Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура Кіргізстану расьсьледуе ўцёкі брата Бакіева


Ахмат Бакіеў
Ахмат Бакіеў

Генпракуратура Кіргізстану завяла крымінальную справу па факце ўцёкаў Ахмата Бакіева — роднага брата Курманбека Бакіева.

Ахмата Бакіева асудзілі на 7,5 года калёніі за арганізацыю масавых беспарадкаў на поўдні Кіргізстану ў траўні-чэрвені 2010 году. Пакараньне ён адбываў у калёніі-паселішчы.

Таксама «пракуратурай па наглядзе за законнасьцю ў папраўчых установах заведзеная і расьсьледуецца крымінальная справа супраць службовых асобаў Дзяржаўнай службы выкананьня пакараньняў па фактах неналежнага выкананьня сваіх службовых абавязкаў, з прычыны чаго і сталі магчымымі ўцёкі Бакіева», — цытуе Інтэрфакс Генпракуратуру Кіргізстану.

У сілавых структурах Кіргізстану ёсьць людзі, якія маюць сталую сувязь з Бакіевымі і перадаюць ім розную інфармацыю, паведаміў раней у інтэрвію кіргіскай службе «Свабоды» намесьнік міністра ўнутраных спраў гэтай краіны Мэліс Турганбаеў.

«Але ёсьць такая штука, як міжнародныя дамовы, на падставе якіх усе гэтыя працэсы моцна зацягваюцца. Вось у Беларусь мы колькі разоў адпраўлялі запыты праз Генэральную пракуратуру. У Інтэрпол мы адпраўлялі інфармацыю праз нашы спэцслужбы і праваахоўныя органы пра тое, што Джаныш Бакіеў (трэці брат экс-прэзыдэнта. — РС) знаходзіцца ў вышуку. На жаль, да сёньняшняга дня мы ніадкуль не атрымалі выразнага адказу», — канстатуе намесьнік міністра ўнутраных спраў Кіргізстану Мэліс Турганбаеў.

На пачатку 2012-га былы прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў атрымаў беларускае грамадзянства пасьля двух гадоў жыцьця ў Беларусі.

Палітычны прытулак у Беларусі сям’я Бакіевых атрымала дзякуючы асабістаму распараджэньню Аляксандра Лукашэнкі.

У Беларусі Курманбек Бакіеў хаваецца з другой жонкай. Ад першага шлюбу ў яго два сыны, якіх таксама шукаюць праваахоўныя органы Кіргізстану.

Афіцыйны Бішкек неаднаразова дамагаўся выдачы Курманбека Бакіева.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG