Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Івашчанка — пра незаўважаныя кнігі-дэбюты


Анатоль Івашчанка
Анатоль Івашчанка

Для некаторых разгляданых ніжэй аўтараў гэтыя кнігі ня першыя, але — яны дэбютныя ў жанравым пляне.

Першыя кнігі вершаў вядомага этнакультуроляга і знанага пушкініста, першая кніга прозы бліскучай паэткі (усе трое, дарэчы, — кандыдаты навук)...

А незаўважаныя яны перадусім крытыкамі. Падаецца, ні на водную зь іх покуль нармалёвай паўнавартаснай рэцэнзіі нідзе не было. То хоць прапяцікніжым — а раптам хтосьці заўважыць?..

Ганна Аўчыньнікава. Ад зачыненай брамы. Горадня: 2011 (Гарадзенская бібліятэка)

Пяцьдзясят пяць старонак. Паэтычныя зборнікі не павінны быць дужа аб’ёмныя. Але, зь іншага боку, — ці бывае добрай паэзіі шмат?

У прадмове да кнігі Анатоль Брусэвіч прылічае аўтарку да «неадэкадэнтаў», тых, для каго мастацтва — «не гульня, не бізнэс, не вайна, але рэлігія, вера ў сьвятую моц Слова». Да характарыстыкі паэтыкі спадарыні Ганны напрошваецца багдановіцкае вызначэньне «чыстае красы». Яе вершы пераважна пазытыўна-жыцьцесьцьвярджальныя, часам — эстэцкія. Бытавыя турботы й канкрэтныя праявы часу застаюцца для іх чымсьці другасным. Перадусім — пачуцьцё, настрой, фіксацыя зрухаў душы... Між тым, сустракаюцца й іранічныя радкі, прысьвечаныя рэаліям сёньняшнім:

...Мы мірныя, братка, людзі,
Мы любім сьвятло вясны,
А будзе тыран, не будзе —
Абы не было вайны...

Вера Бурлак. Творы соннага жанру. Менск: Логвінаў, 2011

На маю думку, найлепшая кніга прозы (?) 2011 году. Уганараваныя як лепшы дэбют прэміяй імя Максым Багдановіча, «Творы соннага жанру» не пасьпелі пазмагацца ў амаль цалкам мужчынскай кампаніі за першынство ў прэміі імя Ежы Гедройца.

«У менскім мэтро лініі параўнальна кароткія, — піша аўтарка ў такой сабе тлумачальнай запісцы пад назовам „Проза для чытаньня ў менскім мэтро“. — Яны патрабуюць адпаведных раманаў. Падоўжацца лініі — і, магчыма, раманы стануць даўжэйшымі». Так, у кнізе ёсьць «дэтэктыўны», «філязофскі», «дамскі», «прыгодніцкі» раманы, што разам займаюць крыху больш за дзесяць старонак...

Калі вершы Джэці (паэтычны псэўданім аўтаркі) пераважна хуліганска-пацанскія, то проза Веры Бурлак нават не жаночая, але жаноцкая — з усім вынікальным адсюль: нелінейнасьцю мысьленьня, напаверхневай сэнтымэнтальнасьцю, поўным паглыбленьнем у вэрбальную стыхію мовы й разьліцьці ў ёй.

Уладзімер Лобач. ULASLOVY. Менск: І.П. Логвінаў, 2011

Мэдытатыўная, засяроджаная на архетыповасьці, паэзія. Паэзія бяз позы. Няроўная — як дыханьне вандроўніка, што ўзыходзіць на пакручастыя стромы з заплечнікам жыцьцёвага досьведу ўперамешку з абласнымі слоўцамі й мясцовымі досьціпамі, забытымі тапонімамі, што «гукаадлюстроўваюцца» (А. Разанаў), ствараючы крыху самотную ўзвышаную настраёвасьць. Гэта і вершы-люстэркі, дзе адбіваюцца вушацкія азёры, дзе барочныя рысы, абрысы гатычныя, аброчныя крыжы й высокае нардычнае неба Паўночнай Беларусі зарыфмаваныя ў межах аднаго чатырохрадкоўя.

Калі б аўтар даверыўся рэдактару (ці хоць бы ўважліваму карэктару), кніга, вядома ж, толькі выйграла.

Яснавяльможны люты
увечары грае на лютні,
дзе струнамі — трысьнягі,
а слухачамі — сьнягі,
сьнягі, да самага небакраю,
і нашыя сны...
Люты на лютні грае.

Анка Ўпала. Дрэва энталіпт. — Менск: Логвінаў, 2012

Хаця гэта і кніга экспэрымэнтальнай прозы, дзе ёсьць крыху і ад Хармса, і ад Петрушэўскай, дзе таўтаграмы (аповеды, у якіх усе словы пачынаюцца з адной літары) суседнічаюць з трасянкавай макаранічнасьцю, яна не дэструктыўная, а даволі-такі ўтульненькая й прыемненькая. Па-над усім адчуваецца руплівая праца гадавальніцы гэтага дрэватэксту. Праца, што, па ўсім, прыносіць і плён, і задавальненьне.

Густоўна аздобленая, кніга «Дрэва Энталіпт» годна распачынае новую падсэрыю Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменьнікаў «Пункт адліку». Чакаем на адпаведны зададзенаму роўню працяг — і падсэрыі, і творчасьці Анкі Ўпалы.

Александар Федута. Американские стихи. — Berlin: SAWADOSKI-Verlag, 2012

Блюзьнерствам было б казаць, што адсідка ў турме пасьля Плошчы-2010 пайшла аўтару «на карысьць», «раскрыла творчы патэнцыял» і да т.п. Але тое, што ў тых умовах чалавек здолеў захаваць і цьвярозы розум, і пачуцьцё гумару, — шмат пра што гаворыць. Аляксандар Фядута — зь невыкараняльнай ніякімі абставінамі пароды інтэлігентаў. А інтэлігентнасьць — гэта і мужнасьць, і адказнасьць, і самаіронія.

Аповед пра тое, як пакутліва абіраў вязень Фядута аб’ект для нянавісьці, нагадвае старую показку пра піянэра і слова «станік», якое яго прымушаюць крыкнуць хуліганы. Ён доўга намагаецца выгукнуць нехарошае слова на адрас сваіх катаў-крыўдзіцеляў, набірае поўныя грудзі паветра і... ня можа. І ў вязьніцы АІФ — перадусім дасьледнік. Ён па-над спохваткай. Зрэшты, так здараецца заўжды, калі інтэлігентны чалавек сутыкаецца з лайном. Але і апошняе тады прымае іншыя формы. Дэфармуецца, ці што? Так, сьледчы, што вядзе допыт, раптам пачынае чытаць Авідыя на мове арыгіналу, а іншыя літаратуразнаўцы ў цывільным знаходзяць сугуччы вершаў АІФ з рытмамі Багрыцкага, а турэмны дзяжурны круціць «ДДТ» падчас шпацыраў...

«Американские стихи» — той выпадак, калі вершаваная і празаічна-дакумэнтальная часткі існуюць у гэткім гарманічным адзінстве, узаема-перацякаюць і ўспрымацца мусяць менавіта гэтак, дыялектычна.

И когда Вы в ночи, в подполковничьей спальне своей
Просыпаетесь в бешенстве, злой, среди всхрапов и иков,
Знайте же: это я с парой-тройкою верных друзей
Проклинаю Вас в тысячный раз — но теперь не без иктов!
И бредя в туалет, расчесав волосатую грудь,
Оглядев по привычке свое еще крепкое тело,
Подполковник Стукало, пожалуйста, Вы не забудь-
Те закрыть поскорее мое ўголовное дело.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG