Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец: «У глыбінцы пануе страх»


Павал Севярынец
Павал Севярынец

Штогадовую справаздачу Дзярждэпартамэнту ЗША пра сытуацыю ў сьвеце з правамі чалавека пракамэнтаваў сузаснавальнік незарэгістраванай партыі БХД Павал Севярынец, які адбывае тры гады «хіміі» ў Пружанскім раёне за падзеі 19 сьнежня 2010 году.

Павал Севярынец адзначыў, што партыя «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» ўжо некалькі гадоў ня можа атрымаць рэгістрацыю, што таксама не абмінулі ўвагай назіральнікі з ЗША.

«Агулам становішча з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца. З 2010 году проста пайшоў абвал. Зараз цяжка гаварыць увогуле пра гарантыю нейкіх правоў, бо справа ня ў тым, што нешта парушаецца, а нешта не парушаецца. Ўціск і парушэньні практычна ва ўсіх галінах. У некаторых проста задакумэнтаваныя парушэньні, пра іх гавораць і пішуць. А ў некаторых ужо парушэньні ўяўляюцца нормай. Тое, што правоў няма ў вязьняў турмаў ці „хімікаў“, гэта зразумела, але, па вялікім рахунку, без правоў жыве ўся Беларусь. Нерэгістрацыя палітычных партыяў — гэта ўжо не зьдзіўляе, калі толькі за зьяўленьне зь бел-чырвона-белым сьцягам на вуліцы людзей б’юць без суду і сьледзтва, да траўмаў. Што казаць, калі маладафронтаўцаў абсалютна на ліпавых падставах саджаюць на суткі канвэерам, а грамадзтвам гэта ўжо спакойна ўспрымаецца? На гэта ўжо не зьвяртаюць увагі. Але гэта азначае, што стан з правамі чалавека ў Беларусі летам 2012 году насамрэч жахлівы. Побач адбываецца чэмпіянат Эўропы па футболе-2012, у 2014 годзе ў нас будзе чэмпіянат па хакеі, а ў гэты самы час у Беларусі з правамі чалавека проста правал. І пры гэтым улада просіць гранты ад Эўропы на новыя турмы. Тут ужо патрэбны новы Швэйк, каб гэта паказаць».

Карэспандэнт: «Вы зараз знаходзіцеся ў глыбінцы. Што там адбываецца з правамі чалавека?»

Павал Севярынец: «Усе баяцца, а ўлада гэтым карыстаецца. Калі хтосьці вытыркнецца, адразу пачынаюцца парушэньні правоў чалавека. Бо ні права на свабоду слова, ні права на свабоду сходаў няма. Як і няма свабоды на веравызнаньне. Як толькі дзе сабраліся памаліцца пратэстанты не ў малельным доме, чакай адразу прадстаўнікоў улады, якія будуць выстаўляць прэтэнзіі. Што казаць — вось тут у Пружанах на мінулым тыдні прыяжджаў аркестар у баптысцкую царкву. Прасілі ўладу, каб дазволілі правесьці бясплатны канцэрт для ўсяго гораду. Не, не дазволілі. Грайце ў сябе на падворку. А падворак маленькі, слухаць там немагчыма. Не, цясьніцеся там. Гэта адзін з прыватных выпадкаў, але гэта характарызуе ўсю сытуацыю».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG