Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаіла Мускага пасьля 15 сутак пакінулі на Акрэсьціна


Міхаіл Мускі
Міхаіл Мускі

Актывіст зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронту» Міхаіл Мускі, якога павінны былі вызваліць 11 траўня пасьля 15 сутак арышту, застаўся ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна.

11 траўня маладафронтаўцы Мікола Дземідзенка, Раман Васільеў і Міхаіл Мускі павінны былі выйсьці на свабоду пасьля чарговага 15-сутачнага арышту.

Сайт «Маладога фронту» паведамляе: «На жаль, Міхаіл так і ня трапіў на волю. Сябры шукалі паплечніка, і толькі 12 траўня раніцай стала дакладна вядома, што Мускі застаўся ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Дакладныя абставіны затрыманьня Міхаіла не вядомыя. У дзяжурнай частцы ЦІП нам паведамілі, што юнак затрыманы да судовага паседжаньня, якое адбудзецца ў панядзелак у судзе Маскоўскага раёну».

Праваабаронца Наста Лойка выказала такое меркаваньне: «Хутчэй за ўсё, Міхаілу інкрымінуюць дробнае хуліганства. Падобнае адбылося ўвесну з актывітам кампаніі „Гавары праўду!“ Паўлам Вінаградавым: яго вывезьлі адразу ж пасьля адседкі з Акрэсьціна на міліцэйскай машыне ў пастарунак Маскоўсканга раёну, склалі яшчэ адзін пратакол па артыкуле КаАП 17.1.

Думаю, што чарговае затрыманьне Мускага зьвязана з тым, што ён адмаўляецца праходзіць тэрміновую службу ў войску і патрабуе альтэрнатыўную. Яму даслалі позву ў ваенкамат на 14 траўня, і, хутчэй за ўсё, Міхаіла прывязуць туды пад канвоем».

Актывістаў «Маладога фронту» Міколу Дземідзенку, Рамана Васільева і Міхаіла Мускага затрымалі 26 красавіка пасьля заканчэньня акцыі "Чарнобыльскі шлях — 2012. 27 красавіка яны былі асуджаны на 15 сутак арышту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG