Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «Віцьбе-3» Сяргей Каваленка зьбіраўся рэзаць вены


Актывіст КХП БНФ Сяргей Каваленка спыніў галадоўку і пачаў самастойна есьці і піць сокі. Зь вязьнем у «Навінках» сустрэўся ягоны бацька Аляксандар Каваленка.

Спатканьне Каваленкі-старэйшага з сынам доўжылася каля паўгадзіны. Галоўнае, пра што даведаўся Аляксандар Каваленка, — што ягоны сын Сяргей спыніў галадоўку і самастойна зь яе выходзіць:

«Ён пачаў выходзіць з галадоўкі, але збольшага выглядае яшчэ вельмі дрэнна. Скура ды косьці. А ў параўнаньні з тым, які ён быў на судзе, то зусім ніякі. 45 кіляграмаў важыць. Раней яго прымусова кармілі праз зонд, а цяпер ён пачаў сам есьці. Сокі адвёз яму, садавіну, сухары, печыва і гэтак далей. Стаўленьне там да яго быццам нядрэннае. Іх там ахоўваюць, там камэры ўсталяваныя. Трымаць там яго будуць, сказаў, каля месяца. Кропельніцы яму ўжо ня ставяць. Скардзіўся, што ў „Віцьбе-3“, калі ён хацеў ехаць на касацыю, яго прывязалі да ложка і трымалі гэтак тры дні. Калолі розныя прэпараты. У прыбіральню не выпускалі, уводзілі катэтэр у мачавы пухір. Нават хацеў сабе вены рэзаць на руцэ, паказваў мне сьляды ад катэтара. Тады яго сабраліся і сюды, у Менск, адправілі».

Паводле Аляксандра Каваленкі, абсьледаваньне ягонага сына экспэртамі-псыхіятрамі заключаецца ў назіраньні за ім. Ніякіх прэпаратаў Каваленку ў Навінках пакуль ня ўводзілі.

Аляксандар Каваленка мяркуе, што на наступным тыдні да сына на спатканьне выберуцца іншыя сваякі. Сам Сяргей, паводле ягонага бацькі, вельмі цікавіўся сям’ёй і справамі ў палітыцы.

Сяргей Каваленка трымаў галадоўку пратэсту зь сярэдзіны сьнежня зь перапынкам на 20 дзён у студзені-лютым. Спыніў галадоўку Сяргей два дні таму, мяркуе ягоны бацька.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG