Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт у натоўпе


Мінулыя выходныя я сустрэў у грузінскім Баржоме, дзе ў адным з пабудаваных яшчэ за Раманавымі рэстаранчыкаў пабачыў у тэлевізіі кадры сустрэчы прэзыдэнта Саакашвілі з народам.

Да гэтага я ўжо пасьпеў пачуць ад грузінаў шмат непрыемнага пра Саакашвілі. Пра тое, што ён дурань ды аўтакрат. Пра тое, што тых, хто ўдзельнічаў у адной з акцыяў пратэсту ў Тбілісі, дагэтуль ня могуць адшукаць – яны зьніклі. Пра тое, што аб Саакашвілі нельга казаць дрэнныя рэчы публічна, бо «прыйдуць ды адбяруць усё, што маеш». Адзін добры таксіст з Батума нават туман, што йшоў з мора, зьвязаў з Саакашвілі ды амэрыканцамі: маўляў, да Саакашвілі такіх незвычайных туманаў не было, гэта іспыты новай кліматычнай зброі. І вось – «дыктатар» Саакашвілі ў навінах мясцовага БТ.

Сюжэт быў аб сустрэчы прэзыдэнта з пэрсаналам правінцыйнага шпіталя. Як у нас апошнім часам будуюцца такія сюжэты? Ідзе сур'ёзны, сабраны прэзыдэнт, побач зь ім – кіраўніцтва аховы здароўя, дырэктар шпіталя і некалькі спужаных дзядзечак зь мясцовага выканкаму. Яны заходзяць у палаты, размаўляюць з хворымі, тыя нешта нешматслоўна бурчаць, уражаныя тым, ХТО завітаў да іх у пакой.

Сюжэт пра Саакашвілі быў пабудаваны прынцыпова па-іншаму. Сустрэча з пэрсаналам шпіталя праходзіла ў дворыку. Некалькі тэлекамэраў былі ўстаноўленыя на даху будынка і ўвесь час давалі панарамныя здымкі. І які ж натоўп быў вакол Саакашвілі!

Тут было ня сто спэцыяльна адфільтраваных «надзейных грамадзян», «лепшых прадстаўнікоў горада», як у той п'есе Шварца. Нават ня тысяча спэцыяльна прывезеных членаў мясцовага БРСМу. Павітаць «прэзыдэнта-небараку» прыйшло болей людзей, чым зьявілася на апошні Чарнобыльскі Шлях у Менску! Тут было ня меней за пяць тысяч, якія займалі ўвесь немалы двор шпіталя. Уявіце сабе: пяць тысяч!

Далей было цікава прасачыць, як будавалася сцэна «яднаньня Саакашвілі з народам». Ён рушыў у натоўп з двума ахоўнікамі, якія вельмі далікатна расчышчалі шлях. Прэзыдэнт шчасьліва ўсьміхаўся (я ня веру, што такую ўсьмешку можна імітаваць), а да яго ўвесь час кідаліся людзі абдымацца. Не паціснуць далонь, не паздароўкацца па-эўрапейску, а менавіта горача, па-каўкаску, абдымацца. Любы зь іх мог, калі б жадаў, зьвярнуць прэзыдэнту шыю ці сунуць паміж лапатак стылет. Саакашвілі чамусьці не баяўся, не баялася і ахова. Урэшце, ён зь цяжкасьцю праціснуўся да сцэны і пачаў гаварыць.

Тут зноў усё было ня так, як у нас. Памятаеце, як праходзяць вышэйшыя нарады ды сустрэчы ў рэгіёнах апошнім часам? Галоўны беларускі ньюзмэйкер гаворыць строга. Ён адчытвае, ківае на недахопы. Ставіць задачы. Патрабуе забясьпечыць выхад на 500 даляраў. Параўноўвае вынікі году з вынікамі суседніх абласьцей. Тлумачыць, што людзі самі вінаватыя ў крызісе, што, каб павысіліся заробкі, трэба павышаць выніковасьць працы і г. д. Інтанацыі – суворыя, строгія, цяжкія.

Саакашвілі апэляваў да народа па-іншаму. Ён казаў горача і эмацыйна, размахваў рукамі, увесь час усьміхаўся. Ён не адчытваў і ня ставіў задачы. Ён заахвочваў, разумееце адрозьненьне? Ён паводзіў сябе як публічны палітык, як аратар, а не як рэвізор, што прыехаў кантраляваць і выявіў недахопы. Я не зразумеў ніводнага слова з тых, што казаў Саакашвілі. Можа быць, ён гаварыў, што народ сам вінаваты ў крызісе і, каб павысіліся заробкі, трэба падвышаць выніковасьць працы. Але казаў ён так, што хацелася адставіць шклянку з «Баржомам» і хуценька бегчы падвышаць выніковасьць працы: а ці ня гэта задача палітыка яшчэ з часоў палемікі Дэмасфэна з Эсхінам?

Я, уражаны, падзяліўся сваімі назіраньнямі аб розьніцы ў паводзінах двух вядомых палітыкаў з уласьнікам рэстарацыі і той адразу ж горача са мной не пагадзіўся. Саакашвілі – дыктатар, яго ніхто ня любіць, а ваш, беларускі – вельмі добры чалавек, ён «паказаў» амэрыканцам, ён клапоціцца аб народзе і гэтак далей.

На думку рэстаратара, усе людзі, якія былі вакол шпіталя – спэцыяльна нанятыя акторы, ніхто Міхаіла ня любіць, яго б закідалі тухлымі яйкамі на першай сапраўднай сустрэчы з натоўпам. Сымуляцыя – увесь час паўтараў ён. Аднак – чаму ў Грузіі сымуляцыя такая? Чаму там прэзыдэнт адчувае патрэбу дэманстраваць уласную папулярнасьць сярод звычайных грамадзян?

Скончыўшы лаяць Саакашвілі, уладальнік кавярні раптам сказаў: так, ён дрэнны! Так, ён дурань! Аднак раней у Грузіі была такая злачыннасьць, што самі грузіны пасьля 21.00 баяліся выходзіць на вуліцы. Нават тут, у баржомскім парку, цытадэлі турызму. А Саакашвілі навёў парадак.

І расказаў гісторыю, якую я за тыдзень пачуў мо разоў пяць у разных частках Грузіі: аб тым, што ёсьць такі вельмі прыгожы горны рэгіён, Сванэтыя, дзе раней выкрадалі людзей і былі нават узброеныя напады на турыстаў. І што Саакашвілі вырашыў гэтую праблему проста, хоць і не дэмакратычна: некалькі баявых верталётаў расстралялі дамы крымінальных аўтарытэтаў разам з усімі, хто там быў. Пасьля гэтага злачыннасьць у Сванэтыі скончылася. І адразу ж, як па-пісанаму, як быццам бы ёсьць нейкі тэкст, закладзены на такі выпадак ва ўсе галовы, выдаў яшчэ адно назіраньне, якое расказвалі і ў Тбілісі, і ў Ахалціхе, і ў Батумі: пра тое, што зараз можна кідаць уласнае аўто не замкнёным: ніхто нічога не скрадзе, бо каму хочацца рэшту жыцьця правесьці за кратамі (думка аб тым, што злачынцу абавязкова знойдуць, падаецца тут цяпер усім відавочнай).

Мы працягвалі размаўляць пра тое, што грузіны зараз не парушаюць правілаў дарожнага руху, што яны ня толькі прышпільваюцца, але загадваюць прышпільвацца пасажырам (у таксоўках!! Уявіце!!! Гэта ў Грузіі, дзе нават у савецкія часы лёталі па гарах зь перавышэньнем хуткасьці на 50 км\г!), пра тое, што дарогі сталі вельмі добрымі, а ў Батумі ровары можна ўзяць па крэдытнай картцы ў вулічным тэрмінале. Над Баржомам сядала сонейка і быў адзін з тых прыгожых вечароў, які запамінаецца на ўсё жыцьцё.

І падумалася: вось тут амаль усе лічаць Саакашвілі дурнем, тыранам і г. д. Аднак кажуць пра тое добрае, што ён зрабіў: ліквідацыя злачыннасьці (якім шляхам – асобная размова), кардынальная паліцэйская рэформа (старыя ўчасткі міліцыі зачыненыя, на іх месцы пабудаваныя будынкі са шкла і кожны мінак можа бачыць, што там хто робіць і ці не бярэ хабару), павага да законаў, якая, здаецца, застанецца і пасьля сыходу Міхаіла.

А што ў нас? Што добрае застанецца? Лядовыя палацы? Нацыянальная бібліятэка? Што? Як вы думаеце?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG