Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абмежаваньні выдачы візаў у аэрапорце — не на карысьць турызму


Новыя правілы выдачы беларускіх нацыянальных віз ускладняюць разьвіцьцё ўязнога турызму. Такое меркаваньне выказаў агенцтву БелаПАН дырэктар саюзу турыстычных арганізацыяў Валянцін Цэхмейстэр.

Турыстычныя кампаніі, адзначыў ён, пастаўленыя ў складанае становішча, калі іх, з аднаго боку, абавязалі разьвіваць уязны турызм, з другога — ставяць для гэтага перашкоды.

Паводле новых візавых правілаў, магчымасьць атрыманьня візаў у нацыянальным аэрапорце «Менск» з 1 верасьня 2012 г. захоўваецца толькі для грамадзянаў тых дзяржаў, у якіх адсутнічаюць дыпляматычныя і консульскія прадстаўніцтвы Беларусі. Грамадзяне краінаў, дзе ёсьць беларускія консульскія службы, змогуць атрымаць візу ў аэрапорце, толькі калі яны прыбываюць у складзе афіцыйных дэлегацый на запрашэньне прадстаўнікоў дзяржструктураў Беларусі або ў сувязі зь цяжкім захворваньнем або сьмерцю блізкіх сваякоў. Раней можна было выбіраць, дзе адкрываць візу — у консульстве Беларусі або ў нацыянальным аэрапорце «Менск».

Цэхмейстэр лічыць, што рашэньне зьвязана з тым, што «консульскія ўстановы МЗС знаходзяцца на самаакупнасьці і зацікаўлены, каб візы адкрывалі ў іх». Разам з тым для бюджэту Беларусі «больш выгадна, каб візы адкрывалі якраз у аэрапорце па прылёце, бо там яны значна даражэйшыя». Цэхмейстэр адзначае, што меркаваньне турапэратараў, а таксама Міністэрства спорту і турызму было праігнараванае.

Прэсавы сакратар Міністэрства спорту і турызму Ўладзімер Несьцяровіч паведаміў агенцтву БелаПАН, што на стадыі абмеркаваньня візавых правілаў пазыцыя ведамства зводзілася да таго, што візы ў аэрапорце выдавацца павінны па старых правілах. Цяпер, сказаў ён, «нам застанецца толькі працаваць у рамках існуючага заканадаўства». Разам з тым мінспорт з задавальненьнем адзначае, што ўпершыню падставай для атрыманьня беларускай візы вызначана лячэньне на тэрыторыі нашай краіны. «Гэта дазволіць больш актыўна разьвіваць мэдычны турызм, які ў апошні час пачаў набіраць абароты», — сказаў Несцяровіч.

Штогод у нацыянальным аэрапорце «Менск» афармляецца каля трох тысячаў візаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG