Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўтары тысячы беларусаў папрасілі прытулку на Захадзе


Аўганскія ўцекачы ў Брусэлі
Аўганскія ўцекачы ў Брусэлі

Колькасьць людзей, якія папрасілі палітычнага прытулку на Захадзе летась, узрасла на 20% у параўнаньні з папярэднім годам.

Паводле апублікаванага сёньня дакладу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў, у 44 «індустрыяльных краінах» сьвету ў 2011 годзе просьбу аб наданьні палітычнага прытулку падалі 441 300 ўцекачоў.

«Індустрыяльныя краіны» ў гэтай статыстыцы азначаюць увесь Эўразьвяз, Альбанію, Босьнію-Герцагавіну, Харватыю, Ісьляндыю, Ліхтэнштэйн, Чарнагорыю, Нарвэгію, Сэрбію (з Косавам), Швайцарыю, Македонію, Турцыю, Аўстралію, Канаду, Японію, Новую Зэляндыю, Карэю і ЗША.

Паводле дакладу, колькасьць новых уцекачоў, зарэгістраваных на Захадзе ў 2011 годзе — найбольшая ад 2003 году, калі іх лік дасягнуў 505 000.

Паводле дакладу, у Беларусі ў 2011 годзе былі пададзеныя 90 просьбаў на атрыманьне прытулку (у 2010 — 150 просьбаў). А ў Эўропе у 2011 годзе папрасілі прытулку 1441 чалавек зь Беларусі (у 2010 — 941 чалавек).

У 2011 годзе найбольшую колькасьць уцекачоў складалі аўганцы, за імі былі кітайцы і іракцы.

Вярхоўны камісар ААН Антоніё Гутэрэс лічыць, што колькасьць людзей, якія папрасілі прытулку на Захадзе ў 2011 годзе, толькі ў невялікай ступені адлюстроўвае праблему ўцекачоў у сусьветным маштабе.

«Колькасьць просьбаў аб прытулку, складзеных ва ўсіх індустрыяльных краінах, усё ж меншая, чым колькасьць насельнікаў Дадабу, толькі аднаго лягеру для ўцекачоў у паўночна-ўсходняй Кеніі» — цытуе Гутэрэса агенцтва Ройтэрз.

У лягеры Дадаб пражывае цяпер больш за 460 000 самалійцаў, якія пакінулі сваю краіну, ратуючыся ад вайны і засухі.

Са згаданых 44 краінаў, найбольшая колькасьць просьбаў аб прытулку была зарэгістраваная ў ЗША (74 000), Францыі (52 000) і Нямеччыне (46 000).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG