Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Карбалевіч атрымаў прэмію «Цайт»


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Аналітык «Свабоды», аўтар перадачы «Экспэртыза Свабоды» і палітычных блогаў на нашым сайце, Валер Карбалевіч атрымаў сёньня прэмію «Свабодная прэса Ўсходняй Эўропы» імя Герда Буцэрыюса.

Урачыстасьці ў гарадзкой ратушы Гамбургу адкрыў мэр гораду Олаф Шольц. Ён і кіраўнік фонду Буцэрыюса Міхаэль Гёрынг гаварылі аб праблеме свабоды слова ў постсавецкіх дзяржавах і неабходнасьці падтрымліваць тых, хто прадстаўляе там незалежную журналістыку ва ўмовах рэпрэсіяў, перасьледу, паклёпу і запалохваньня.

Валер Карбалевіч уганараваны прэміяй ня толькі за аналітычнасьць сваіх публікацыяў на Радыё Свабода і ў газэце «Свободные новости плюс», але і за сьмеласьць, гатоўнасьць абараняць свабоду слова і дэмакратычныя каштоўнасьці. Была адзначаная таксама кніга Карбалевіча «Аляксандар Лукашэнка. Палітычны партрэт».
Я ўспрымаю гэтую ўзнагароду як падтрымку з боку Эўропы ня толькі асабіста мяне, а як падтрымку беларускай незалежнай журналістыкі.

Валер Карбалевіч пасьля атрыманьня прэміі сказаў:

«Я ўспрымаю гэтую ўзнагароду як падтрымку з боку Эўропы ня толькі асабіста мяне, а як падтрымку беларускай незалежнай журналістыкі, падтрымку свабоды слова ў Беларусі, адносна якой сёньня існуюць вялікія праблемы».

Валер Карбалевіч перакананы, што беларуская журналістыка зь цягам часу стане свабоднай:

«Гэта непазьбежнасьць, і асабліва цяпер, калі зьяўляюцца новыя магчымасьці, інтэрнэт, зь якімі змагацца ўладам вельмі цяжка. Інтэрнэт вельмі моцна раскрывае прастору свабоды слова, вольнай журналістыкі. І я ўпэўнены, што гэтая прастора будзе ўвесь час пашырацца».

Аналітык інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі знаёмы з Карбалевічам больш за 20 гадоў. У часы перабудовы ён працаваў рэдактарам газэты «Знамя юности», куды Валер прыносіў свае першыя тэксты. Віншуючы Карбалевіча з прэміяй, Класкоўскі назваў яго «вэтэранам беларускай мэдыйнай аналітыкі»:

«Карбалевіч піша ўзважаную аналітыку. У яго нямала крытыкаў, якія кажуць, што ён недастаткова рашучы, але мне падаецца, што каштоўнасьць ягонай працы менавіта ў тым, што гэта не барыкадная журналістыка, а жорсткі і бязьлітасны аналіз, жорсткая непрыемная праўда».
Каштоўнасьць ягонай працы менавіта ў тым, што гэта не барыкадная журналістыка, а жорсткі і бязьлітасны аналіз, жорсткая непрыемная праўда.

Паводле спадара Класкоўскага, у Беларусі для незалежнай журналістыкі, якая цярпіць ад дыскрымінацыі, вельмі важная падтрымка дэмакратычных краін. «Гэта несумненна высакародная справа».

Аляксандар Уліцёнак, шэф-рэдактар газэты «Свободные новости плюс», якая раней таксама атрымала прэмію «Цайт», кажа пра вялікі ўнёсак Карбалевіча ў разьвіцьцё выданьня. Валер працягвае свае штотыднёвыя аналітычныя публікацыі ў гэтай газэце.

«І хоць гэтая прэмія — для маладой беларускай журналістыкі, я хачу сказаць, што і газэта, і Валер Карбалевіч, і ў цэлым беларуская незалежная дэмакратычная журналістыка за гэты час пасталелі, у тым ліку дзякуючы высокім парамэтрам, высокай планцы, якую цягам апошніх 20 гадоў дэманструе Валер Карбалевіч».

Аляксандар Уліцёнак лічыць ня менш важным за матэрыяльную падтрымку незалежных беларускіх СМІ з боку эўрапейскіх фондаў прафэсійнае прызнаньне ад эўрапейскіх калег.


Арганізатары конкурсу — нямецкі фонд «Цайт-Штыфтунг» і нарвэская фундацыя «Вольнае слова».

Разам з Валерам Карбалевічам прэмію атрымалі блогер маскоўскага радыё «Эхо Москвы» Вольга Раманава, журналістка радыёстанцыі «Азатутюн» (Баку) Дадзіжа Ізмаілава; каўкаскі часопіс «ДОШ»; тыднёвік «Український тиждень» (Кіеў).

У папярэднія гады прэмію «Маладая прэса Ўсходняй Эўропы» атрымлівалі інфармацыйная кампанія БелаПАН, беларускія газэты «Віцебскі кур’ер», «Белорусский рынок», «Пагоня», «Салідарнасьць» і іншыя незалежныя беларускія СМІ.

Прэмія імя Герда Буцэрыюса «Маладая прэса Ўсходняй Эўропы» была заснаваная ў 1999 годзе нямецкім фондам «Цайт Штыфтунг».

Герд Буцэрыюс — заснавальнік штотыднёвіка «Die Zeit». Пад канец жыцьця ён пажадаў, каб частка ягоных сродкаў перайшла ў адмысловы фонд для заахвочваньня незалежных журналістаў у Эўропе. Прэмія, якая носіць яго імя, уручаецца ад 2000 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG