Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У якой краіне прачнуліся расейцы?


Уладзімір Пуцін перамог на прэзыдэнцкіх выбарах у Расеі. Зь відавочнымі фальсыфікацыямі, якія аднак ня мелі вырашальнага значэньня. Што зафіксавала гэтая перамога?

Першае: у Расеі ёсьць сталая пуцінская большасьць. Збольшага аморфная, пасіўная, некрэатыўная. Але ёсьць. Гэты тэзіс быў пастаўлены пад сумнеў зімовымі акцыямі пратэсту, рэзкім падзеньнім рэйтынгу Пуціна, што засьведчылі нават прадзяржаўныя сацыялягічныя службы. І гіпатэтычна можна было разглядаць варыянты дэлегітымізацыі яго ўлады. Напрыклад так: другі тур, а там — перамога Пуціна з вырашальнай дапамогай фальсыфікацыяў. Але — не: 50,2% галасоў нават па выніках незалежнага паралельнага падліку галасоў.

Пуцін засьведчыў, што ён можа мабілізаваць свой электарат і гэты электарат вельмі вялікі. Каб перамагчы Пуціна, трэба перацягнуць гэтых людзей на свой бок. Гэта, па-першае, надзвычай цяжка. А па-другое, цягам прэзыдэнцкай кампаніі ніхто і не зьбіраўся гэтым займацца. Было нейкае малазразумелае спадзяваньне, што кола зацятых прыхільнікаў Пуціна нязначнае, і страціўшы нават частку людзей, якія вагаюцца, ён можа не набраць большасьці. Набраў і безь вялікіх праблемаў. А зацятых аказалася больш, чым меркавалі апазыцыйна настроеныя грамадзяне. Значыць, і зь імі трэба «працаваць», каб разьлічваць хоць на нейкі посьпех.

Другое: у пратэстнага руху (у цяперашнім яго выглядзе) ёсьць столь. І ён яе дасягнуў. І дасягнуў, спыніўшыся далёка ад адзнакі ў 50%, што дазволіла б весьці сур’ёзную размову пра канкурэнтныя выбары прэзыдэнта. У такой сытуацыі перамога Пуціна — гэта не пра тое, што «чарговы раз падманулі народ», а пра тое, што народ не захацеў рэзкіх пераменаў. Рэальнасьць сьцьвярджае, што максымум, на што цяпер можа разьлічваць «крэатыўная кляса» і «раззлаваныя гарадзкія жыхары» — прадстаўніцтва ў парлямэнце, кантроль над сваім раёнам (праз выбары дэпутатаў), можа нават горадам (праз выбары мэра), але ніяк не краінай.

Трэцяе: у Пуціна няма канкурэнтаў. Гэта, праўда, было зразумела і без прэзыдэнцкай кампаніі. Кожны з кандыдатаў у прэзыдэнты вырашаў уласную задачу і ні ў аднаго з іх задачай не была перамога. І ні адзін зь іншых, гіпатэтычных кандыдатаў, якое прозьвішча ні назаві, ня мог разьлічваць нават на другі тур. Менавіта гэта рабіла і робіць немагчымай «аранжавую рэвалюцыю» ў Маскве (усур’ёз пра яе могуць гаварыць толькі тыя, хто жадае асвойваць сур’ёзныя бюджэты на барацьбу супраць «аранжавай пагрозы» — хтосьці кшталту Кургіняна і «Нашых»). Галоўная ўмова такой рэвалюцыі — наяўнасьць кандыдата, за скрадзеную перамогу якога трэба змагацца. Такога кандыдата не было. Ідэю сумленных выбараў на плячах у Крэмль не ўнясеш і на пасаду не пасадзіш. Гэтая ідэя падыходзіць не для рэвалюцыі а выключна для эвалюцыі. Што, уласна кажучы, і адбываецца цяпер з расейскім грамадзтвам і палітыкай. Камусьці не падабаюцца тэмпы гэтай эвалюцыі? Ну што зробіш, Расея... А канкурэнтаў Пуціну трэба «гадаваць». Іншая справа, што цяжка ўявіць, што ім можа стаць чалавек з поглядамі і каштоўнасьцямі сярэдняй клясы. Хутчэй ужо гэта будзе яшчэ большы папуліст і нацыяналіст, чым Пуцін. Ёсьць у Расеі як мінімум адна такая «палітычная жывёла», якая ўмее ўзьдзейнічаць больш на інстынкты, чым на розум. Але яна ўжо пры пасадзе...

Чацьвёртае: улада ачуняла, і цяпер выключна ад яе залежыць, зь якіх пазыцыяў яна будзе размаўляць зь незадаволенымі. Разгон людзей увечары 5 сакавіка на Пушкінскай плошчы быццам бы сьведчыць, што размова будзе весьціся з пазыцыі сілы. Але давайце зьвернем увагу вось на што — разагнаны быў ня мітынг, на які прыйшлі 10-20 тысячаў чалавек, а купка найбольш актыўных яго ўдзельнікаў, якая засталася там пасьля. Фактычна, улада зафіксавала пазыцыю: па магчымасьці талерантна ставіцца да шырокага грамадзкага пратэсту, але змагацца з тымі, каго яна лічаць палітычнымі маргіналамі. Таму дыялёг будзе. З кім — іншае пытаньне. Ясна, што Крамлю прасцей было б размаўляць з Прохаравым ды Кудрыным, чым з Рыжковым ды Удальцовым. Але пакуль што і адны і другія дапускаюцца ў «сыстэмную» палітычную прастору. Жорсткага «закручваньня гаек» няма, і, здаецца, не прадбачыцца. Пытаньне — хто і як гэтым скарыстаецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG