Натальля Пінчук стрымана камэнтуе пэрспэктывы хуткага выхаду з турмы свайго мужа Алеся Бяляцкага:
«Вельмі рада за тое, што адбылося, за іх і іхнія сем’і. Але што да пэрспэктываў вызваленьня прынамсі Алеся, то я іх ня бачу. У ягонай справе зьявіліся сыгналы, якія сьведчаць хутчэй пра адваротнае».
Таксама Натальля паведаміла, што атрымала ад Алеся паштоўку зь віншаваньнямі да срэбнай гадавіны іх шлюбу.
Марына Адамовіч, жонка вязьня магілёўскай калёніі, былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча, адмовілася прагназаваць пэрспэктывы вызваленьня мужа, але нагадала пазыцыю, якую Мікалай Статкевіч выклаў у апошнім лісьце:
«Ён просіць нашых сяброў у Эўропе, што б зь ім ні адбывалася, не мяняць пазыцыю».
Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч даслаў сваёй нявесьце Насьце Палажанцы ліст, у якім павіншаваў зь Вялікаднем і паведаміў, што зараз шмат адпісваецца тым, хто даслаў лісты, пакуль ён быў месяц у карцэры. На гэтым тыдні — мяркуецца, што ў чацьвер — Наста з адвакатам зьбіраецца паехаць да Зьмітра ў Глыбоцкую калёнію:
«Вельмі спадзяюся, што ў хуткім часе ён выйдзе на волю. Будзем глядзець, як разьвіваецца сытуацыя».
Разам з Дашкевічам быў арыштаваны і асуджаны на 4 гады зьняволеньня маладафронтавец Эдуард Лобаў. Ці трэба разумець вызваленьне Саньнікава і Бандарэнкі як сыгнал, што хутка мае выйсьці на волю і Эдуард?
Маці палітвязьня Марына Лобава: «У хуткае вызваленьне сына я ня веру, бо ён не падпісваў прашэньня, а вызвалілі тых, хто падпісаў. Усё будзе залежаць ад Эўразьвязу. Калі ён задаволіцца тым, што вызвалілі хаця б двух, тады, мяркую, будзе доўга чакаць вызваленьня. А калі будзе і далей прытрымлівацца першапачатковага патрабаваньня аб вызваленьні ўсіх палітвязьняў і іх рэабілітацыі, тады, магчыма, у хуткім часе і адпусьцяць».