнтам нумар 3 быў старшыня Савету міністраў Вячаслаў Кебіч, якога мы крытыкавалі за нежаданьне рэфармаваць эканоміку. У часе красавіцкіх страйкаў 1991-га ягонай адстаўкі патрабавалі сто тысяч рабочых на плошчы перад Домам ураду, якіх падначаленая яму афіцыйная прэса падавала як уведзеных у зман палітыканамі-дэпутатамі з БНФ.

Тым ня менш, калі 18 красавіка гэтыя дэпутаты зьвярнуліся да Кебіча з запытам адносна інфармацыі, што Саўмін рыхтуе забарону палітычных страйкаў, камуфлюючы гэта пад законапраект – Кебіч адказаў нам імгненна, у той жа дзень (між іншым, як бачыць чытач – адказаў па-беларуску).

Ну і яшчэ адзін дакумэнт – пастанова Прэзыдыюму ВС аб паўнамоцтвах часовай камісіі па ацэнцы дзейнасьці ГКЧП, якая была створаная ў дзень абвяшчэньня Незалежнасьці – 25 жніўня 1991 году і якую ўзначальваў дэпутат Апазыцыі БНФ палкоўнік міліцыі Ігар Пырх. Можа падацца, што камісія мела надзвычайныя паўнамоцтвы – сапраўды, сярод іншага, права «неадкладнага доступу да дакумэнтаў любой важнасьці і сакрэтнасьці ўсіх дзяржаўных і грамадзкіх органаў, арганізацый і ўстаноў, разьмешчаных на тэрыторыі рэспублікі», «накіроўваць прапановы, абавязковыя для разгляду» дзяржаўнымі органамі, службовыя асобы павінны былі «прымаць меры на прапановы Часовай камісіі ў тэрмін не пазьней за 10 дзён».

Але насамрэч гэты дакумэнт меў хутчэй палітычнае значэньне – бо ўсе гэтыя паўнамоцтвы і магчымасьці ў дэпутатаў ВС былі і раней у адпаведнасьці з законам. І вынікалі яны з кантрольнай функцыі парлямэнту, якая ніколі не падвяргалася сумневу.

Праца абедзьвюх прыгаданых часовых камісіяў ВС мела плён. У першым выпадку грамадзтва нарэшце даведалася пра сапраўдны маштаб чарнобыльскай трагедыі (справаздачу камісіі ВС разглядаў два дні), і Вярхоўны Савет прыняў пакет неабходных законаў. Чарнобыльцы атрымалі льготы, была спыненая вытворчасьць сельгаспрадукцыі на забруджаных тэрыторыях. А камісія Пырха выявіла маштаб падтрымкі чынавенствам праімпэрскіх сілаў і паставіла пад сумнеў здольнасьць апарату будаваць незалежную дзяржаву (таму і запатрабаваў БНФ датэрміновых выбараў).

Заўважу, што гэта былі часовыя камісіі, створаныя адмыслова – у дадатак да сталых, якіх было два дзясяткі. Узаемаадносіны парлямэнту і выканаўчых органаў выклікалі ў нас шмат нараканьняў (Кебіч імкнуўся падмяць пад сябе Вярхоўны Савет), але факт застаецца фактам: калі дэпутаты Беленькі ці Гермянчук з БНФ, ці Качан альбо Ломаць з КПБ выказвалі крытыку ў бок пэўнага міністэрства – назаўтра міністар дасылаў тлумачэньне, а часта і сам прыходзіў у Авальную залю ды прасіў слова.

Мая рэтраспэктыва ў нядаўнюю гісторыю беларускага парлямэнтарызму будзе няпоўнай без узгадкі яшчэ адной камісіі – так званай “антыкарупцыйнай”, якую стварылі ў чэрвені 93-га на чале з дэпутатам Лукашэнкам. У той час ніхто не падвяргаў сумневу правамоцнасьць членаў камісіі і яе старшыні задаваць няёмкія пытаньні самым высокім службовым асобам, чым Лукашэнка скарыстаўся напоўніцу. Даўно заўважана, што прыхільнікі дыктатарскай мадэлі выкарыстоўваюць дэмакратычныя нормы і працэдуры дзеля прыходу ва ўладу – каб потым адразу іх ліквідаваць. Але з гэтай прычыны яны, нормы і працэдуры, не павінны рабіцца менш каштоўнымі.

Тое, што з трох клясычных функцыяў парлямэнту – заканадаўчай, прадстаўнічай і кантрольнай – у сучаснай Беларусі дзьве атрафіраваныя, было вядома даўно.

Заканадаўчая функцыя ў «палаты прадстаўнікоў» выключна фармальная – штампаваць, у большасьці выпадкаў нават без абмеркаваньня, тое, што даецца з прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Прадстаўнічая функцыя «палаты прадстаўнікоў» красамоўна адлюстраваная ў непрызнаньні міжнароднай супольнасьцю яе легітымнасьці – бо дэпутаты не выбіраюцца на свабодных і празрыстых выбарах і прадстаўляюць хіба тую ж адміністрацыю.

Усё гэта добра і даўно вядома, але ў некаторых захоўваліся ілюзіі, што «палата», умантаваная ў сыстэму, уяўляе сабой хай не найвышэйшую, але высокую частку ўладнай піраміды. Ну а як жа інакш? Дэпутаты засядаюць у Доме ўраду, ім далі дыпляматычныя пашпарты, у Авальную залю час ад часу прыходзяць прэм’ер і міністры, а раз на год – Лукашэнка, і кожны дэпутат мае права задаць яму пытаньне. У любой краіне асоба, якая мае такое гарантаванае права камунікаваць з кіраўніком дзяржавы, лічыцца высокапастаўленай фігурай.

Ігнаці Місурагін пацьвярджае зь першых вуснаў: усё гэта – бутафорыя.

І асобы ў «парлямэнце» ў сёньняшняй Беларусі – ніхто перад апошнім чыноўнікам раённага камунальнага ўпраўленьня.

Прынцыпы, замацаваныя ў брэжнеўскай Канстытуцыі 1977 году, застаюцца для іх у годзе 2012-ым – недасягальнай вышынёй.

Недадэпутаты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG