Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ зацікавіўся ўцечкай інфармацыі з адміністрацыі Лукашэнкі


Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі праводзіць праверку па факце апублікаваньня дакумэнту з матэрыяламі нарады ў прэзыдэнта, якая нібыта адбылася 15 сакавіка.

Пра гэта БелаПАН паведаміў намесьнік начальніка цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Артур Стрэх.

Правяраюцца сапраўднасьць дакумэнту, магчымыя каналы ўцечкі інфармацыі.

20 сакавіка ў інтэрнэце зьявілася копія пераліку пытаньняў для абмеркаваньня на нарадзе ў Лукашэнкі. Нібыта 15 сакавіка там мелася ісьці гаворка пра бягучы стан дыялёгу «Беларусь — Эўразьвяз», пляны ЭЗ па ўзмацненьні санкцыяў у дачыненьні да Беларусі 23 сакавіка, пра ступень гатоўнасьці магчымых захадаў у адказ.

Да гэтых захадаў, мяркуючы па дакумэнце, адносяцца меры дыпляматычнага ўзьдзеяньня, у прыватнасьці — пытаньне ўдзелу Беларусі ва «Ўсходнім партнэрстве», агульныя гандлёва-эканамічныя меры, тэма транзыту, сумесныя дзеяньні ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы, кропкавыя эканамічныя абмежаваньні ў дачыненьні да канкрэтных замежных юрыдычных і фізычных асобаў.

У апублікаваным дакумэнце пазначаны блёк пытаньняў для абмеркаваньня з Расеяй на вышэйшым узроўні. Да іх адносяцца: паглыбленьне палітычнага ўзаемадзеяньня і забесьпячэньне палітыка-дыпляматычнай падтрымкі; вынікі ўдзелу ў АЭП, пэрспэктывы адзінай валюты; блёк пытаньняў абароннага і ваенна-тэхнічнага комплексу, паўночны маршрут дастаўкі грузаў для групоўкі ў Аўганістане; тэма ўдзелу Расеі ў прыватызацыі.

Яшчэ адно пытаньне, якое нібыта абмяркоўвалася ў прэзыдэнта 15 сакавіка, — далейшае разьвіцьцё стратэгічнага партнэрства з Кітаем і павелічэньне зьдзелак зь юанем.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG