Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вэстсайдзкая гісторыя» ў Беларусі


Часовы павераны ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Майкл Скэнлан
Часовы павераны ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Майкл Скэнлан

Культавы амэрыканскі м’юзыкал Леанарда Бэрнстайна (кампазытар) і Джэрама Робінса (харэограф) «Вэстсайдзкая гісторыя» 23 траўня будзе прадстаўлены беларускай публіцы. Пастаноўку падрыхтаваў Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатар.

Праца над шоў доўжылася два гады. Беларускай трупе дапамагалі амэрыканскія прафэсіяналы — харэографы Пол Эмэрсан і Джэйсан Ігнасіё і дырыжор Філіп Сыманс. Усё гэта стала магчыма дзякуючы дапамозе амбасады ЗША ў Беларусі.

Перад прэм’ерай на пытаньні Радыё Свабода адказвае Часовы павераны ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Майкл Скэнлан.

— Спадар Скэнлан, як амбасада ЗША дапамагла беларускім гледачам убачыць брадвэйскі м’юзыкал?

— Мы вельмі рады, што адбылася пастаноўка гэтага м’юзыкла тут, у Беларусі. Гэта вынік двухгадовай сумеснай адданай працы Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатру і амэрыканскіх харэографаў і дырыжора, якія працавалі над гэтым праектам дзякуючы падтрымцы амбасады. Самае важнае, што мы зрабілі, — гэта набылі ліцэнзію на пастаноўку м’юзыкла ў Беларусі.

— Які менавіта фінансавы ўнёсак зрабіла амбасада?

— Сама ліцэнзія каштавала 30 тысяч даляраў. Было вельмі важна іх заплаціць, бо гэта справа інтэлектуальнай уласнасьці. Трэба, каб усё адбывалася належным чынам. Гэта выдатнае шоў, але людзі павінны атрымліваць узнагароду за тое, што яны робяць сваю працу.
Цягам двух гадоў было інвэставана шмат. Але сапраўднае ўкладаньне зрабілі акторы і музыкі Музычнага тэатру.

І, вядома, мы аплацілі транспартныя выдаткі і перабываньне тут амэрыканскіх прафэсіяналаў — дырыжора, харэографаў. Мы таксама накіравалі беларускага харэографа ў Злучаныя Штаты на тры тыдні, каб ён паглядзеў, як гэта працуе там. Цягам двух гадоў было інвэставана шмат. Але сапраўднае ўкладаньне зрабілі акторы і музыкі Музычнага тэатру. Іхная праца была адданая — і выйшла захапляльнае шоў.

— Чаму абралі менавіта «Вэстсайдзкую гісторыю?»

— Асабіста для мяне гэта самая любімая пастаноўка, але абралі яе не таму. Выпадкова атрымалася. Я думаю, што яна адлюстроўвае пэўныя ўнівэрсальныя каштоўнасьці: людзі здольныя быць разам, здольныя знаходзіць супольную мову. Нас шмат што падзяляе, але гэта штучна створаныя бар’еры. Гэта і фізычныя бар’еры, але і перадузятасьць, і непаразуменьне... Аднак калі людзі хочуць быць разам — гэта магчыма. Думаю, таму гэты м’юзыкал і быў абраны для пастаноўкі ў Беларусі.

— Памятаеце, як вы самі ўпершыню пабачылі «Вэстсайдзкую гісторыю?»

Майкл Скэнлан: «Мне было гадоў 8–10. І, ведаеце, гэта выдатная гісторыя: там групоўкі б’юцца паміж сабою, яна рамантычная, акторы ўвесь час сьпявалі і танцавалі. Гэта было вельмі захапляльна. А таксама вельмі ўласьцівы для амэрыканцаў хэпі-энд...»

— Што вы пажадаеце беларускім гледачам, асабліва з абласных, невялікіх гарадоў, якія ўпершыню пабачаць гэты м’юзыкал?
Мы хочам паказаць хаця б маленькі кавалачак Амэрыкі тым людзям, якія жывуць не ў сталіцы.

— Добрае пытаньне. Калі да нас прыйшла гэтая ідэя, мы адразу вырашылі, што пастаноўку павінны пабачыць ня толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах. Гэта была абавязковая ўмова. Мэта ўсталяваньня культурных сувязяў — гэта прадставіць нешта як мага большай колькасьці людзей і як мага шырэй. Калі ты жывеш у вялікім горадзе, то ў цябе заўсёды больш магчымасьцяў штосьці пабачыць і знайсьці. А гэты м’юзыкал пабачаць і ў рэгіёнах, бо мы хочам паказаць хаця б маленькі кавалачак Амэрыкі тым людзям, якія жывуць не ў сталіцы. І я лічу, што гэты м’юзыкал якраз выконвае гэтую мэту, бо ён яшчэ і дэманструе сумесныя намаганьні беларусаў і амэрыканцаў.

— Якія наступныя культурныя праекты рыхтуе амбасада?

— Нас натхняе тое, што нам удалося зрабіць. Бо калі быць шчырым, то калі сталі працаваць над гэтым праектам, то задаваліся пытаньнем — ці гэта рэалістычна, ці атрымаецца? Бо гэта вялізны праект. Мы зьдзівілі самі сябе — і беларусы, і амэрыканцы. У нас атрымалася гэта зрабіць. І калі мы гэта зрабілі, то зараз будзем шукаць новыя магчымасьці.

Насамрэч ужо рэалізуюцца іншыя праекты. Напрыклад, 6 чэрвеня ў Берасьці і 8 чэрвеня ў Менску адбудуцца брадвэйскія шоў — там сабраныя нумары з розных м’юзыклаў, у тым ліку і з «Вэстсайдзкай гісторыі». Такіх мерапрыемстваў будзе больш. Бо калі сьнежны ком зрушыцца зь месца, то яго ўжо нічога ня спыніць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG