Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агульны градус міласэрнасьці


Алена Струвэ
Алена Струвэ
Прашэньне – ад слова "прасіць". Калі ты просіш і разьлічваеш на адпаведны вынік, ты мусіш сабе адпаведна паводзіць.

Прыкладна так, камэнтуючы адмову прэзыдэнта на прашэньне маці асуджанага на сьмерць Улада Кавалёва, выказаліся ўчора сьпярша рэдактар інтэрнэт-газэты "Ежедневник" Сяргей Сацук, а потым у інтэрвію "Свабодзе" былы начальнік "Валадаркі" Алег Алкаеў. Маўляў, Любоў Кавалёва зрабіла вялікую памылку, што слухалася праваабаронцаў, публічна ставіла пад сумнеў рашэньне суду і такім чынам не пакінула "Лукашэнку магчымасьці памілаваць беларускіх тэрарыстаў". А калі б маці асуджанага прасіла, а не патрабавала, яна б магла разьлічваць на міласьць таго, ад каго ў нашай краіне ўсё залежыць.

Не сумняюся, што і Сацук, і Алкаеў маюць усе падставы так меркаваць. Сама ж я ведала некалькіх маці, якія пісалі такія прашэньні і зусім не зьвярталіся па дапамогу да праваабаронцаў, не давалі ніякіх інтэрвію, як і належыць згодна з законамі "дыктатуры", моўчкі несьлі ў сабе сваё гора. Тым ня менш "сыноў-злачынцаў" расстрэльвалі. А ў грамадзтве мала хто задаваўся пытаньнем, ці сапраўды гэта быў акт справядлівасьці.

Здарылася так, што 11 красавіка 2011 году, празь некалькі хвілін пасьля выбуху ў мэтро, я апынулася ля ўваходу на станцыю "Кастрычніцкая" і бачыла на ўласныя вочы, як выносілі з тунэля параненых і загінулых. Уявіць, як павялі б сябе відавочцы тых падзеяў, калі б раптам сустрэлі недзе побач Любоў Кавалёву, маці ліхога "злачынца-тэрарыста" (паводле афіцыйнага азначэньня, дадзенага яшчэ да суду і сьледзтва), няцяжка. Немагчыма было ўявіць іншае: што жанчыну і яе дачку неўзабаве пачнуць прытуляць у Менску сем’і ахвяраў, што сям’я Кавалёва сустрэне ў значнай часткі грамадзтва ня толькі спачуваньне, але і сымпатыі… Аднак усё гэта адбылося.

Любоў Кавалёва паказала прыклад таго, як годна, дастойна і мужна можа паводзіць сябе МАЦІ ў сытуацыі, якой не пажадаеш нікому. У сытуацыі, калі іншыя бацькі фактычна адмовіліся ад усялякіх кантактаў са сваім дзіцем, пакідаючы яго сам-насам зь цяжкімі перажываньнямі.

Маці ж Улада заўсёды была і заставалася побач з сынам (хай нават не фізычна, і гэтая падтрымка, упэўненая, перадавалася і Ўладу). Пры ўсім цяжары гора гэтая жанчына заўсёды трымала роўнай сьпіну, пры ўсіх, у тым ліку фінансавых, цяжкасьцях наняла сыну выдатнага адваката. Менавіта праца гэтага прафэсіянала (на жаль, сапраўдных прафэсіяналаў у гэтым асяродку застаецца ўсё меней) пераканала немалую частку грамадзкасьці, што права на кваліфікаваную абарону мае кожны, незалежна ад характару віны.

У грамадзтве пачалі голасна гаварыць пра катастрафічнасьць сьмяротнага выраку ў выпадку судовай памылкі, пра тое, што паказаньні "абвінавачаных" і "сьведак" могуць выбівацца самымі рознымі сродкамі, пра тое, што могуць адчуваць ня толькі блізкія ахвяраў, але і сямейнікі, найперш маці асуджаных на сьмерць. Публічнае абмеркаваньне падзеяў 11 красавіка 2011 году не дадало грамадзтву агрэсіі, а наадварот, падвысіла агульны градус міласэрнасьці.

Дзякуй вам, Люба!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG