Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьняў-анархістаў мяняюць месцамі


Мікалая Дзядка перавялі з Магілёўскай калёніі ў Шклоўскую, а Арцёма Пракапенку — са Шклова ў Магілёў. Родныя зьбіраюцца да Аляксандра Францкевіча на доўгатэрміновае спатканьне. Ігар Аліневіч займаецца ў Наваполацкай калёніі вынаходніцтвам.

Валерыя Хоціна, жонка Мікалая Дзядка, распавяла, што на 16 красавіка паводле графіку ў іх павінна быць чарговае кароткатэрміновае спатканьне, і напярэдадні родныя патэлефанавалі ў Магілёўскую калёнію, каб спраўдзіць гэта. Але даведаліся пра перавод Мікалая ў іншую калёнію:

«Да таго ён ужо 10 дзён не тэлефанаваў, хоць абяцаў, што пазвоніць. І ў калёніі нам паведамілі, што Мікалай этапаваны ў ІК-17, 6 красавіка пайшоў на этап. Але прычыны пераводу яны патлумачыць не захацелі, сказалі, што не павінны тлумачыць, а нам прыйдзе афіцыйная папера з тлумачэньнямі. Тады мы патэлефанавалі ў Шклоў, і нам пацьвердзілі, што Дзядок туды прыбыў, але прычын, маўляў, яны ня ведаюць, бо яны толькі прымаючы бок. Пачакаем, пакуль ён выйдзе з карантыну. Мы нават ня ведаем, якім будзе новы графік спатканьняў».

Маці Арцёма Пракапенкі, спадарыня Віялета кажа, што яе сына днямі перавялі са Шклоўскай калёніі № 17 у Магілёўскую № 15.

«Прычыну ніхто не паведамляе. Яго сфатаграфавалі, і загадчык гаспадаркі сказаў, што пераводзяць у 15-ю калёнію. У сувязі з чым — невядома. Кажа, нейкі абмен зьняволенымі. Зноў ён трапіў у карантын. Я запыталася, колькі ён там прабудзе — гэта таксама невядома. Можа, тыдзень, а можа, і месяц».

А за некалькі дзён да пераводу ў бацькоў было кароткатэрміновае спатканьне з сынам. Маці вельмі перажывае за здароўе і харчаваньне, бо Арцём — вэгетарыянец:

«Перадачу вялікую завезьлі. У 17-й калёніі садавіну і гародніну ніхто ня ўзважваў, мы завезьлі туды і капусту, і буракі, моркву, яблыкі. І ён мусіў усё гэта пакінуць, таму што з сабой на этап не пацягнеш».

Маці Аляксандра Францкевіча спадарыня Тацяна перажывае, што без тлумачэньня прычын абмежавалі харчовую перадачу: замест 30 кіляграмаў падчас доўгатэрміновага спатканьня можна перадаць толькі 5:
Раней можна было 30 кіляграмаў харчоў перадаваць, а цяпер толькі 5. І не тлумачаць, чаму.

«Піша, што пакуль усё нармальна, асаблівага ціску няма. Зьбіраюся на доўгатэрміновае трохдзённае спатканьне — з 1 па 3 траўня. Адзіная праблема — дазволілі перадачу толькі ў 5 кіляграмаў. Спрабую зараз датэлефанавацца да начальства, каб дазволілі больш перадаць. Раней можна было 30 кіляграмаў харчоў перадаваць, а цяпер толькі 5. І не тлумачаць, чаму».

Ігар Аліневіч, які да зьняволеньня займаўся распрацоўкай беларуска-расейскага спадарожніка, у Наваполацкай калёніі спрабуе ня страціць кваліфікацыю інжынэра-электроншчыка, распавяла ягоная маці спадарыня Валянціна:

«Сябры яму дасылаюць тэхнічныя часопісы, і ён бярэ там усялякія тэхнічныя ідэі, хоча разьвіваць саве веды. Нядаўна агаломшыў нас, даслаўшы апісаньне прыбора, які ён прыдумаў, і нават намаляваў ягоны чарцёж з апісаньнем».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG