Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Аўстрыі працягваецца расьсьледаваньне дзейнасьці лабістаў Лукашэнкі


Губэрт Горбах
Губэрт Горбах

Адмысловая камісія аўстрыйскага парлямэнту працягвае расьсьледаваньне карупцыі ў вышэйшых эшалёнах палітычнай і бізнэсовай эліты краіны.

Сярод фігурантаў справы — асобы, якія маюць дачыненьне да сумнеўных усходнеэўрапейскіх гешэфтаў канцэрну Telekom Austria.

Некаторыя імёны вядомыя і ў Беларусі. Гаворка ідзе пра партнэраў і лабістаў рэжыму Лукашэнкі — былога віцэ-канцлера Аўстрыі Губэрта Горбаха і мультымільярдэра Марціна Шлафа. Аўстрыйскія журналісты раней неаднойчы пісалі, што абодва маюць дачыненьне да скандальнага адпачынку беларускага прэзыдэнта і ягонай сьвіты ў Аўстрыі ў лютым 2002 году.

Як пішуць са спасылкай на сябраў антыкарупцыйнай парлямэнцкай камісіі выданьне «Вoerse-Еxpress» ды іншыя СМІ, дэпутаты зьбіраюцца агучыць падрабязнасьці скандальнай справы пазьней, ужо пасьля таго, як завершыць працу пракуратура. Тым ня менш, нямала інфармацыі за паўгода дзейнасьці камісіі ўжо стала здабыткам журналістаў.

Так, былому віцэ-канцлеру і колішняму кіраўніку палітычнай партыі BZO («Альянс за будучыню Аўстрыі») Губэрту Горбаху, які, пабыўшы назіральнікам на беларускіх выбарах 2010 году, зарабіў сабе званьне галоўнага лабіста беларускага дыктатара ў Аўстрыі, інкрымінуецца незаконнае атрыманьне каля 270 тысяч эўра ад аўстрыйскага Telekom. Мяркуецца, што гэтыя грошы былі свайго роду падзякай за тое, што, займаючы высокую пасаду ў 2003–2006 гг., Горбах правёў пэўную рэформу ў інтарэсах Telekom Austria, а таксама пасьпяхова прасоўваў кампанію на рынках Усходняй Эўропы.

Менавіта Горбах быў ініцыятарам набыцьця Velcom кампаніяй Telekom Austria. Першыя афіцыйныя перамовы тагачаснага віцэ-канцлера наконт беларускага апэратара мабільнай сувязі прайшлі ў 2004 годзе ў Вене з тагачасным беларускім прэм’ерам Сяргеем Сідорскім. Мяркуецца, што неафіцыйна пытаньне пачалі абмяркоўваць падчас адпачынку беларускага прэзыдэнта на аўстрыйскім лыжным курорце.

На той час Горбах меў рэпутацыю палітыка ды чыноўніка, адкрытага да супрацоўніцтва з былым СССР. Ён удзельнічаў у прыёме другога прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна падчас адпачынку таго на аўстрыйскіх курортах. Неаднойчы наведваў Маскву ў складзе афіцыйных дэлегацыяў разам з тагачасным эўракамісарам Бэнітай Фэрэра-Вальднэр.

Пазьней, пасьля сыходу ў адстаўку, колішні ўрадовец адкрыў уласную фірму «Gorbach Consulting», а да таго ж стаў кансультантам кампаніі «Wintertechnik Engineering», якая прасоўвае на рынках СНД стварэньне зімовых курортаў.

Паводле аўстрыйскіх журналістаў, у 2007 годзе «Gorbach Consulting» заключыла кантракт з буйной аўстрыйскай фірмай «Kapsch TrafficCom». Сёлета «Kapsch TrafficCom» выйграла тэндэр у 267 мільёнаў эўра на стварэньне ў Беларусі нацыянальнай электроннай сыстэмы, каб спаганяць плату за праезд па дарогах. Акрамя гэтых грошай, фірма павінна атрымаць ад беларускага заказчыка пэўныя льготы. У прыватнасьці, яе вызваляць ад сплаты мыта пры ўвозе на тэрыторыю Беларусі тэхналягічнага абсталяваньня для рэалізацыі інвэстыцыйнага праекту.

Аглядальнікі адводзяць Горбаху немалую ролю ў пасьпяховым прасоўваньні фірмы на беларускім рынку. Зьдзелка адбылася неўзабаве пасьля таго, як аўстрыец прызнаў апошнія прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі «празрыстымі і адкрытымі».


Марцін Шлаф
У справе фігуруе і яшчэ адзін сябра беларускага рэжыму — Марцін Шлаф. На перапродажы беларускага Velcom (гэтымі днямі, дарэчы, беларуска-аўстрыйская фірма адзначае сваё 13-годзьдзе) ён зарабіў больш за 200 мільёнаў эўра. Ягоныя адвакаты ды прэсавы сакратар усяляк адмаўляюць абвінавачваньні ў карупцыі, выстаўленыя пракуратурай і дэпутацкай камісіяй, і сьцьвярджаюць, што паказаньні бяруцца ў Шлафа незаконна, пад пагрозамі.

Тым часам журналістам удалося адшукаць нямала цёмных фактаў зь біяграфіі гэтага, як яны пішуць, «адзінага аўстрыйскага алігарха», блізкага да ўрадавых колаў ня толькі Аўстрыі, але і Ізраілю, Італіі, шэрагу іншых эўрапейскіх краінаў.

У сваёй кнізе «Нямецкая залатая ліхаманка», якая нядаўна выйшла ў Нямеччыне, вядомы майстар журналісцкага расьсьледаваньня з Гамбургу Дырк Лаабс піша пра тое, як у 1980-я гады ў ГДР пры ўдзеле заходняга капіталу рабіліся крымінальныя бізнэс-гешэфты, як малавядомаму на той час аўстрыйскаму прадпрымальніку Марціну Шлафу ўдавалася «падмазваць» непадкупных сацыялістычных чыноўнікаў. Сярод карысных сяброў Шлафа ў ГДР быў палкоўнік «штазі», кіраўнік службы контравыведкі ГДР Гэрбэрт Колер, якому пасьля 13 гадоў службы ў гэтай структуры ўдалося знайсьці цёплае месца ў Вене.

Адным зь першых удалых гешэфтаў Шлафа (на той час агента «штазі») было набыцьцё таннага павалу ў лясах Усходняй Нямеччыны, а потым перапродаж яго праз аўстрыйскіх пасярэднікаў у Італію, ужо ў якасьці скандынаўскага лесу.

Напярэдадні аб’яднаньня Нямеччыны адбылася фіктыўная зьдзелка па продажы ГДР кампутарных дэталяў. Грошы атрымалі, але тавар не паставілі.

Неўзабаве пасьля аб’яднаньня Нямеччыны зь дзяржбанку ГДР увогуле зьніклі належныя ўсходнім немцам 26 мільярдаў даляраў. Ня выключана, што яны апынуліся і ў Аўстрыі — на таемных рахунках функцыянэраў кампартыі ГДР ды іншых дзеячаў міжнароднага камуністычнага руху.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG