Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станіслаў Багданкевіч: «Крызіс працягваецца»


Былы старшыня Нацыянальнага банку Беларусі камэнтуе дадзеныя статыстычнай справаздачы Нацыянальнага банку РБ пра рынак міжбанкаўскіх крэдытаў. Гэта крэдыты, якія банкі даюць адзін аднаму. У нацыянальнай валюце, паводле справаздачы, гэты рынак у сакавіку ўпаў на 77%, стаўка на ім зьнізілася да 28%.

Абарот рынку міжбанкаўскіх крэдытаў у беларускіх рублях у сакавіку гэтага году склаў два з паловай трыльёны беларускіх рублёў. Такі нізкі абарот рублёвых міжбанкаўскіх крэдытаў апошні раз фіксаваўся ў сярэдзіне 2008 году. Для параўнаньня, абарот валютных міжбанкаўскіх крэдытаў складаў у сакавіку 8 млрд 426,2 млн даляраў ЗША. Хоць ён нязначна зьнізіўся, але ва ўмовах мінімальных аб’ёмаў крэдытаваньня ў нацыянальнай валюце попыт на замежную валюту застаецца высокі. Пры гэтым сярод банкаў-рэзыдэнтаў абарот склаў усяго $ 533 млн. А астатнія $ 7,89 млрд прыпалі на абарот паміж банкамі-нерэзыдэнтамі.

Станіслаў Багданкевіч: «Зьмяншаецца попыт на грошы. А меншы попыт на грошы сьведчыць пра тое, што ў эканоміцы ідзе запаволеньне росту. Стаўка павінна быць адназначнай велічынёй, тады гэта больш-менш нармальна. А калі 20–30 працэнтаў, калі стаўкі па рублёвых дэпазытах складаюць 30–40 працэнтаў, гэта ані ў якія рамкі ня лезе. Гэта ненармальная эканоміка.

Я слухаю нашае тэлебачаньне, і ўсе кажуць, што ўсё добра, што крызіс пераадолены ці яго ўвогуле не было. Гэта ўсё падман, папулісцкія заявы. Крызіс працягваецца. Нават абменныя курсы ў нас стабілізаваліся, а кошты растуць. Чым гэта можна патлумачыць? Раней нам тлумачылі тым, што мы дорага плацім за газ. А цяпер мы танна плацім за газ і нафту, а кошты ў нас растуць унутры краіны. І за электраэнэргію, і за бэнзін, і так далей. У эканоміцы нешта ня так.
Меншы попыт на грошы сьведчыць пра тое, што ў эканоміцы ідзе запаволеньне росту

І пра гэта сьведчаць працэнтныя стаўкі, якія вымяраюцца двухзначнымі лічбамі. Пра гэта сьведчыць рост рэшткаў непрададзенай прадукцыі на складах, рост запазычанасьці паміж прадпрыемствамі і арганізацыямі, рост зьнешняй сукупнай запазычанасьці — ня толькі дзяржаўнай, але і бізнэсу, і банкаў.

Непачаты край работы. Патрэбны новы ўрад з больш адукаваных, таленавітых людзей, якія б сьмела ішлі на рэформы, закрывалі стратныя прадпрыемствы, стваралі новыя працоўныя месцы, рабілі крэдыты таньнейшымі. А каб іх зрабіць больш таннымі, трэба зьнізіць плату банкаў за рэсурсы. Калі ж банк плаціць па ўкладах 40%, ці ён можа выдаць крэдыт пад 10%? Вядома ж, не. Трэба, каб рэсурсы для банкаў каштавалі танна, тады яны змогуць даць прадпрыемствам танны крэдыт. Тады прадпрыемствы змогуць ствараць новыя працоўныя месцы, купляць сучаснае абсталяваньне, тэхналёгіі... А ў комплексе гэтага няма ў Беларусі. Жывем як і раней, захоўваем статус-кво».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG