Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызвалены Зьміцер Бандарэнка

абноўлена

15 красавіка а 9:15 з Магілёўскай калёніі №15 быў вызвалены Зьміцер Бандарэнка, давераная асоба кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава, каардынатар «Эўрапейскай Беларусі».

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:48 0:00
Наўпроставы лінк

На магілёўскім вакзале ён папрасіў у мінака мабільны тэлефон і патэлефанаваў жонцы Вользе.

14:15 Зьміцер Бандарэнка прыехаў на менскі «Ўсходні» аўтавакзал.

Бандарэнка сказаў, што не спадзяваўся, што яго вызваляць сёньня. Думаў, што праз пару тыдняў. На пытаньне пра здароўе адказаў: «Здароўе няважнае».

«Я буду працягваць грамадзкую дзейнасьць. Хачу, каб краіна была свабоднай, каб была эўрапейскай».

«Калі я быў у КДБ, мяне спрабавалі вэрбаваць, каб „Хартыя“ была пад кантролем спэцслужбаў».

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:04 0:00
Наўпроставы лінк







13:40 Вольга Бандарэнка ў інтэрвію Радыё Свабода сказала: "Гэта бясспрэчна вынік эўрапейскіх санкцыяў. Прайшло больш за 5 месяцаў, як Зьмецер Бандарэнка напісаў прашэньне аб памілаваньні — увесь час ішлі нейкія гульні, нейкі гандаль. Аднак калі Эўразьвяз заняў цьвёрдую пазыцыю, улады вымушаныя былі выпусьціць Бандарэнку. Я спадзяюся, Эўразьвяз і надалей будзе трымацца сваёй пазыцыі, і ў выніку выпусьцяць усіх астатніх палітвязьняў. Я размаўляла з сваякамі Бяляцкага, Лобава. Усе чакаюць сваіх на волі. І я таксама хачу, каб яны выйшлі.

13:20 На «Ўсходнім» аўтавакзале каля 100 чалавек сабраліся сустракаць Зьмітра Бандарэнку. Прыехаў таксама Андрэй Саньнікаў з жонкай і сынам, сваякі іншых палітвязьняў: Натальля Пінчук, Марына Лобава, а таксама палітыкі і актывісты. У кароткім інтэрвію Андрэй Саньнікаў сказаў, што галоўная задача найбліжэйшага часу — гэта вызваленьне іншых палітвязьняў.


пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:55 0:00
Наўпроставы лінк


Саньнікаў сказаў, што Данік сустрэў яго прыязна, але спачатку саромеўся. У шпіталь Саньнікаў ісьці не зьбіраецца, бо пачуваецца здаровым і фізычна, і маральна.

Наконт вызваленьня палітвязьняў Саньнікаў сказаў: «Я думаю, ідзе нейкая гульня. Калі вызвалялі ў верасьні, то таксама зьяўляліся розныя паведамленьні. Цяпер наверсе зьбіраюць рэакцыі на нашае вызваленьне. Я думаю, што ўсіх павыпускаюць найбліжэйшым часам».

Саньнікаў лічыць, што пакуль ня вызваляюць усіх палітвязьняў, ніякіх крокаў насустрач рэжыму быць не павінна. На пытаньне, ці будзе ён працягваць удзельнічаць у палітыцы, Саньнікаў адказаў: «Я буду жыць».
Андрэй Саньнікаў з сынам Данікам і жонкай Ірынай Халіп
Андрэй Саньнікаў з сынам Данікам і жонкай Ірынай Халіп


Летась 7 красавіка Зьмітра Бандарэнку асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму. Ён ужо мае права на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне, аднак, паводле Вольгі Бандарэнкі, у калёніі пакуль не разглядалі гэтага пытаньня, хоць у асуджанага няма правінаў, якія б перашкаджалі гэтаму.

У палітыка пасьля арышту дыягнаставалі некалькі грыжаў дыскаў хрыбетніка і ўшчамленьне сьпіннамазгавых нэрваў. 25 ліпеня яго даставілі з Рэспубліканскай турэмнай бальніцы на вуліцы Валадарскага ў 5-ю бальніцу, дзе на наступны дзень зрабілі апэрацыю.

1 лютага Зьміцер Бандарэнка падаў прашэньне пра памілаваньне. 5 красавіка Лукашэнка заявіў, што бліжэйшым часам разгледзіць пытаньне пра памілаваньне палітыкаў, якія зьвярнуліся да яго з такой просьбай.

14 красавіка быў вызвалены зь віцебскай калёніі кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году Андрэй Саньнікаў.


Камэнтары


Марголін: вызваленьне палітвязьняў у Беларусі ніколі не было прыкметай пераменаў


Леў Марголін
Леў Марголін
Намесьнік старшыні АГП Леў Марголін заявіў, што вызваленьне палітвязьняў Андрэя Саньнікава і Зьмітра Бандарэнкі ня сьведчыць пра нейкую лібэралізацыю ў краіне.

«У нашай краіне вызваленьне нейкіх палітвязьняў ніколі не было прыкметай пераменаў. Бо кожны разумее, у краіне і за яе межамі, што сёньня можна адпусьціць палітвязьня, а заўтра набраць новых. Да так званых выбараў у так званы парлямэнт, напэўна, будзе выпушчаная абсалютная бальшыня. Гэта будзе спроба зрабіць нейкі жэст. Але гэта не перашкодзіць рэжыму пасьля выбараў, калі нічога не памяняецца, набраць новых.

Гэта проста нейкі знак, бо ў нас улада нічога проста так ня робіць. Я думаю, што гэта вымушаны крок, бо ідзе да фінішу красавік, зноў будзе пасяджэньне Эўракамісіі, зноў будзе стаяць пытаньне, ці пашыраць санкцыі адносна Беларусі. У траўні чакаецца разгляд пытаньня аб правядзеньні чэмпіянату сьвету па хакеі. Таму гэта спроба нейкім чынам залагодзіць эўрапейскую супольнасьць».


Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў
Камэнтуючы вызваленьне Андрэя Саньнікава і Зьмітра Бандарэнкі намесьнік старшыні Партыі БНФ, зкс-кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў выказваў спадзяваньне, што ў хуткім часе будуць вызвалены і астатнія. Ён мяркуе, што ў гэтым праглядаецца жаданьне ў Беларусі наладзіць добрыя стасункі з Эўропай.

«Мне прыемна, што нарэшце гэтае пытаньне вырашылася — Саньнікаў і Бандарэнка на свабодзе. Я спадзяюся, што ў хуткім часе і астатні кандыдат Статкевіч і іншыя палітзьняволеныя будуць таксама хутка на волі. У гэтым пляне ў Беларусі праглядаецца наладжваньне добрых стасункаў з Эўропай. Я ўспрымаю станоўча наладжваньне добрых стасункаў з Эўропай. Беларускім уладам нарэшце дайшло, што каб краіна была вольнай, незалежнай, трэба наладжваць кантакты ня толькі з усходам, але і з захадам.

Няма верагоднасьці, што вызваляць усіх палітвязьняў, бо падыходы ўладаў да гэтых зьняволеных розныя. Будзем спадзявацца.што вызваляць усіх. Але хутчэй за ўсё ў бліжэйшы час вызваляць тых, чый лёс зьвязаны з прэзыдэнцкай кампаніяй 2010 года».

Радзіна: відавочна, што санкцыі працуюць


Натальля Радзіна
Натальля Радзіна
Рэдактарка сайту «Хартыя’97» Натальля Радзіна адзначае, што Андрэй Саньнікаў і Зьміцер Бандарэнка былі вызваленыя праз два тыдні пасьля ўвядзеньня санкцый супраць алігархаў Аляксандра Лукашэнкі і іх прадпрыемстваў.

“Тут зусім відавочна, што санкцыі працуюць. Гэта якраз паказальны прыклад таго, што бывае, калі з Лукашэнкам размаўляць на зразумелай яму мове — мове сілы.

Канечне ж, трэба змагацца за вызваленьне ўсіх палітвязьняў. Бо ў турмах застаюцца яшчэ 15 чалавек і трэба намагацца іх вызваленьня.

Я не сказала б, што мяняецца палітыка рэжыму. Я неяк слаба веру, што дыктатар можа неяк перавыхавацца. Тым ня менш, гэта вельмі пазытыўны крок, і яго трэба ацэньваць. Але цяпер важна, каб былі вызваленыя ня толькі гэтыя двое, хаця гэта, канечне ж, лідэры беларускай апазыцыі, вельмі знакавыя фігуры. Трэба дамагацца вызваленьня ўсіх астатніх — і Мікалая Статкевіча, і Дзьмітрыя Дашкевіча, і Мікалая Аўтуховіча, і ўсіх астатніх, уключаючы, канечне ж, Алеся Бяляцкага.

Я не сьпяшалася б вяртацца ў Беларусь, бо, як паказвае вопыт, лібэралізацыя ў Беларусі, калі яна пачынаецца (пакуль жа я ня бачу, што пачынаецца), то яна вельмі хутка заканчваецца. Рэжым дыктатуры ў Беларусі ніхто не адмяняў“.

Дзьмітрыеў: паўкрокавыя рэчы не дадуць выніку


Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў
Камэнтуючы вызваленьне Андрэя Саньнікава і Зьмітра Бандарэнкі, актывіст кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў адзначыў, што ўлада спрабуе вельмі асьцярожна павярнуцца да палітыкі балянсу паміж Расеяй і Эўразьвязам.

«Безумоўна, гэта крок, які ўлада зрабіла, разьлічваючы на нейкі пазытыўны адказ з боку Эўропы. Але іншая справа, што ўладзе трэба зразумець сёньня, што паўкрокавыя рэчы не дадуць таго выніку, якога яна чакае. І тое, што адпусьцілі двух палітвязьняў — гэта можна вітаць. Але заявы, якія ёсьць з Эўропы, адназначныя: што толькі выпуск усіх палітвязьняў можа прывесьці да сапраўдных, пазытыўных зьменаў у дачыненьнях паміж Эўропай і Беларусьсю. Безумоўна, вітаем, што адпусьцілі сёньня Бандарэнку, учора Саньнікава, але, і гэта бачна з усіх сацыяльных сетак, чакаем астатніх. Гэта асноўны настрой як у Эўропы, так і ў грамадзянаў Беларусі».

Калякін: гэта крок у правільным кірунку


Сяргей Калякін
Сяргей Калякін
Лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін адзначыў, што вельмі пазытыўна ставіцца да таго, што ўлады вызвалілі Андрэя Саньнікава і Зьмітра Бандарэнку.

«Тое, што выйшлі два чалавекі на волю — гэта вельмі добра. Гэта крок у правільным накірунку зрабіла кіраўніцтва краіны. Але гэта яшчэ ня ўсе, і павінны будуць выйсьці іншыя палітвязьні. Гэта было прадказальна, бо мы ведалі, што гэта адбудзецца. Я і меркаваў, што гэта адбудзецца напярэдадні Вялікадня. Для ўлады гэта было вельмі зручна зрабіць як такі акт міласэрнасьці. Але мы разумеем, што тут знаходзяцца іншыя прычыны, чым міласэрнасьць. Але гэта добра, што так адбылося».

Марына Статкевіч: «Я вельмі рада за іх блізкіх і за іх саміх»


Марына Статкевіч
Марына Статкевіч
Камэнтуючы вызваленьне Андрэя Саньнікава і Зьмітра Бандарэнкі, жонка палітвязьня Міколы Статкевіча спадарыня Марына адзначыла:

«Я шчасьлівая,што яны на волі, што яны са сваімі сем’ямі. Я вельмі рада за іх блізкіх і за іх саміх».

Што да магчымага вызваленьня Міколы Статкевіча, спадарыня Марына сказала:

«Я ўжо шмат разоў казала, я ня цешу сябе спадзяваньнямі. Лепш няхай гэта будзе прыемнай і радаснай нечаканасьцю».

Івашкевіч: трэба працягваць ціснуць на рэжым


Віктар Івашкевіч
Віктар Івашкевіч
Палітык Віктар Івашкевіч заявіў, што вызваленьне Андрэя Саньнікава і Зьмітра Бандарэнкі паказвае, што санкцыі і нават пагроза рэальных санкцый эфэктыўныя.

«Ціск Эўропы і часткова беларускага грамадзтва ішоў па нарастаючай. Менавіта пагроза шырокамаштабных эканамічных санкцый прымусіла ўладу і самага галоўнага ўладатрымальніка пайсьці на гэты крок. Але гэта ж зроблена ня ў выніку таго, што нехта стаў больш добры і нешта зразумеў. Гэта вынік толькі ціску. Ну а калі ён далей ідзе, то трэба працягваць, нарошчваць.

Трэба працягваць ціснуць на рэжым і намагацца вызваленьня астатніх палітвязьняў, зьняцьця зь іх усіх судзімасьцяў, аднаўленьня цалкам у грамадзянскіх і палітычных правах. А пасьля гэтага, калі будуць вызвалены ўсе і адноўленыя ў правах, трэба дамагацца правядзеньня свабодных выбараў. Бо толькі правядзеньне свабодных выбараў можа даць нейкія гарантыі таго, што заўтра ня зьявяцца новыя палітвязьні».

Класкоўскі: Гэта будзе гандаль у раздроб.


Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
Палітоляг Аляксандар Класкоўскі адзначае, што вызваленьне ўладамі палітвязьняў Андрэя Саньнікава і Зьмітра Бандарэнкі абумоўлены комплексам чыньнікаў.

«Найперш гэта чыньнікі замежнапалітычныя, прычым заходняга і ўсходняга кшталту. Я думаю, Менск пралічыўся па некалькіх парамэтрах. Па першае, беларускае кіраўніцтва не чакала, што ўсё ж Эўропа выявіць цьвёрдасьць, салідарнасьць, вось гэты дэмарш амбасадараў. І ўвядзеньне дэ-факта кропкавых эканамічных санкцый 23 сакавіка зрабіла ўражаньне на беларускае кіраўніцтва. А зь іншага боку, пралік выявіўся ў тым, што Масква не кінулася на амбразуру. І тут таксама спадзевы беларускага кіраўніцтва, што Крэмль усяляк пачне дапамагаць і ўвяжацца ў змаганьне з Захадам, сталіся марнымі. Наадварот, усё большыя трэньні адчуваюцца на ўсходнім кірунку. І нарэшце, хісткае эканамічнае становішча і тое, што давядзецца выплачваць грошы па ранейшых пазыках, таксама цісьне на псыхіку беларускага кіраўніцтва. І падштурхоўвае да замірэньня з праклятымі буржуінамі. Таму і пачаўся гэты працэс, бо галоўнае патрабаваньне Захаду — гэта вызваленьне палітвязьняў».

Карэспандэнт: «Ці можна чакаць вызваленьня астатніх?»

Класкоўскі: «Сказаўшы „а“, трэба казаць „б“. Беларускія ўлады робяць толькі прагматычныя крокі. І натуральна, гэты працэс трэба працягваць, каб атрымаць залік ад Захаду. Іншая рэч, што калі весьці ў раздроб гандаль галовамі гэтых палітычных закладнікаў, то можна выгандляваць больш. Таму гэта будзе гандаль у раздроб. Па другое, будуць яшчэ дыскусіі вакол самога сьпісу палітвязьняў, каго такімі лічыць. Могуць фармальна сказаць, вось мы выпусьцім тых,хто па справе 19 сьнежня праходзіць. А калі Дашкевіча і Лобава раней замялі, калі ў Аўтуховіча свой сюжэт, анархісты — гэта таксама асобная гісторыя? Я думаю, улады зараз пастараюцца падзяліць на групы гэтых вязьняў і ўсяляк будуць даводзіць Захаду,што тыя, маўляў, не палітычныя. Ва ўсякім разе гэта той гандаль, у якім беларускі бок адчувае сябе, як рыба ў вадзе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG