Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: Уладзімер Арлоў прэзэнтаваў кнігі «Бібліятэкі Свабоды»

абноўлена

Прэзэнтацыя дзьвюх кніг сэрыі «Бібліятэка Свабоды» з удзелам пісьменьніка Ўладзімера Арлова прайшла ў Берасьцейскай грэка-каталіцкай парафіі. На сустрэчы прысутнічала некалькі дзясяткаў чалавек.

У парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя пісьменьнік прэзэнтаваў сваю кнігу «Пакуль ляціць страла», а таксама «Слоўнік Свабоды» — апошнія выданьні зь «Бібліятэкі Свабоды».

На сустрэчы Ўладзімер Арлоў распавёў пра гэтыя кнігі, зачытаў урыўкі зь іх. Пісьменьнік сказаў, што хоць ён і ганаровы чытач Берасьцейскай абласной бібліятэкі, запрашаюць з прэзэнтацыямі яго звычайна ў іншыя месцы. Айцец Ігар Кандрацьеў падкрэсьліў, што ў грэка-каталіцкай парафіі заўсёды рады вітаць беларускіх пісьменьнікаў.

Берасьце: Уладзімер Арлоў прэзэнтаваў кнігі «Бібліятэкі Свабоды»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:44 0:00

Сустрэча зь пісьменьнікам праходзіла незвычайным парадкам. Чытачы адказвалі на пытаньні Арлова пра ягоныя творы, а той за гэта дарыў свае кнігі з аўтографам. Чытачы дзякавалі пісьменьніку. Жыхарка Берасьця Марыя Лукашук зачытала ўрывак зь ягонай апошняй кнігі, які яе найбольш уразіў.

Уладзімер Арлоў і Марыя Лукашук
Уладзімер Арлоў і Марыя Лукашук

Напрыканцы сустрэчы Ўладзімер Арлоў адказаў на пытаньні сваіх чытачоў, як асабістыя, так і пра гісторыю Беларусі. Не абмінулі і футбольную тэматыку. Уладзімер Арлоў распавёў, што адразу пасьля прэзэнтацыі зьбіраецца глядзець футбольны матч Польшча — Расея па тэлебачаньні ў Берасьці.

Пасьля прэзэнтацыі Ўладзімер Арлоў адказаў на пытаньні карэспандэнта Радыё Свабода:

— Спадар Уладзімер, уявіце, што вам наканавана было жыць у Берасьці і вы маглі б самі абраць час, калі тут жыць. То берасьцейцам якога стагодзьдзя, якіх гадоў вы б хацелі быць?

— Кідаю позірк на мінулае, і ў мяне разьбягаюцца вочы. Мне б хацелася пабыць берасьцейцам розных стагодзьдзяў. Але зараз падумалася, што найперш — берасьцейцам пачатку XV стагодзьдзя і стаць удзельнікам Вялікай вайны, якая прывяла да разгрому тэўтонцаў пад Грунвальдам. Як вядома, менавіта ў Берасьці праходзіла ў 1409 годзе нарада вялікага князя Вітаўта і караля Ягайлы. Тады і было вырашана нанесьці Тэўтонскаму ордэну канчатковы ўдар. А раптам удалося б трапіць на тую сустрэчу?

Мне б хацелася стаць ваяром Берасьцейскай харугвы, якая зрабіла свой унёсак у Грунвальдзкую перамогу. Але тут узьнікае супярэчнасьць, бо я б хацеў быць і рыцарам Полацкай харугвы, якая таксама здабыла сабе славу на полі Грунвальду.

— Якая, на ваш погляд, найбольш значная падзея ў гісторыі Берасьця?

— Для мяне гэта Берасьцейская царкоўная унія 1596 году.

— Калі б вам давялося прымаць удзел у якой-небудзь значнай падзеі ў гісторыі Берасьця, ці хацелі б вы нешта зьмяніць?

— Я хацеў бы нейкім чынам прадухіліць злачынства, якое адбылося ў першай палове ХІХ стагодзьдзя, калі каляніяльныя расейскія ўлады зьнішчылі старажытнае Берасьце — адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Усходняй Эўропы, дзеля таго каб на яго месцы збудаваць сваю Берасьцейскую крэпасьць.

— Берасьцейскі дзяржаўны ўнівэрсытэт носіць імя вялікага расейскага паэта Аляксандра Пушкіна. Калісьці студэнты гэтай ВНУ дабіваліся перайменаваньня яе, каб яна насіла імя Ўсевалада Ігнатоўскага. Праўда, з гэтага нічога ня выйшла. Вядома, што выдатны беларускі гісторык Усевалад Ігнатоўскі паходзіць зь Берасьцейшчыны. А вось Пушкін жыў і тварыў трошкі далей ад гэтай тэрыторыі. Такое пытаньне — у чый гонар павінен быць названы Берасьцейскі ўнівэрсытэт?

— Лічу, што калі студэнты і выкладчыкі Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту змагаліся за наданьне сваёй вышэйшай школе гэтага імя, яны абсалютна мелі рацыю. Бо Ўсевалад Ігнатоўскі — выдатны гісторык, першы прэзыдэнт Беларускай Акадэміі Навук. Яго імя дагэтуль на высокім дзяржаўным узроўні так і не ўшанавана.

— Колькі гадоў таму ў Берасьці ўсталявалі «помнік тысячагодзьдзя гораду». Тады тачыліся гарачыя дыскусіі, скульптуры якіх дзеячаў павінны быць на гэтым помніку. А каго б найперш адлюстравалі вы на тым помніку?

— Наконт таго, якія дзеячы маглі б быць на гэтым помніку, я мог бы адказваць даволі доўга. Але лічу, што там абавязкова павінен прысутнічаць вобраз вялікага князя і караля Ягайлы, які ў 1390 годзе надаў Берасьцю, першаму з сучасных беларускіх гарадоў, Магдэбурскае права. Потым яго атрымала большасьць нашых гарадоў. Гэта сьведчыла пра арганічную ўлучанасьць радзімы продкаў у агульнаэўрапейскую цывілізацыю.

— Аднойчы адна бабулька з-пад Берасьця задала цікавае пытаньне. Яна сказала: «Вось я ж не размаўляю па-беларуску, тут усе людзі ў вёсках пад Берасьцем размаўляюць на нейкай падобнай да ўкраінскай мове. То вось скажы мне, хлопча, ці маю я права называцца беларускай?» Спадар Уладзімер, а як бы вы адказалі той бабульцы?

— Напэўна, для бабулькі я б падабраў нейкія іншыя аргумэнты. А вам хачу сказаць, што тая супольнасьць, якую мы называем нацыяй, грунтуецца ня толькі на агульнасьці мовы. Яшчэ і на агульнасьці гісторыі, гістарычнага мінулага. На агульнасьці дзяржаўнага патрыятызму. У свой час Яўхім Карскі стварыў «Мапу беларускага племені», якая грунтавалася якраз на моўным прынцыпе. Але значна больш дакладнай і сапраўды навуковай, гістарычнай стала мапа, падрыхтаваная Мітрафанам Доўнар-Запольскім, які разглядаў таксама гістарычны і этнаграфічны чыньнікі, а ня толькі лінгвістычны.

Я думаю, што можна было б знайсьці больш простыя словы, каб данесьці гэтую думку і да бабулі.

— Якія вашыя ўлюбёныя мясьціны на Берасьцейшчыне? Куды вам хочацца вяртацца зноў і зноў?

— Скажу іначай: куды вяртаюся зноў і зноў. Я вяртаюся ў Марачоўшчыну, на радзіму Тадэвуша Касьцюшкі. Адчуваю патрэбу ўбачыць фантастычную калянаду Ружанскага палаца Сапегаў. Некалькі разоў бываў у мястэчку Воўчын, на радзіме нашага апошняга вялікага князя і караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага — асобы супярэчлівай і трагічнай. Вельмі рады, што Траецкі касьцёл у Воўчыне, дзе пэўны час спачывалі парэшткі Станіслава Аўгуста, нарэшце, дзякуючы рэстаўратарам, вяртаецца да жыцьця.

Безумоўна, сярод такіх мясьцінаў і само Берасьце, дзе жывуць мае чытачы, мае сябры. Сярод іх — бацькі Сяргея Бахуна Тамара Ўладзімераўна і Пётар Мацьвеевіч, у гасьцінным доме якіх ня раз адбываліся прэзэнтацыі маіх новых кніг. У Берасьці жыве вельмі сымпатычны мне чалавек — Марыя Пракопаўна Лукашук, мама Аляксандра Лукашука, дырэктара беларускай службы Радыё Свабода і, па сумяшчальніцтве, «бібліятэкара «Свабоды», як ён апошнім часам сябе называе. У Берасьці люблю сустрэцца зь Міколам Кузьмічом, тым чалавекам, які стварыў вобраз крыжа Сьвятой Эўфрасіньні. Можна сказаць, са мною заўсёды маленькі «вобраз гэтага вобраза» — крыжык, які таксама памятае рукі гэтага майстра.

Уладзімер Арлоў падпісвае кнігу аднаму зь нямногіх беларускамоўных школьнікаў Берасьця Францішку Вялічкіну
Уладзімер Арлоў падпісвае кнігу аднаму зь нямногіх беларускамоўных школьнікаў Берасьця Францішку Вялічкіну
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG