Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як "Плястыкі" падтрымалі "Бабін бунт"


Дазваніцца да легенды чэскага року, аднаго са старэйшын гурту Plastic People of Universe было проста. Зь першага разу Ўласьціміл Брабэнэц падняў трубку.


— Мы б хацелі запрасіць некага з "Плястыкаў" на канцэрт беларускіх музыкантаў, што ідуць вашым шляхам. Ведаеце, «Карамбамбуля» ня мае сцэны дома...

— О, мы ўжо адрэагавалі. На нашым сайце вы знойдзеце заяву і пэтыцыю ў абарону вашых дзяўчат.

— Вы ня блытаеце? У нас там хлопцы.

— Прыходзьце на канцэрт. Мы будзем граць у падтрымку Pussy Riot.

Дзяўчаты з Pussy Riot цяпер сядзяць у Маскве пад сьледзтвам пасьля свайго хэпінінгу ў храме Хрыста Збаўцы, дзе засьпявалі «Багародзіца, Пуціна прагані!». На квітку ўчорашняга канцэрту тлустым чорным стаяла пытаньне: «Ужо зноў садзяць музыкантаў?».

У далёкіх сямідзясятых Брабэнэц быў адным з "Плястыкаў", хто адсядзеў у турме. Улады патрабавалі ад групы нонканфармісцкіх музыкантаў памяняць назву на чэскую, пастрыгчы валасы, скарэктаваць тэксты (Plastic People of Universe перакладаецца як "Плястыкавыя людзі сусьвету"). Урэшце, пару зь іх пасадзілі, абвінаваціўшы ў дармаедзтве і іншых грахах. Рух у падтрымку "Плястыкаў" выліўся ў масавае падпісаньне Хартыі-77.

Брабэнэц на ўчорашнім канцэрце выглядаў як сівы стары прарок. На сцэну яго літаральна завалаклі дзьве маладзейшыя жанчыны. Але калі ўзяў у рукі саксафон, усё стала на свае месцы.



Курава, піва, рок у сваім поўным камплекце дурманілі як масавае ўдыханьне смаку свабоды. Хоць насамрэч пад канец рухацца стала амаль немагчыма — ногі прыліпалі да падлогі, шчодра змочанай півам. Мадэратар-дасьціпнік дэманстраваў новы падыход чэхаў да расейцаў. Самай відавочнай была зьмена стаўленьня: ня крыўда на брата старэйшага, а спачуваньне брату меншаму, які ў сваёй адсталасьці застаўся недзе там, што чэхі ўжо даўно мінулі.

Урэшце, і зачытанае пасланьне ад брытанскага драматурга з чэскімі каранямі Тома Стопарда было пабудаванае на гэтым супрацьпастаўленьні вялікага з малым:

«Як сумна, калі вялікая моцная дзяржава паводзіць сябе, як маленькая і спалоханая краіна. Свабода азначае свабоду не пагаджацца і крытыкаваць, даваць адпор, у адваротным выпадку яна нічога ня вартая. Перасьлед Pussy Riot выглядае як настальгія па самадзяржаўі».

Дарэчы, як кажа мой калега Данчык, чалавек з англамоўнага сьвету проста ня можа ў калектыве ўголас вымавіць Pussy Riot. Проста гэта мавэтон. Нейкае падобнае пачуцьцё мучыць і чэхаў, якія знаёмыя з ангельскай ня толькі праз Гугл-перакладчык. На канцэрце было прапанавана разам знайсьці дастойны чэскі пераклад. Перамог варыянт аднаго наведніка «Kundí vzpůra», што я б таксама ня вымавіла нідзе па-чэску. Думаю, што вельмі прыблізна па-беларуску будзе літаратурна мілае «Бабін бунт».

Чэскія рокеры падтрымліваюць расейскіх
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:55 0:00
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG