Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская апазыцыя апублікавала «Маніфэст свабоднай Расеі»


На паседжаньні аргкамітэту
На паседжаньні аргкамітэту

У Маскве сёньня праходзіць экстранае паседжаньне аргкамітэту прызначанай на 12 чэрвеня апазыцыйнай акцыі «Марш мільёнаў».

Як паведамляюць у Твітэры грамадзянскія актывісты, на паседжаньні будуць абмяркоўвацца далейшыя дзеяньні ў сувязі з ператрусамі ў кватэрах апазыцыянэраў. Супрацоўнікі паліцыі прыйшлі сёньня да Аляксея Навальнага, Сяргея Ўдальцова, Ільлі Яшына, Барыса Нямцова і тэлевядучай Ксеніі Сабчак. Усіх іх выклікалі на допыт у Сьледчы камітэт 12 чэрвеня — дзень правядзеньня «Маршу мільёнаў»

Ператрусы праводзіліся ў сувязі са справай аб масавых беспарадках на Балотнай плошчы 6 траўня. 12 чэрвеня выкліканыя на допыт апазыцыянэры плянавалі выступіць на чарговым «Маршы мільёнаў» у Маскве, раней дазволеным уладамі.

Тым часам, група расейскіх апазыцыянэраў распаўсюдзіла «Маніфэст свабоднай Расеі», у якім былі сфармуляваныя мэты пратэстнага руху. «Маніфэст» прымеркаваны да маючага адбыцца «Маршу мільёнаў», у ім прапануецца «дэмантаж палітычнага ладу» краіны негвалтоўным шляхам — «у рамках дзеючай Канстытуцыі». У ліку галоўных мер, неабходных для стварэньня фундамэнтальных асноў грамадзтва і дзяржавы, апазыцыянэры называюць адстаўку Ўладзіміра Пуціна, які зьяўляецца «знакам сыстэм».

У ліку першачарговых задач называюцца зьмена улады негвалтоўным шляхам, новы закон аб выбарах, абмежаваньне паўнамоцтваў прэзыдэнта.

Палітык Барыс Нямцоў заявіў, што для выкананьня гэтых мэтаў павінны быць выкарыстаны усе формы мірнага грамадзянскага пратэсту: маршы, мітынгі, страйкі, кампаніі грамадзянскага непадпарадкаваньня і мірнага ціску на органы ўлады. Адказнасьць за падрыхтоўку і правядзеньне пратэстных акцый, на думку Нямцова, возьме на сябе Каардынацыйная рада", які складаецца з прадстаўнікоў розных палітычных сілаў і грамадзянскай супольнасьці і выбіраецца паводле празрыстай працэдуры, шляхам адкрытага галасаваньня«.

У «Маніфэсьце свабоднай Расеі», — піша Нямцоў, — дадзены адказы на тры пытаньні: чаму пажыцьцёвае праўленьне Пуціна катастрафічна для нашай краіны, як пазбавіць краіну ад пуцінізму і як уладкаваць Расею пасьля Пуціна.

У «Маніфэсьце свабоднай Расеі», у прыватнасьці, прапануецца:

«1. Адстаўка Ў.Пуціна як знака сыстэмы.

2. Распрацоўка праекта новага закону аб выбарах у парлямэнт, які забясьпечвае абраньне парлямэнту на сумленных празрыстых канкурэнтных выбарах. У гэтых праектах неабходна ўлічыць патрабаваньні, вылучаныя на масавых акцыях пратэсту.

3. Прыняцьце гэтага законапраекту дзеючым парлямэнтам. Гэта стане яго апошняй і адзінай функцыяй.

4. Паводле новага заканадаўстве праводзяцца новыя выбары ў парлямэнт.

5. Ізноў абраны парлямэнт разглядае і выносіць на рэфэрэндум праект новай Канстытуцыі Расеі, які істотна абмяжоўвае паўнамоцтвы і тэрмін знаходжаньня ва ўладзе прэзыдэнта (адзін тэрмін у 6 гадоў або 2 па 4 гады) і пашырае паўнамоцтвы парлямэнту ў фарміраваньні ўраду і правядзеньні парлямэнцкіх расьсьледаваньняў.

6. Ізноў абраны парлямэнт прымае новы закон аб выбарах на пасаду прэзыдэнта Расійскай Фэдэрацыі і прызначае дату выбараў. Прымаюцца законы, якія гарантуюць мясцовае самакіраваньне і прамыя выбары губэрнатараў.

7. Ізноў абраны парлямэнт разглядае і прымае закон аб пераўтварэньні органаў суду, пракуратуры, сьледзтва і паліцыі, які прадугледжвае ачышчэньне іх ад асоб, якія заплямілі сябе злачынствамі. Таксама яна прымае новы закон аб рэфэрэндуме, які значна палягчае працэдуру яго правядзеньня».

«Маніфэст свабоднай Расеі», паводле паведамленьня Барыса Нямцова, падпісалі: Сяргей Удальцоў, Гары Каспараў, Барыс Нямцоў, Ільля Панамароў, Яўгенія Чырыкава, Аляксей Навальны, Ільля Яшын, Анастасія Ўдальцова, Аляксандар Бялоў, Андрэй Піянткоўскі, Аляксандар Рыклін, Мікалай Бяляеў, Дзяніс Білуноў, Аляксей Сахнін, Міхаіл Шнэйдэр, Сяргей Давідзіс, Іван Цютрын, Пётар Царкоў, Леанід Разважаеў, Даніла Ліндэле, Пётар Вярзілаў, Алена Папова, Аліса Абразцова. Дакумэнт застаецца адкрытым для падпісаньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG