Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тролі маральна састарэлі


Ня так даўно два бліскучыя эўрапейскія інтэлектуалы, Жан Клод Кар’ер ды Умбэрта Эка, сабраліся абмеркаваць лёс друкаванай кнігі, а разам з тым — Інтэрнэту, які гэтую кнігу забівае. Вынікам сталася зьяўленьне знакамітага бэстсэлеру «Не спадзявайцеся пазбавіцца ад кніг», — дасьледаваньня, у якім абодва сьцьвярджаюць, што кніга — як кола ці лыжка: аднойчы вынайшаўшы яе, чалавецтва будзе ўзнаўляць ды рэпрадукаваць яе аж да свайго зьнікненьня. Прычым узнаўляць без істотных зьменаў у канструкцыі.

Тут жа яны ўзьнялі пытаньне аб тым, якія зьмены напаткаюць сацыяльнасьць у сувязі з Інтэрнэтам і прадказалі зьяўленьне прынцыпова новых прафэсіяў, перш за ўсё — прафэсіі «правершчыка»: чалавека, які спраўджвае інфу, зьмешчаную ў Сеціве і высьвятляе яе дакладнасьць. Бо адшукаць сёньня ў Інтэрнэце можна ўсё, але немагчыма зразумець вартасьць адшуканага. Аднак, здаецца, Эка з Кар’ерам ня мелі рацыі: першая сапраўдная прафэсія, што зьявілася ў сацыяльнай сфэры разам з Інтэрнэтам — прафэсія троля.

І мы бярэмся сьцьвярджаць, што яшчэ год-два і гэтая прафэсія зьнікне, бо ня мае ніякага плёну.

Для Беларусі гэтая тэма зрабілася звышактуальнай тыдзень таму і дагэтуль не «астывае».

1. Цалкам спраўджваюцца прадказаньні, выкладзеныя мной ў прагнозе разьвіцьця беларускіх мэдыяў на 2012 год: як і было абяцана, у траўні мы назіраем масавае «абуджэньне» троляў на палітычных форумах і незалежных сайтах. Як напісаў наведнік «Хартыі» пад артыкулам «КГБ тэрмінова наймае троляў»: «Нейкія хвалі неадэкватных ацэтонаўскіх камэнтаў. Нават болей за тое! Ня толькі намагаюцца сваю лінію прагнуць, але нават і не даюць разгортвацца дыскусіі на форуме».

2. Першым пра «атаку троляў» напісаў Павал Шарамет 5 траўня. «Нашай адкрытасьцю карыстаюцца палітычныя прайдзісьветы. На сайце пошуку кадраў для разавых даручэньняў нехта зрабіў аб’яву пра пошук троля для нашага сайта». Павал прадэманстраваў скрыншот гэтай вакансіі: праз Freelance. ru, шукаўся чалавек, здольны да «камэнтаваньня навін». У заяўцы адзначалася, што ўсе пасты павінны прытрымлівацца поглядаў кіруючай улады, г. зн. «павінны быць супраць апазыцыі». Асобна адзначалася, што размова ідзе пра форум www. belaruspartizan. org.

Павал растлумачыў усе складанасьці абароны палітычных форумаў ад троляў: зразумела, што тролем зьяўляецца чалавек, які кажа «апазыцыя — прадажныя сабакі», аднак не відавочна, што тролем зьяўляецца чалавек, які піша «усе апазыцыянэры — баязьліўцы, Лукашэнка — наш збаўца», бо шмат хто зь беларусаў сапраўды лічыць, што апазыцыі бракуе сьмеласьці. Шарамет прыходзіць да высновы — дзейная абарона ад троляў — «нашы чытачы» (г. зн., людзі, якія ўласнай рэакцыяй на тролінг выкрываюць палітычна ангажаваных, нанятых камэнтатараў). Запомнім гэтую выснову і вернемся да яе трохі ніжэй.

3. Потым да тэмы зьвярнулася «Наша ніва». Артыкул «Нівы» ад 10 траўня быў хутчэй аналітычным, чым эмацыйным, распавядаў пра сытуацыю з «Партызанам», даваў ёй азначэньне і прапанаваў шляхі для разуменьня гэтай зьявы. «Ніва» тлумачыла: тое, што цяпер назіраецца на беларускіх палітычных форумах, мае нават адмысловую назву — astroturfing. «Ніва» цытуе «Вікіпедыю», якая дае «астратурфінгу» наступную дэфініцыю: «Выкарыстаньне сучаснага праграмнага забесьпячэньня альбо спэцыяльна нанятых за аплату карыстальнікаў для штучнага кіраваньня грамадзкім меркаваньнем».

Часам складаецца ўражаньне, што сам тэрмін паўстаў тады, калі яшчэ не было больш ёмістага ды простага слоўца «тролінг», бо тая зьява, якую ён апісвае, дужа падобная: «Астратурфінг ужываецца для выцясьненьня думкі рэальных людзей на вэб-форумах, для арганізацыі падробленых кампаній у Інтэрнэце, якія ствараюць уражаньне, што вялікая колькасьць людзей патрабуюць чагосьці канкрэтнага, альбо выступаюць супраць чаго-небудзь». Такім чынам, адзіная розьніца паміж клясычным «тролінгам» ды «астратурфінгам» — у тым, што першы ёсьць «мастацтвам дзеля мастацтва», а ў другім выпадку за «тролінг» пэўныя Натальлі Трацяк (глядзі артыкул Шарамета) атрымліваюць неблагія грошы.

4. «Ніва» спасылаецца на леташні артыкул The Guardian «The need to protect the internet from ’astroturfing’ grows ever more urgent», у «шапцы» якога нават пытаньне пастаўлена, як спыніць троляў: «Тытунёвая індустрыя робіць гэта, амэрыканскія ваенна-паветраныя сілы жадаюць ужыць астратурфінг, — выкарыстоўваць складанае праграмнае забесьпячэньне, каб паглынуць меркаваньні рэальных людзей на вэб-форумах. Астротурфінг на ўздыме. Як мы яго спынім»? Аднак у гэтым артыкуле — пры ўсіх дэталёвых расповедах аб ваенных і грамадзянскіх тэхналёгіях, што забясьпечваюць «флудзінг» форумаў, няма ані слова аб тым, як гэта заблякаваць.

5. А таму вернемся да тэксту Шарамета. Які, нагадаем, сьцьвярджае, што асноўная абарона ад троляў — гэта чытачы. Здаецца, ніхто з тых, хто пісаў аб гэтай праблеме ў Беларусі апошнім часам, больш плённых ідэяў не выказваў. Адно што ёсьць «Хартыя-97», якая і рэцэптаў не дае, але і камэнты мадэруе перад іх публікацыяй (таксама эфэктыўны сродак).

Сапраўды, калі кожны з нас адрэагуе на рэпліку відавочна «нанятай» Натальлі Трацяк (зноў: глядзі тэкст Паўла), тролі захлынуцца. Бо той самы «Партызан» мае дзясяткі тысяч наведнікаў. Аднак гэтай яскравай думцы супрацьстаіць адна прыкрая дэталь: чалавечая лянота. Ніхто, акрамя актыўных адзінак, што маюць шмат вольнага часу, ня будзе ўступаць у бойку з тролямі. Выглядае так, што Guardian невыпадкова не дае адказу на пастаўленае пытаньне, што ж рабіць з астратурфэрамі. Бо можа і няма такога адказу...

Аднак выкажу і свае сьціплае меркаваньне.

6. Генэралы заўсёды рыхтуюцца да ўчорашніх войнаў. Тролі як інструмэнт кіраваньня грамадзкай думкай састарэлі.

Той факт, што нават на допытах фігурантаў справы 19 сьнежня 2010 году афіцэры КДБ патрабавалі «адмяніць прэмадэрацыю на Хартыі-97» (аб гэтым паведаміў адзін з выпушчаных з турмы членаў каманды Андрэя Саньнікава) дэманструе: спэцслужбы разглядаюць Інтэрнэт як такі вялікі-вялікі мітынг. І для іх прынцыпова, каб колькасьць бачных «троляў» перавышала ці была супастаўляльнай з колькасьцю пратэстнай грамады. Бо тады ў «сымбалічнай бойцы» за розум беларусаў пераможа нібыта ўлада.

Аднак Інтэрнэт — ня мітынг! У ім працуюць прынцыпова іншыя законы! У прыватнасьці, знакаміты закон «увагі», згодна зь якім ня важна, колькі людзей на тым або іншым баку «электроннай бойкі», напружанай форумнай дыскусіі: важна колькі людзей яе пабачаць, а пабачаць яе тым больш людзей, чым больш гучнай ды маштабнай яна будзе. Такім чынам, спускаючы троляў ці астратурфэраў на «Партызан», улада дамагаецца таго, што той або іншы артыкул «Партызана» атрымлівае 400 камэнтаў (як ужо працытаваны допіс Шарамета). А гэта ГАРАНТУЕ ўвагу да яго. Гарантуе, што яшчэ тысячы наведнікаў допіс прачытаюць і пагодзяцца з высновамі Паўла.

Людзям, якія спрабуюць кіраваць грамадзкай думкай празь Сеціва, варта запомніць хоць бы гэтую тэзу, сфармуляваную яшчэ, здаецца, у маклюэнаўскія часы: «Камэнтар ня можа дыскрэдытаваць мэсыдж, закладзены ў артыкуле». Ва ўмовах Сеціва камэнтар толькі прыцягне ўвагу да артыкулу і справакуе ўвагу да яго ды іншыя камэнтары. «Здушыць», «разагнаць» Сеціва немагчыма, бо ў ім маеш справу не з чалавечым целам (і таму — такімі катэгорыямі, як «колькасьць» тых, хто спрачаецца), а з чалавечай сьвядомасьцю (і таму трэба трымаць у галаве такія словы, як «розум», «натуральная цікаўнасьць» і г. д.). У сувязі з гэтым хочацца прапанаваць Натальлі Трацяк (глядзі артыкул Шарамета) заняцца нечым болей плённым, чым флуд на «Партызане». Напрыклад — пасяўной.

7. Усё сказанае зьяўляецца даволі спрэчнай гіпотэзай, і мне цікава будзе паслухаць контраргумэнты ды крытыку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG