Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што робяць са сьмяротнікамі пасьля сьмерці?


Пытаньняў, якія, падобна гэтаму, яшчэ доўга застануцца без адказу, – шмат.

Напрыклад: колькі часу праходзіць ад расстрэлу да пахаваньня?

Што робяць зь целам увогуле? Ці выкарыстоўваюцца органы такіх нябожчыкаў у мэтах трансплянталёгіі?

Чаму бацькоў, якім выдаюць пасьведчаньне аб сьмерці (расстрэле) дзяцей, не запрашаюць на ідэнтыфікацыю цела? А раптам гэта зусім ня той чалавек, чыё імя і прозьвішча пазначана ў дакумэнце?

На чым грунтуюцца інструкцыі, якія забараняюць выдаваць цела родным, чаму не дазволена паведамляць пра месца пахаваньня? Ці служаць падставай для гэтага пытаньні дзяржаўнай бясьпекі? Або прычына ў нечым іншым?

Як стасуюцца ўсе гэтыя інструкцыі з традыцыйнымі для нашай цывілізацыі абрадамі пахаваньня? Бо, як лічыў Канфуцый, калі гэтыя абрады зьнішчыць, і жывыя перастануць клапаціцца аб нябожчыках, то яны перастануць клапаціцца і аб жывых.

Пытаньні ўзьнікаюць таму, што ўсё, зьвязанае з працэсам сьмяротнага прысуду – ад яго абвяшчэньня да выкананьня – робіцца са словамі: «Імем Рэспублікі Беларусь». То бок, ад нашага з вамі імя.

Сёе-тое, праўда, стала здабыткам публічнасьці дзякуючы эміграцыі колішняга кіраўніка расстрэльнай каманды Алега Алкаева. Як вынікае зь ягонай кнігі ды шматлікіх інтэрвію, у вузкае кола непасрэдных удзельнікаў выкананьня сьмяротнага прысуду абавязкова ўваходзіць лекар. Традыцыі гэтай, дарэчы, вельмі шмат гадоў. Згодна з архіўнымі зьвесткамі, пры павешаньні Івана Пуліхава (1906) таксама прысутнічаў лекар, які канстатаваў сьмерць. У мэдыка з сучаснай «расстрэльнай каманды» тая самая місія. На дадатак, ён мусіць выняць кулю з галавы расстралянага – каб сьмерць была імгненная, страляюць у галаву.

Яшчэ лекар абавязаны выпісаць пасьведчаньне аб сьмерці, якое празь нейкі час адсылаюць родным асуджанага, аднак спачатку перадаюць іншым удзельнікам каманды. Паводле некаторых зьвестак, на падставе даведкі «расстрэльнікі» на наступны дзень атрымліваюць труну ў рытуальным камбінаце на вул. Альшэўскага, 12, а потым у гэтай труне хаваюць расстралянага на адным з нумарных участкаў разам з бамжамі і неапазнанымі асобамі. Целы хаваюць, а не крэміруюць, казаў журналістам былы кіраўнік расстрэльнай каманды. Інакш існуе вялікая верагоднасьць уцечкі сакрэтнай інфармацыі.

Калі дапусьціць варыянт цывілізаванага пахаваньня на нейкіх сталічных могілках, то некаторы час, прынамсі некалькі гадзін – паміж расстрэлам і пахаваньнем – цела расстралянага, згодна з апублікаванай інфармацыяй, знаходзіцца ў моргу аднаго зь менскіх шпіталёў. Цалкам лягічна, што, у адпаведнасьці з атмасфэрай надзвычайнай сакрэтнасьці, нябожчыка не рэгіструюць пад сапраўдным імем і прозьвішчам, і цела ідзе як неапазнанае.

Усім неапазнаным, як правіла, робяць ускрыцьцё, якое дазваляе назваць прыблізны ўзрост і канстатаваць стан унутраных органаў (шмат хто зь сьмяротнікаў заканчвае жыцьцё маладым і параўнальна здаровым). Яшчэ патолягаанатамы вызначаюць прыблізны час сьмерці і адзначаюць, што чалавек памёр у выніку спыненьня працы галаўнога мозгу. Увесь гэты час – некалькі гадзін ад моманту сьмерці мозгу – унутраныя органы (сэрца, пячонка, ныркі) могуць працаваць аўтаномна.

Іншымі словамі, такі нябожчык робіцца патэнцыйным донарам, бо аўтаматычна падпадае пад дзейны Закон РБ аб трансплянталёгіі, галоўны прынцып якога – прэзумпцыя згоды.

Паводле існуючай практыкі, пра такога донара адразу паведамляюць адмысловым мэдычным брыгадам.

«У нашай цяперашняй сытуацыі, калі мы маем дэфіцыт донарскіх органаў, мы ня можам сабе дазволіць адмовіцца ад любога прыдатнага органа, бо ліст чаканьня хворых вельмі вялікі», – расказваў мне адзін зь лекараў-трансплянтолягаў.

Доктар таксама падкрэсьліў, што ніякіх пэрсанальных зьвестак, акрамя мэдычных, трансплянтолягі пра донараў ня маюць.

Падставай для той размовы сталі публікацыі ў беларускіх СМІ пра тое, што першай у краіне жанчыне з чужым сэрцам перасадзілі сэрца алькаголіка-бамжа.

«Каб вы ведалі, – адзначыў тады доктар, – алькаголікі нярэдка маюць здаровае сэрца. Для хірургаў гэта галоўны крытэр. Увогуле, ніводзін з нас нічога ня ведае дый ня мае патрэбы ведаць пра асобу донара. Для мэдыкаў няважна, кім быў нябожчык пры жыцьці – бамжом, шулерам ці маньякам-забойцам, тэрарыстам-сьмяротнікам. Тое ж самае тычыцца і рэцыпіентаў. Як паказвае мой досьвед, калі я стажыраваўся за мяжой, то там сваякі большасьці выратаваных пацыентаў знаходзілі магчымасьць выказаць у любой форме падзяку сем’ям сваіх донараў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG