Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны вэтэрынарны інспэктар Беларусі выехаў ва Ўкраіну


Украіна часова забараніла ўвоз малочных прадуктаў і сьвініны зь Беларусі. 1 сакавіка ва Ўкраіну выехаў галоўны дзяржаўны вэтэрынарны інспэктар Беларусі Юрый Піваварчык, каб высьветліць прычыны, якія зьявіліся падставай для часовай забароны ўвозу сьвініны і малочных прадуктаў зь Беларусі.

БЕЛТА са спасылкай на Дэпартамэнт вэтэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі піша, што з боку дзяржаўнай вэтэрынарнай і фітасанітарнай службы Ўкраіны афіцыйных паведамленьняў пра прэтэнзіі да якасьці і бясьпекі беларускай харчовай прадукцыі не паступала. Дэпартамэнт на запыт украінскіх калегаў ад 24 лютага падрабязна праінфармаваў іх аб праведзеных у Гарадзенскай вобласьці рэгіянальных вучэньнях дзяржаўнай вэтэрынарнай службы па пытаньнях недапушчэньня заносу і распаўсюду афрыканскай чумы сьвіней. Ніякіх дадатковых зьвестак украінцы не запытвалі, падкрэсьлілі ў Дэпартамэнце.

Раней прадстаўнік Дзяржаўнай вэтэрынарнай і фітасанітарнай службы Ўкраіны Анатоль Асадчы сказаў Радыё Свабода:

«Што тычыцца сьвініны, то, зразумела, нас адказ Піваварчыка — вашага галоўнага вэтэрынарнага інспэктара — не задавальняе. Таму што падчас вучэньняў не зьнішчаецца пагалоўе ў прыватных гаспадарках. Мы цудоўна разумеем сапраўдныя прычыны зьнішчэньня, а нам намагаюцца павесіць, прабачце, локшыну на вушы. Правялі вучэньне і зьнішчылі пагалоўе з прыватных гаспадарак. Ну вы што, хлопцы? Мы дасылаем афіцыйны запыт, і нам на афіцыйным узроўні пачынаюць, кажучы ўкраінскай мовай, „клеїти дурня“. Тым больш з улікам адкрытасьці вашых межаў з Расеяй, калі ні нагляду, нічога няма, ідзе свабоднае перамяшчэньне тавараў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG