Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Тайшэтам ушанавалі памяць айцоў Цікоты і Станкевіча


У абедзьвюх акцыях узяў удзел беларускі гісторык, доктар Юрась Гарбінскі, які ад 10 траўня знаходзіцца ў Іркуцкай вобласьці і выяўляе акалічнасьці і месца сьмерці гэтых вядомых постацяў беларускай гісторыі.

Крыж на магіле архімандрыта Андрэя Цікоты пад Тайшэтам
Крыж на магіле архімандрыта Андрэя Цікоты пад Тайшэтам
22 траўня 2012 году на былых лягерных могілках каля пасёлку Навачунка, на 116-м кілямэтры ад Тайшэту, дзе пахаваны вядомы беларускі рэлігійны і грамадзка-культурны дзеяч, грэка-каталіцкі манах-марыянін, архімандрыт Андрэй Цікота, быў пастаўлены памятны крыж і адслужаная памінальная імша.

23 траўня такія самыя ўрачыстасьці адбыліся на былых лягерных могілках у ваколіцах вёскі Шаўчэнка каля чыгуначнай станцыі Тапарок на 50-м кілямэтры ад Тайшэту, дзе знайшоў вечны спачынак адзін з патрыярхаў беларускага хрысьціянскага руху першай паловы ХХ стагодзьдзя, рэлігійны, палітычны і грамадзка-культурны дзеяч ксёндз Адам Станкевіч.

Ад 19 траўня разам зь Юрасём Гарбінскім пад Тайшэтам знаходзіцца беларускі каталіцкі сьвятар, манах-марыянін Вячаслаў Пялінак (віцэ-пастулятар бэатыфікацыйных працэсаў архімандрытаў Андрэя Цікоты і Фабіяна Абрантовіча), які асьвяціў памятныя крыжы і адслужыў першыя памінальныя службы на месцах пахаваньняў архімандрыта Андрэя Цікоты і ксяндза Адама Станкевіча.

У акцыях ушанаваньня беларускіх пакутнікаў – вязьняў савецкага ГУЛАГу прынялі ўдзел грамадзкасьць, вучнёўская моладзь, прадстаўнікі адміністрацыі з паселішчаў Навачунка і Квіток Тайшэцкага раёну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG