Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павольная сьмерць беларускіх цымбалаў


Напэўна, для большасьці сёньняшніх беларусаў горад Барысаў асацыюецца з футбольным клюбам БАТЭ. Для некага, магчыма, з жахлівымі барысаўскімі запалкамі, якія не зусім адпавядаюць сваёй назьве. Запальваюцца, як бэнгальскія агні. Нехта, магчыма, ведае і любіць Барысаў за макароны «Барымак». Але ёсьць велізарная супольнасьць людзей, як правіла культурных, для каго горад Барысаў асацыюецца з самай высокай сфэрай. З музыкай.

Кагосьці ў дзяцінстве бацькі прымушалі граць гамы на купленым піяніна, як правіла — піяніна «Беларусь». Хтосьці ў юнацтве, каб скарыць дзявочае сэрца, развучваў гітарныя акорды. Як правіла, на барысаўскай гітары. А нехта, магчыма, упершыню адчуў сябе беларусам, пачуўшы гукі цымбалаў. Якія на ўсёй плянэце рабіліся ў прамысловых маштабах толькі ў Барысаве.

Недалёка ад барысаўскага вакзалу, на пустыннай, засьнежанай прамысловай вуліцы стаіць даўжэзны, мэтраў 200 у даўжыню, змрочны будынак з павыбіванымі дзе-нідзе шыбамі. Гледзячы на гэтую шэрую нежывую спаруду, немагчыма адразу здагадацца, што за дом прыціх. А між тым гэта галоўны корпус фабрыкі музычных інструмэнтаў. Мой спадарожнік, нешматслоўны, заглыблены ў сябе немалады чалавек, — настройшчык Аляксандар Дзімітрыеў, які аддаў фабрыцы без малога трыццаць гадоў. Ён ня надта любіць гэты маршрут. Лішні раз глядзець у мёртвыя вокны радасьці мала.

— Вунь наверсе быў зборачны цэх. А ўнізе ўсталёўвалі мэханіку. Вунь у тым маленькім корпусе зьбіраліся дэталі на піяніна.

— Колькі гадоў аддадзена гэтым сьценам…

— Нейкі жаль ёсьць. Усё скончылася. Бачыце, вокны павыбіваныя? А ўсё было застаўлена піянінамі.

Мы ідзем у госьці да двух барысаўскіх майстроў, Генадзя Ленартовіча і Аляксандра Працько. Спадар Генадзь, бадзёры, маладжавы мужчына, разьліваючы чай, з гонарам згадвае былыя посьпехі Барысаўскай музычнай фабрыкі.

— Па ўсёй Эўропе былі нашы інструмэнты. Усе скандынаўскія, Гішпанія, Партугалія, Грэцыя. У Расею мала адпраўлялі. Бо там сваіх дзясятка паўтара фабрык.

— Беларускія піяніна адпраўлялі ў Скандынавію?

— А чаму не? Швэцыя, Нарвэгія, Фінляндыя. Туды ішло вельмі многа. А што цяпер гаварыць? Гэтага ўжо няма і ня будзе.

У сярэдзіне 90-х, як кажуць мае суразмоўцы, фабрыка яшчэ працавала. Асноўны тавар, піяніна, па-ранейшаму прадаваўся за валюту. Але тая валюта вярталася не на рахунак фабрыкі, а ў дзяржбюджэт. Вымываліся абаротныя сродкі. Падала як колькасьць, так і якасьць асартымэнту. За дзесяць гадоў перад закрыцьцём фабрыка памяняла дзесяць дырэктараў. Але галоўную бяду пан Генадзь бачыць не ў бяздарным кіраўніцтве.
У свой час не было ніводнага дня, каб нехта не прыходзіў на фабрыку і не купляў піяніна.

— У свой час не было ніводнага дня, каб нехта не прыходзіў на фабрыку і не купляў піяніна. Восемдзесят піяніна ў дзень рабілі, і на складах не ляжалі. З Жодзіна, з Барысава, з Лагойску нехта купляў піяніна. Сабе. А пачынаючы з 94-га мы забыліся пра гэта. Што нехта прыходзіць, для сябе купляе інструмэнт. І пайшло. Школы не купляюць. Музычныя школы не купляюць. Вучылішчы не купляюць. Асабіста сабе ніхто не купляе, стараюцца за 50 баксаў набыць бэушнае. І ўсё. І нават калі сёньня адкрыем фабрыку, яна ізноў народзіцца мёртвай. Зараз пазваніце ў любую школу і спытайце: «Вам трэба інструмэнт?» — «Так, так. Трэба цымбалы, трэба баяны, трэба скрыпкі». — «А грошы ёсьць?» — «Няма».

Як у сёньняшніх умовах выжываюць музычныя школы, я ведаю добра. Дзяцей, спакушаных кампутарнымі гульнямі і віртуальнай рэальнасьцю, усё менш цягне да заняткаў музыкай.

— І купяць дзіцяці мабільнік, ноўтбук, нейкія ролікі. Але ніколі ня купяць добры інструмэнт. Памяняўся мэнталітэт. І гэта самая важная праблема. Заўтра б кранулася, мы б нажоўкай выпілавалі б гэтыя цымбалы.

Унікальны калектыў, дзе ў лепшыя часы рабіла дзьве тысячы чалавек, даўно распушчаны. Большасьць на пэнсіі. Нехта працуе кандуктарам, нехта зьехаў. Мае суразмоўцы настройваюць раялі. Але ня толькі.

— Калі фабрыку закрылі, звоніць мне дырэктар былы. «У цябе ёсьць цымбалы гатовыя?» — «Адкуль у мяне могуць быць гатовыя цымбалы?» — «Вось на Амэрыку хочуць купіць. Дыяспара. Дзе дастаць?» — «Як дастаць? Зрабіць». І вось мы ў траўні 2006-га году, калі фабрыка год не працавала, без вэнтыляцыі, без паветра…

— А ці рэальна зрабіць цымбалы ў хатніх умовах?

— Ён робіць. У хатніх умовах.

Аляксандар Працько — чалавек у размове спакойны, грунтоўны. З такой жа грунтоўнасьцю, напэўна, ён робіць галоўны беларускі інструмэнт.

— Цымбалы ўміраюць. Я маю на ўвазе, што паміраюць самі інструмэнты. У нас проста няма іншага выйсьця, як толькі рабіць іх. Ці памрэ нацыянальны інструмэнт, ці некаму яго трэба рабіць. Мы вымушаныя былі зьмяніць канструкцыю, каб была магчымасьць іх рабіць у тых умовах, у якіх мы сёньня знаходзімся. У старой канструкцыі быў станок-шыпарэз. У хатніх умовах такога не зрабіць.

— Каб вы зрабілі цымбалы, колькі яны будуць па сабекошце?

— На сёньняшні дзень яны каштуюць 600 даляраў. Менш — ніяк. І то мы не выкарыстоўваем рэзананс. У Беларусі яго няма.

— Рэзанансу няма ў Беларусі?

— Не расьце такая яліна. Яна расьце на Кольскай паўвысьпе, у Сыбіры. Там яна за год больш чым на мілімэтар не нарастае. А нашага нарастае на пяць мілімэтраў.

— З нашай ёлкі атрымліваецца добрая мэбля. І дровы някепскія.

Памятаеце, якія шыкоўныя машыны езьдзілі гадоў 20-30 таму назад? Усе гэтыя «Жыгулі» з «Масквічамі». А цяпер уявіце гэтыя самыя экзэмпляры на сёньняшніх вуліцах. Жахліва? Але з музычным, так бы мовіць, паркам краіны адбываецца тое самае. Усе школы, музычныя вучэльні, самадзейныя калектывы граюць і дабіваюць старыя інструмэнты. Зрэшты, найбольш старыя і каштоўныя інструмэнты Барысаўскай фабрыкі ніколі не апынуцца на сьметніку.

— Быў музэй фабрыкі.

— Піяніна, гітары, цымбалы…

— Усе мадэлі піяніна, пачынаючы з 1935-га году.

— І дзе гэта ўсё?

— А пасьля гэты музэй распрадалі. Начальнікі цэхаў пакуплялі піяніна па дзесяць баксаў. А мадэлі былі ад першай да апошняй.
А пасьля гэты музэй распрадалі. Начальнікі цэхаў пакуплялі піяніна па дзесяць баксаў.

— Чаму ніхто не пратэставаў?

— Каму і перад кім?

— А ці ёсьць каму перадаць свае веды і сваё ўменьне?

— Вось мне 57 гадоў. Я адзін з самых маладых. А далей што будзе?

— А што будзе далей?

— А тое і будзе.

— Нядоўга ж засталося. Да 14-га году. Наступны канец сьвету.

— У 14-м чэмпіянат сьвету па хакеі.

— А, значыць, ізноў перанясуць.

— Сьвятла ў канцы тунэля не відаць. Там Жыновіч, напэўна, пераварочваецца ў труне. Праклінаючы, што ён да такога ўзроўню падняў наш інструмэнт. Такая школа, такая база. З цудоўнымі выкладчыкамі. Такі аркестар. І інструмэнтаў няма.

— Вы б маглі жыць толькі з вырабу цымбал?

— Праблемы збыту могуць быць.

— У 80-я гады фабрыка выпускала сто цымбал у месяц. І каштавалі яны 80 рублёў. І патрэба была. Мы ж яго нікуды не прадавалі. Гэта беларускі інструмэнт. Ва ўсіх школах былі цымбальныя аркестры, у любым клюбе быў цымбальны калектыў. Гэта быў бум. Цяпер вось гэта ўсё ламачча, якое захавалася з тых часоў, яно і круціцца. Мы б утраіх, калі б было абсталяваньне, 15 інструмэнтаў зрабілі б у месяц. Гучных, добрых. І болей іх ня трэба.

Цяжка ўявіць Расею, дзе б спынілі выраб балалаек і домраў. Яшчэ цяжэй убачыць Гішпанію без гітары. Як гэта ні фантастычна гучыць, але Беларусь сапраўды можа застацца без свайго ўнікальнага струннага голасу. Барысаўскую фабрыку ў тым унівэрсальным выглядзе, напэўна, ужо не адрадзіць. Але гэтыя людзі, пакуль жывыя і здаровыя, павінны мець як вучняў, так і матэрыялы, ад мэханікі да рэзананснай яліны. Зрэшты, тыя, ад каго гэта залежыць, напэўна, таксама падселі на кампутарныя гульні…

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG