Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як уратаваць Крэўскі замак?


Крэўскі замак, архіўныя фотаздымкі
Крэўскі замак, архіўныя фотаздымкі

Гарадзенскі аблвыканкам разгледзеў пытаньне: «Як правільна праводзіць працы па захаваньні ад разбурэньня помнікаў архітэктуры».

Праблема іхняга разбурэньня застаецца надзённай. У прыватнасьці, па-ранейшаму турбуе стан руінаў Крэўскага замку, які сёлета ўключаны ў праграму «Замкі Беларусі».

Афіцыйная прэса паведамляе, што ўладу зацікавілі адмоўныя прыклады захаваньня помнікаў ад далейшага разбурэньня: «Пытаньне ўзьнікла пасьля таго, як Смаргонскі райвыканкам паспрабаваў зрабіць такія працы на Крэўскім замку самастойна».

Начальнік аддзелу льтуры Смаргонскага райвыканкаму Тацяна Ражава удакладняе сытуацыю:

«Смаргонскі райвыканкам ніякіх самастойных працаў на Крэўскім замку не рабіў. Ня ведаю, адкуль пайшла гэтая інфармацыя. Гэтыя працы, маецца на ўвазе з дошак — першыя супрацьаварыйныя накрыўкі, рабіў не райвыканкам, а валянтэрскі летнік пад эгідай мясцовага фонду „Крэўскі замак“. Але на гэтыя працы фонд меў дазвол ад Міністэрства культуры. Вядома, зь цягам часу яны разбурыліся, прыйшлі ў заняпад, і трэба цяпер іх здымаць, гэтыя накрыўкі, яны сваёй ролі ўжо не выконваюць».

Тацяна Ражава зьвяртае ўвагу на тое, што замак патрабуе найперш супрацьаварыйных захадаў:

«Я ва ўпраўленьне культуры даслала сваё бачаньне таго, што трэба рабіць. Канечне, Крэўскі замак — гэта занадта сур’ёзны аб’ект, каб там можна было штосьці рабіць дылетанцкім спосабам. Потым, кансэрвацыя — гэта адно, а першачарговыя супрацьаварыйныя працы — гэта зусім іншае. Паводле закону аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, на гэтыя працы нават і дазвол Міністэрства культуры не заўсёды патрэбны. Таму тут ніякага парушэньня заканадаўства не было. Фонд „Крэўскі замак“ хацеў як лепей, а атрымалася тое, што атрымалася».

Начальнік упраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі ў Міністэрстве культуры Ігар Чарняўскі:

Крэўскі замак (сёньня — у Смаргонскім раёне Гарадзенскай вобласьці, непадалёк ад мяжы зь Літвой) быў пабудаваны пасьля 1338 году пры ўдзеле вялікага князя Гедыміна і ягонага сына Альгерда. У 1503–1506 гадах яго моцна разбурыла татарскае войска. Вельмі істотна ацалелая частка была пашкоджана падчас Першай усясьветнай вайны. Польскія ўлады ў 1929 годзе правялі кансэрвацыю помніка.
«Мы ня так даўно сустракаліся са смаргонскімі ўладамі, абмеркавалі падыходы да гэтых працаў. Зараз трэба вызначыцца па падраднай праектнай арганізацыі, падрыхтаваць праектную прапанову. Таму што больш упадзе камянёў з Крэўскага замку ці менш, гэта ўжо няважна, бо столькі ўпала... Можна было б аднавіць Княскую вежу, на гэта дастаткова ёсьць матэрыялаў, але для гэтага трэба яшчэ правесьці вялікія працы дасьледчыя, археалёгію, умацаваць канструкцыі. Таму я, калі мы абмяркоўвалі, прапаноўваў два варыянты: максымум — гэта аднавіць, мінімум — перакрыць дзесьці на ўзроўні трэцяга яруса ўнутраным дахам і арганізаваць у першым ярусе і часткова другім — музэйную экспазыцыю».

На гэта спатрэбіцца тры-чатыры гады, мяркуе Ігар Чарняўскі. Хто будзе праектантам, павінна вырашыцца на падставе тэндэру да канца сакавіка. Начальнік аддзелу культуры Смаргонскага райвыканкаму Тацяна Ражава зазначае:

«Больш за тое, скажу, што мы будзем настойваць на тым, каб першачарговыя супрацьаварыйныя працы вяліся паралельна з праектаваньнем. Каб, шчыра кажучы, пакуль мы будзем рабіць праект, не разбурыўся замак зусім».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG