Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У міліцыі няма прэтэнзіяў да Віктара Карняенкі

абноўлена

Віктар Карняенка
Віктар Карняенка

Сустаршыня грамадзкай кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка, які трапіў у сьпіс невыязных зь Беларусі, 27 сакавіка атрымаў ліст з аддзелу грамадзянства і міграцыі Дзяржынскага раёну, дзе ён пражывае.

«У лісьце сказана, што да мяне ніякіх прэтэнзіяў з боку Міністэрства ўнутраных спраў няма. А ёсьць нейкія прэтэнзіі ад Міністэрства юстыцыі. І што я магу падаць на гэтае міністэрства ў суд.

І таму сёньня я афармляю скаргу ў суд. Больш нічога чакаць я не хачу. Сёньня, у крайнім выпадку заўтра, панясу скаргу ў суд на Міністэрства юстыцыі», — кажа Карняенка

Палітык сказаў, што ліст зь міліцыі — гэта першая рэакцыя на тры звароты да ўладаў пасьля таго, як яго не пусьцілі за мяжу:

«Я тэрмінова накіраваў лісты ў памежны камітэт, міграцыйную службу і генэральнаму пракурору для рэагаваньня. І вось сёньня атрымаў першы адказ».

Віктар Карняенка кажа, што ён ня можа зразумець, чаму трапіў у сьпіс невыязных зь Беларусі:

«Фармальна начальнік краіны казаў, што пакараныя будуць тыя, хто выступае за санкцыі і з-за каго цярпіць Беларусь. З улікам таго, што я ніколі не выступаў за санкцыі — не таму, што я лічу, што яны неабходныя альбо не, а таму што ўпэўнены — гэта ня наша справа, Эўропа сама вырашае, як зрабіць. І таму я на гэты конт ніколі не раблю ніякіх камэнтароў. Таму я раблю высновы, што словы кіраўніка — хлусьня.

Якія ва ўлады ёсьць матывы пры складаньні гэтых сьпісаў, мабыць, толькі ёй і зразумела».
Класкоўскі: «Улады праз гэты сьпіс сутыкаюць апазыцыю ілбамі»

Некаторыя апазыцыйныя палітыкі ня маюць перашкодаў пры выезьдзе зь Беларусі. Гэта, напрыклад, Юрась Губарэвіч, Рыгор Кастусёў, Валеры Фралоў.

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
Тут цяжка асэнсаваць лёгіку ўлады, — адзначае палітоляг Аляксандар Класкоўскі: «Па-першае, таму, што невядомы гэты сьпіс цалкам. Хтосьці яшчэ пасьля 5 сакавіка не выяжджаў, не зьвяртаўся па даведку. Таму тут можна толькі гадаць пра яго сапраўдныя маштабы.

Па-другое, я думаю, што калі быў дадзены такі загад зьверху, то ўсё гэта рабілася хутка, імпульсіўна. Праглядалі, відаць, нейкія свае сьпісы дэструктыўных элемэнтаў. Хто больш вочы намазоліў, той і мог трапіць у сьпіс.

І трэцяе. У мяне ёсьць такая вэрсія, што, акрамя ўсяго іншага, можа, і спэцыяльна так робяць: адных апазыцыянэраў выпускаюць зь Беларусі, іншых — не выпускаюць, каб яшчэ і сутыкнуць іх ілбамі. У беларускай апазыцыі і без таго пануе ўзаемнае падазрэньне. Любая дыскусія з канцэптуальнай перарастае ў кіданьне камянямі: ты — шпіён, ты — агент, ты — калябарант. А зараз, паводле гэтага крытэру — цябе выпускаюць, а мяне не выпускаюць — могуць з новай сілай разгарэцца гэтыя падазрэньні і ўзаемныя абвінавачваньні».
Лябедзька спадзяецца, што суд разгледзіць яго скаргу цягам месяца

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў «Свабодзе», што ягоную скаргу на Міністэрства юстыцыі і Міністэрства ўнутраных спраў афіцыйна зарэгістравалі ў судзе Цэнтральнага раёну Менску. Аднак калі адбудзецца разгляд гэтай справы, палітыку не паведамілі.

«Я лічу, што ёсьць падставы для разгляду гэтай справы ў судовым парадку. Як хутка гэта будзе? Напрыклад, у Міністэрстве юстыцыі, куды я таксама падаў скаргу, калі справа не патрабуе высьвятленьня нейкай дадатковай сытуацыі, то даць адказ мусяць на працягу 15 дзён. Калі патрабуе — месяц. Я мяркую, што і ў судзе цягам прыкладна гэтага часу павінна нешта вырашыцца», — заявіў Лябедзька.


МУС: Пашырэньня базы невыязных з палітычных матываў не было


У розныя дні зь Беларусі не змаглі апошнім часам выехаць: палітыкі — Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін, Віктар Карняенка, Станіслаў Шушкевіч, Вінцук Вячорка, Валеры Ўхналёў, Леў Марголін; праваабаронцы — Алег Гулак, Валянцін Стэфановіч, Андрэй Бандарэнка, Гары Паганяйла, Алег Воўчак; журналісты — Жана Літвіна, Міхаіл Янчук, Андрэй Дынько.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG