Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўшчына. Узмацняецца ціск на прафсаюзных актывістаў


У Бабруйску чацьвёрты дзень ня можа трапіць на сваё працоўнае месца на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў старшыня мясцовай суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага Міхаіл Кавалькоў.

Яму не выпісваюць пропуск. Праблемы з допускам на завод у яго ўзьніклі пасьля калектыўнага патрабаваньня працаўнікоў павысіць заробкі.

Міхаіл Кавалькоў сьцьвярджае, што сёньня палову свайго працоўнага дня зноў правёў ля прахадной заводу. Пропуск яму так і ня выдалі. Ня трапіў старшыня суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага і на канфэрэнцыю працоўнага калектыву. Міхаіл Кавалькоў заяўляе:

«Гэта робіцца ўсё наўмысна. Сёньня зьявілася абвестка, што 24 траўня адбудзецца канфэрэнцыя працоўнага калектыву ў пытаньні выкананьня працоўнай дамовы. Пра тое, што будзе канфэрэнцыя — у панядзелак і аўторак яшчэ не было вядома. Але ў панядзелак і аўторак я ня трапіў на працу. Мне проста перакрылі доступ. Ніхто не наважваецца даць дазвол на выдачу разавага пропуску. Зьвязана гэта ўсё з маёй дзейнасьцю як прафсаюзнага работніка».

Праблемы з допускам на завод, як кажа Міхаіл Кавалькоў, пачаліся летась, 28 лістапада. Незадоўга да гэтага дня заводзкая суполка незалежнага прафсаюзу перадала кіраўніцтву прадпрыемства зварот з больш як тысячу подпісаў працаўнікоў з патрабаваньнем павысіць заробкі ўдвая.

«Калі раней, у сьнежні, дапусьцім, гадзіну-паўтары я губляў на тое, каб атрымаць гэты разавы пропуск, то пазьней ужо да чатырох гадзін даходзіла. У аўторак я напісаў заяву ў пракуратуру і запатрабаваў, каб былі прынятыя захады пракурорскага рэагаваньня па прадухіленьні прававой сваволі і каб мяне аднавілі ў працоўных правах», — кажа Міхаіл Кавалькоў.

У адміністрацыі прадпрыемства заявілі, што Міхаіл Кавалькоў спазьняецца на працу, таму і ўзьнікаюць праблемы з допускам яго на завод.

«Ён абавязаны прыйсьці да 8 гадзіны раніцы на працу, як усе мы гэта робім. Няхай выпісвае пропуск і ідзе на працу. Хто яму перашкаджае? Калі вось гэтым заняцца пытаньнем, то цягам дзесяці-пятнаццаці хвілін, ну, я вырашу гэтае пытаньне. Абы гэтаму чалавеку скандал утварыць на пустым месцы», — заявіў прадстаўнік адміністрацыі прадпрыемства.

Міхаіл Кавалькоў ля заводзкай прахадной прастаяў у чаканьні пропуску да трынаццатай гадзіны дня. Заўтра ён зноў прыйдзе на завод.

На яшчэ адным бабруйскім прадпрыемстве, «Белшына», дзеіць суполка Беларускага незалежнага прафсаюзу. У яе старшыні Міхаіла Ўсьціновіча пакуль не было праблемаў з допускам на прадпрыемства. Праўда, Усьціновіч — ня вызвалены прафсаюзны работнік, як ягоны калега Міхаіл Кавалькоў. Спадар Усьціновіч кажа, што ціск на сяброў незалежнага прафсаюзу існуе:
Тыя, хто ўступае ў нашу арганізацыю, тут жа на іх аказваецца ціск.

«Тыя, хто ўступае ў нашу арганізацыю, тут жа на іх аказваецца ціск. Гэта было і застаецца. Усе баяцца пратэстных настрояў, прычым арганізаваных. Адразу на корані ўсё сьсякаюць. Моладзь у асноўнай сваёй масе зарабляе менш, чым старэйшыя работнікі. Ары й не абурайся. Моладзь абсалютна абурана такой сытуацыяй. Яны звальняюцца».

У Магілёве ніводная суполка незалежных прафсаюзаў ня мае легальнага статусу на прадпрыемствах. Актывістаў, якія выказваюць нязгоду зь дзеяньнямі адміністрацыі, звальняюць на падставе заканчэньня працоўных кантрактаў. Ад пачатку году такім чынам звольнілі пяцёх прафсаюзьнікаў і «патэнцыйна небясьпечных» для кіраўніцтва прадпрыемства работнікаў. Юрысконсульт Свабоднага прафсаюзу Беларускага Сяргей Фамін зазначае:

«Адміністрацыя на сёньня на прадпрыемствах і цар і бог. Яна лічыць, што працаўнікі — іхная ўласнасьць. Тым больш з увядзеньнем гэтай кантрактнай сыстэмы, калі чалавек цалкам залежны, як прыгонны. Усё гэта зьвязана зь беспакаранасьцю. Начальства лічыць, што яно беспакаранае».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG