Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка разгледзіць пэрсанальныя справы амбасадараў і памілаваньні

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ня супраць вяртаньня амбасадараў краінаў ЭЗ, а таксама ня будзе напружваць Расею сваімі стасункамі з Захадам. Ён паабяцаў разгледзіць памілаваньні палітычных вязьняў, якія зьвярнуліся да яго.

Пра «вайну» з Захадам «пад крылом Расеі»

Лукашэнка заявіў, што ня мае намеру перагружаць Расею сваімі праблемамі ў адносінах з Захадам.

«Вось кажуць, што мы пачнем ваяваць з Захадам, таму што мы знаходзімся пад крылом у Расеі. Гэта абсалютная дурасьць, прымітывізм», — заявіў кіраўнік Беларусі. — «Нам гэтая вайна не патрэбная яшчэ і таму, што мы ня хочам, каб мы перагружалі Расею ўласнымі праблемамі (...) Расея нас будзе абараняць, натуральна, на шкоду сабе. У Расеі сёньня сваіх праблемаў звышдастаткова. Таму нам ня трэба перагружаць нашых блізкіх партнэраў у сваіх адносінах з Заходняй Эўропай».

«Некаторыя кажуць, што Лукашэнка такім чынам сябе паводзіць, таму што Расея яго ўзяла пад абарону (...) Ведаеце, занадта прымітыўна сказана», — запэўніў Лукашэнка.

Пра вяртаньне амбасадараў:

«Мы ня супраць вяртаньня эўрапейскіх абмасадараў, але будзем разглядаць кожнага амбасадара пэрсанальна, што да яго вяртаньня», — заявіў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе па пытаньнях зьнешняй палітыкі.

Беларусь не зацікаўленая ў эскаляцыі цяперашніх рознагалосьсяў, якія, на жаль, у нас ёсьць

«Мы зь міністрам замежных спраў дамовіліся, што мы кожную краіну і кожнага амбасадара будзем пэрсанальна разглядаць, у пляне вяртаньня ў Беларусь. Але гэта ня мае нічога агульнага з тым, што мы хочам перашкодзіць вяртаньню амабадараў, — заявіў Лукашэнка. — Мы будзем па-дзелавому выбудоўваць палітыку, у плане вяртаньня еўрапейскіх амабадараў Беларусь».

«Мы амбасадараў эўрапейскіх дзяржаў адсюль не выганялі. Гэта была іх воля, яны зьехалі, зьдзейсьніўшы дыпляматычны, палітычны крок. Яны зьдзейсьнілі пэўны дэмарш, які ў той час наносіў шкоду нашаму зьнешнепалітычнаму ведамству, як мінімум, і нашай дзяржаве, як максымум. Мы спакойна на гэта адрэагавалі», — адзначыў Лукашэнка.

«А вось вярнуцца назад — гэта ўжо мы паглядзім, якім чынам яны будуць вяртацца ў Беларусь (...) Але казаць пра тое, што мы іх не пусьцім, таксама нам не варта. Нам з кімсьці размаўляць трэба? Трэба».


Пра справы палітвязьняў:

Палітыкі і сваякі вязьняў камэнтуюць выказваньні Аляксандра Лукашэнкі пра вяртаньне амбасадара краінаў Эўразьвязу, а таксама абяцаньні разгледзіць прашэньні пра памілаваньні

Лукашэнка таксама заявіў, што бліжэйшым часам разгледзіць пытаньне пра памілаваньне палітыкаў, якія зьвярнуліся да яго з такой просьбай.

«Той, хто сам папрасіў памілаваньня, у бліжэйшы час я разгледжу гэтыя пытаньні. Мяне ніхто не папракне, што я свае абавязацельствы або абяцаньні не выконваю, — сказаў Лукашэнка. — Мы прымем рашэньні па некаторых асобах, якія ўрэшце рэшт усьвядомілі згубнасьць уласнай пазыцыі і палітыкі ў дачыненьні да ўласнай дзяржавы», — паведамляе Інтэрфакс.

Лукашэнка кажа, што «вельмі шмат апошнім часам кажуць пра нейкіх палітвязьняў». «У нас няма ў Крымінальным кодэксе палітычных артыкулаў», — падкрэсьліў ён.

«Нават у апазыцыйных СМІ ў адкрытую заяўляюць, што на Лукашэнку ціснуць беспэрспэктыўна. (...) Гэта правільна. Але далей кажуць няправільна — што калі на Лукашэнку ціснуць, то ён зробіць наадварот. Поўная лухта. Я ніколі ніводнага рашэньня не прымаю зыходзячы зь нейкіх асабістых амбіцый. Я зраблю так, як мне загадвае Канстытуцыя і Закон. Ніякіх „наадварот“ быць ня можа», — запэўніў Лукашэнка.

трэба паводзіць сябе больш прыстойна, калі ты нешта просіш ...

«А тое, што трэба паводзіць сябе больш прыстойна, калі ты нешта просіш, — гэта правільна. Тым больш калі ты патрабуеш або чагосьці просіш ад прэзыдэнта. Ня трэба тут з палкамі хадзіць і, груба кажучы, стукаць у вакно», — сказаў А.Лукашэнка.

Пра памілаваньне: «Прычына адна: як толькі я сказаў пра гэта, некалькі месяцаў таму, усё зараўлі. Але я папярэдзіў: пытаньне памілаваньня — гэта, перш за ўсё, іх зварот з просьбай пра памілаваньне. (...) І потым пайшоў вал. Так, напісалі просьбы, але пад нейкім ціскам нехта прымусіў іх гэта зрабіць».

Лукашэнка кажа, што загадаў «праверыць, ці напісалі яны памілаваньне па сваёй волі, або іх сапраўды прымусілі».

«Мне прадставілі інфармацыю, у тым ліку і відэа, дзе яны адкрыта і шчыра кажуць: «Гэта была наша воля».

Лукашэнка дадаў: «Хтосьці — адзін ці два — не захацелі пісаць. (...) Добра, гэта іх выбар — хай сядзяць».


Пра стасункі з Эўразьвязам:

«Мы ня супраць нармалізацыі зь iмi адносiнаў. Але без усякага ціску і шантажу. Прымушаць нас пад ціскам, нахіляць нас і патрабаваць выкананьня патрабаваньняў, якія яны выстаўляюць нам, контрпрадуктыўна».

Лукашэнка прызнаў, што «крызісныя зьявы ў адносінах з заходнімі дзяржавамі, нават менш, чым з ЗША, а менавіта з Эўразьвязам, працягваюць заставацца на сёньняшні дзень».

«І прычына тут не ў Беларусі, а ў ціску і шантажы, якія мы назіраем з боку заходнеэўрапейскіх дзяржаў. (...) Вядома, мы ня можам не рэагаваць на палітыку, якую заходнія дзяржавы фармулююць і накіроўваюць супраць нас», — сказаў Лукашэнка.

«Хачу сказаць галоўнае — у нас рэакцыя на палітыку ЭЗ павінна быць годнай, павінна быць прыгожай. (...) Так, мы не павінны падстаўляць адну, другую шчаку, не павінны хаваць галаву ў пясок, як страўсы, а тым больш не павінны спакойна глядзець на санкцыі (...) Але і ястрабіных замашак з нашага боку быць не павінна. Наша рэакцыя павінна быць адэкватнай. Яна не павінна быць празьмернай, яна не павінна наносіць шкоду ня толькі нашай эканоміцы — яна не павінна нанесьці шкоду нашым адносінам з нармальнымі эўрапейцамі».

«Мы разумеем, што ёсьць, дапусьцім, Літва і Латвія. Яны што, хочуць, каб мы згарнулі адносіны і сышлі зь іхніх рынкаў? Але мы разумеем, што на іх чыняць жудасны ціск», — цьвердзіць Лукашэнка.

Парлямэнцкія выбары — «паводле стандартаў АБСЭ»

«Я заўжды кажу, што парлямэнцкія выбары — гэта іспыт, і мы яго годна мусім вытрымаць. Гэта сапраўды будзе паказчык, рэйтынг цяперашняй улады. Мы ні ў якім разе не павінны расслабляцца. Мы трымаем іспыт перад нашым народам.

Мы не баімся гэтага іспыту.

Будзем шчырыя, гэта стане асноўным патрабаваньнем нашых заходніх партнэраў да нас, асноўным патрабаваньнем па правядзеньні гэтых выбараў так, як бы яны гэтага хацелі. Як яны кажуць — паводле стандартаў АБСЭ.

Дзе яны — гэтыя стандарты АБСЭ, і хто іх выпрацаваў? Я ўвесь час прымаў удзел у самітах АБСЭ, і мы якраз крытыкавалі АБСЭ за тое, што падобных стандартаў няма. А ад нас патрабуюць правесьці выбары паводле нейкіх стандартаў.

Ясна, хто выпрацоўвае гэтыя стандарты і што маецца на ўвазе пад імі».


28 лютага МЗС Беларусі забараніў уезд на тэрыторыю краіны ініцыятарам санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў. Афіцыйны Менск выклікаў таксама для кансультацыяў свайго амбасадара ў Польшчы і прадстаўніка пры Эўразьвязе. Апрача таго, беларускі бок прапанаваў амбасадарам Эўразьвязу і Польшчы ў Менску выехаць зь Беларусі для кансультацыяў.

Пасьля гэтага прадстаўнікі краінаў ЭЗ дамовіліся адклікаць зь Менску сваіх амбасадараў для кансультацыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG