Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Любоў Кавалёва патрабуе, каб КДБ вярнуў запісы сына


Фрагмэнт ліста Ўладзіслава Кавалёва
Фрагмэнт ліста Ўладзіслава Кавалёва

Маці хоча выканаць апошнюю волю свайго сына, Уладзіслава Кавалёва, абвінавачанага ў тэрарызьме і расстралянага паводле выраку Вярхоўнага суду.

Яна лічыць сьледзтва і суд па справе тэракту ў менскім мэтро неаб’ектыўнымі і непераканаўчымі. І не выключае, што ў сынавых запісах могуць быць зьвесткі, якія КДБ хавае ад грамадзкасьці.

Любоў Кавалёва напісала скаргу на імя начальніка СІЗА КДБ. У гэтай установе Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава — абодвух затрыманых пасьля выбуху 11 красавіка 2011 году — утрымлівалі падчас сьледзтва і суду.

Пасьля выкананьня сьмяротнага прысуду родным Канавалава і Кавалёва з СІЗА КДБ даслалі поштай іхныя рэчы.
Жоўтую тэчку Ўладзіслава прыслалі пустой.
Жоўтую тэчку Ўладзіслава прыслалі пустой.

Паводле пасьведчаньня аб сьмерці, выдадзенага ЗАГСам, Уладзіслава Канавалава расстралялі 15 сакавіка. 22 сакавіка праз пошту маці атрымала пакунак з рэчамі сына. Там былі адзеньне, абутак, прадметы гігіены, прадукты, якія засталіся неспажытымі, і нават чыстыя капэрты і паштоўкі, якія Ўладзіслаў не пасьпеў адправіць.

Даслалі і жоўтую плястыкавую тэчку, куды ён складваў паперы з сваімі нататкамі. Але яе даслалі пустую. Між тым у адным зь лістоў Уладзіслаў вельмі прасіў захаваць ягоныя запісы, кажа яго маці. Яна патрабуе, каб нататкі вярнулі:
Гэта апошняя воля майго сына — каб я тую тэчку захавала.

«Гэта апошняя воля майго сына — каб я тую тэчку захавала. Гэта тая самая жоўтая тэчка, зь якой ён штодня быў у судзе. Нам даслалі яе пустую. Усе дакумэнты забралі і не аддалі. Тэчка знаходзілася ў СІЗА КДБ, і цягам 15 дзён яны мусяць мне даць адказ».

Маці можа толькі меркаваць, што за паперы былі ў жоўтай тэчцы, і зь якой прычыны іх не аддалі сваякам:

«Улад штодня рыхтаваўся да судовых пасяджэньняў, і ў гэтай тэчцы былі штодзённыя запісы. Я ня ведаю, чаму КДБ іх не аддае. Верагодна, там былі і іншыя нататкі. Сын жа знаёміўся з матэрыяламі справы ўжо і пасьля суду. А магчыма, там былі запісы пра нейкія парушэньні, зьбіцьцё, катаваньні, якія прымянялі ў дачыненьні да хлопцаў».

Паводле Вярхоўнага суду, павінна быць зьнішчана большасьць рэчавых доказаў па справе тэракту ў менскім мэтро, у тым ліку інструмэнты і прылады з падвалу і кватэры Дзьмітрыя Канавалава, сшыткі з запісамі, кампакт-дыскі, прадметы, знойдзеныя ў целах пацярпелых ад тэрактаў, ды іншыя рэчы. Але суд пастанавіў вярнуць бацькам Канавалава і Кавалёва іх дакумэнты і асабістыя рэчы.

Любоў Кавалёва
Любоў Кавалёва
Між тым маці Ўладзіслава Кавалёва не даслалі ні сынавых запісаў, ні афіцыйнага дакумэнту пра тое, што яны будуць альбо захаваныя ў матэрыялах завершанай справы, альбо зьнішчаныя ў прадугледжаным заканадаўствам парадку.

Таму Любоў Кавалёва не выключае, што дакумэнты з жоўтай тэчкі проста кімсьці скрадзеныя. Ці зь нейкімі спэкуляцыйнымі мэтамі, ці зь іншых намераў.

Калі зь СІЗА КДБ ня прыйдзе ўцямнага адказу пра лёс сынавых запісаў, маці расстралянага Ўладзіслава Кавалёва гатовая ініцыяваць расьсьледаваньне іх зьнікненьня. Бо лічыць, што яны могуць спатрэбіцца ў тым выпадку, калі ў справе менскага тэракту адкрыюцца новыя акалічнасьці і сьледзтва будзе адноўлена. Любоў Кавалёва спадзяецца на хаця б пасьмяротную рэабілітацыю сына, якога лічыць несправядліва абвінавачаным у тэрарызьме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG