Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкая фэдэрацыя хакею: рашэньня супраць ЧС у Менску ня будзе


Напярэдадні маючага адбыцца ў Хэльсынкі Кангрэсу Міжнароднай фэдэрацыі хакею кіраўніцтва нямецкага хакейнага зьвязу заявіла: «Мы чакаем дыскусіі адносна спрэчнага Чэмпіянату сьвету-2014 у Беларусі, аднак ніяк не адмены прынятага ў 2009 годзе рашэньня адносна месца яго правядзеньня».

17 траўня абмеркаваньні пачнуцца пасьля таго, як Беларусь на паседажньні азнаёміць сябраў Фэдэрацыі з уласнай канцэпцыяй правядзеньня чэмпіянату.

«Тое, што пра ЧС у Беларусі трэба дыскутаваць — ясна ды цалкам лягічна. Апошнім часам пра парушэньні правоў чалавека ў гэтай краіне можнна было пачуць шмат галасоў з боку палітычных і дзяржаўных дзеячаў», — адзначыў генэральны сакратар нямецкай нацыянальнай хакейнай лігі Франц Райндль.

Паводле прэзыдэнта нямецкай фэдэрацыі Увэ Харнаса, хакейны зьвяз Нямеччыны за час пасьля расстрэлу асуджаных за тэракт у менскім мэтро Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва атрымаў шмат пратэставых пасланьняў ад дэпутатаў Бундэстагу.

І Харнас, і Райндль падкрэсьліваюць, што цалкам выключаюць перанос месца турніру ў іншую краіну.

Абодва функцыянэры лічаць, што нягледзячы на вялікую крытыку беларускай унутрыпалітычнай сытуацыі, хакей у гэтай краіне ўсе ж лепш праводзіць, чым байкатаваць.

Ідэя перанесьці Чэмпіянат сьвету па хакеі ў іншае месца зьявілася пасьля разгону акцыі пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году.

Пад заклікам перанесьці чэмпіянат падпісаліся многія палітычныя і грамадзкія дзеячы з усяго сьвету. Ідэю пераносу чэмпіянату зь Беларусі падтрымалі Эўрапарлямэнт і Кангрэс ЗША. Супраць пераносу выступае Расея.

У гісторыі ўжо быў прэцэдэнт перанясеньня чэмпіянату з аднае краіны ў іншую. У сувязі з уварваньнем дзяржаваў Варшаўскага пакту ў Чэхаславаччыну ў 1968 годзе хакейны чэмпіянат 1969 году праводзіўся ня ў Празе, як было заплянавана, а ў Стакгольме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG